Дзмітрый Мікалаевіч Саннікаў

Дзмітрый Мікалаевіч Саннікаў[1] (руск.: Дмитрий Санников; 22 верасня 1902, Віцебск — пасля 1928) — беларускі і расійскі мастак, графік.

Дзмітрый Мікалаевіч Саннікаў
Фатаграфія
Дата нараджэння 22 верасня 1902(1902-09-22)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1928
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, графік
Жанр авангард, футурызм, кубізм і супрэматызм
Вучоба
Мастацкі кірунак кубізм, футурызм і супрэматызм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 22 верасня 1902 года ў Віцебску. З 1919 па 1922 год Дзмітрый Мікалаевіч атрымліваў мастацкую адукацыю ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы (ВНМУ). Да і падчас вучобы там Саннікаў працаваў канторшчыкам губернскага зямельнага аддзела, тэлеграфістам на чыгунцы, у сістэме воднага транспарту. Аднак, скончыўшы тры курсы ВНМУ, ён вырашыў звязаць сваё жыццё з мастацтвам.

У той час вучылішча ўяўляла сабой найбольш перадавую навучальную ўстанову ў Расіі. Дзякуючы дзейнасці ВНХУ з дня яго заснавання ў 1919 годзе і да сярэдзіны 1920 — х гадоў Віцебск быў адным з цэнтраў сусветнага мастацкага авангарду. Шмат у чым дзейнасць гэтай навучальнай установы дала штуршок да далейшага развіцця многіх авангардных напрамкаў у мастацтве, у прыватнасці, супрэматызму і канструктывізму. У сценах гэтай навучальнай установы адначасова вялі выкладчыцкую дзейнасць такія прызнаныя майстры як Юдаль Пэн, Марк Шагал, Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева і інш.

Дзмітрый Саннікаў, згодна з яго анкетай, запоўненай 28 студзеня 1921 года, праходзіў у Віцебскім вучылішчы курс кубізму. Яго настаўнікамі былі Казімір Малевіч і Вера Ермалаева. Самыя вядомыя з прац Саннікава, якія дайшлі да нас, адносяцца да гэтага перыяду. Яны выкананы менавіта ў кубістычнай манеры, пры гэтым валодаюць выяўленымі рысамі індывідуальнага стылю аўтара, іх нельга называць вучнёўскімі копіямі карцін. Для работ Саннікава характэрныя амаль чарцёжная дакладнасць малюнка, яго лінейная вытрыманасць, узбагачаныя разнастайнасцю элементаў і лёгкасцю прасторавых пабудоў. Галоўныя яго працы: «Кубістычная кампазіцыя», (1921), «Тэлефон» (1922), «Нацюрморт (карты)», шэраг работ з назвай «Кампазіцыя» (усе 1920-е).

У 1920 годзе па ініцыятыве Малевіча ў сценах Віцебскага мастацкага вучылішча сфармавалася мастацкае аб’яднанне УНОВИС («Утвердители новага мастацтва»). Яно было створана з мэтай прасоўвання ў масы ідэй і практык так званага «новага мастацтва». Застаючыся вучнямі і студэнтамі Малевіча, многія члены УНОВИС супрацоўнічалі з ім на роўных, развіваючы ўласны стыль і актыўна прымаючы ўдзел у культурным жыцці Віцебска і Расіі ў цэлым. У 1922 годзе ВНХУ было расфармавана па ініцыятыве ўладаў. Большасць членаў УНОВИС вымушаныя былі пераехаць у Петраград услед за Малевічам. Саннікаў, скончыўшы толькі тры курсы ВНХУ, таксама з’ехаў з Віцебска. У кастрычніку 1922 года ён быў залічаны на агульны курс былой Акадэміі мастацтваў у Петраградзе. Затым, у снежні 1923 года ён быў пераведзены на першы курс паліграфічнага факультэта, дзе атрымліваў спецыяльнасць кніжнага графіка. У 1924 годзе Саннікаў нават быў членам прадметнай камісіі паліграфічнага факультэта. Аднак яму не ўдалося скончыць навучанне і 24 верасня 1925 года ён быў выключаны са спісу студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

 
Кубічная кампазіцыя. 1921.

У 1924—1926 гадах Саннікаў вёў актыўную навуковую і практычную дзейнасць у Ленінградскім дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры (ГИНХУКе). Асновай творчага калектыву гэтай установы стала група Малевіча, якая прыбыла з Віцебска, часткай якой быў і Саннікаў. У Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва Санкт-Пецярбурга (ЦГАЛИ) захаваўся пратакол занятка, які праходзіў у ГИНХУКе 12 лютага 1924 года, на якім Малевіч разбіраў футурыстычную кампазіцыю Саннікава. Яе ён прыводзіў як прыклад светлавога рашэння ў футурызме і на ёй паказваў розніцу з імпрэсіянісцкім разуменнем святла. ГИНХУК, як самастойнае і творча незалежная даследчая ўстанова, праіснаваў да 1926 года.

У Ленінградзе Саннікаў таксама працаваў кіраўніком гуртка выяўленчых мастацтваў Васілеастроўскага і Выбаргскага дамоў асветы. За сваю грамадскую дзейнасць ён быў адзначаны часопісам «Жыццё мастацтва» (№ 40 за 5 кастрычніка 1926 года). У 1926 годзе мастак быў прызваны ў Чырвоную Армію.

Звестак аб далейшай дзейнасці і жыцці Дзмітрыя Мікалаевіча Саннікава вельмі мала. Аб яго творах пасля сярэдзіны 1920-х гадоў вядома толькі з успамінаў мастака К. І. Раждзественскага (1906—1997): «Працаваў дома; прыносіў свой жывапіс для гутаркі з К. С. (*Малевічам). Выразныя „беловеронезные“ гамы футурыстычных рытмаў. Адно палатно „Кінаапарат“ Малевіч пакінуў сабе і павесіў у сваім кабінеце».

Апошняе сведчанне аб Саннікаве сустракаецца ў дзённіку мастака-авангардыста Льва Аляксандравіча Юдзіна (1903—1941) і датуецца лютым 1928 года.

Творы мастака захоўваюцца ў Вяцкім мастацкім музеі імя А. М. і В. М. Васняцова.

Зноскі

  1. Дмитрий Санников Архівавана 11 сакавіка 2022. // Арт-Беларусь