Дзмітрый Пятровіч Булахаў

Дзмітрый Пятровіч Булахаў (1959, Мінск — 8 верасня 2006) — беларускі палітык, Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Дзмітрый Пятровіч Булахаў
Нараджэнне 1959
Смерць 8 верасня 2006(2006-09-08)
Месца пахавання
Адукацыя
Дзейнасць юрыст, палітык
Узнагароды
Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску.

Працоўную дзейнасць пачаў рабочым на швейнай фабрыцы Магілёва. У 1980—1984 гадах вучыўся ў Мінскай вышэйшай школе МУС СССР. Пасля яе заканчэння працаваў следчым, затым — старшым следчым у Магілёўскім абласным упраўленні ўнутраных спраў.

У сакавіку 1990 года абраны народным дэпутатам у Вярхоўны Савет Беларусі, а праз тры месяцы, на першай сесіі Вярхоўнага Савета ўзначаліў Камісію ВС па заканадаўстве і аўтаматычна стаў членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

На пачатку студзеня 1992 года на дарозе Мінск — Магілёў Булахаў, кіруючы службовай «Волгай», насмерць збіў жанчыну. У МУС вырашылі не ўзбуджаць крымінальнай справы, патлумачыўшы, што віны кіроўцы не было.

У кастрычніку 1992 года Булахаў выступіў за адмову ад правядзення ініцыяванага Беларускім народным фронтам рэферэндуму пра датэрміновыя выбары Вярхоўнага Савета паводле новага закона. У 1993 годзе сказаў, што «Незалежнасць — не ёсць ікона, на якую трэба маліцца». Увосень 1993 года, на фоне абвастрэння эканамічнай сітуацыі выступіў па тэлебачанні з падтрымкай прэм’ера Вячаслава Кебіча і рэзкай крытыкай БНФ. У студзені 1994 года Булахаў паспрыяў адстаўцы Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савета, у лютым падтрымаў увядзенне прэзідэнцтва, а ў сакавіку, разам з парламенцкай большасцю, дамогся як найхутчэйшага правядзення прэзідэнцкіх выбараў — перад тым, як адбудуцца парламенцкія.

У красавіку 1994 года Булахаў узначаліў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Журналіст і палітык Сяргей Навумчык пераказаў меркаваныя планы Дзмітрыя Булахава і Віктара Ганчара, паводле якіх пасля выбараў апошні меў быць прызначаны прэм’ерам, а Булахаў — старшынёй Канстытуцыйнага Суда; затым, калі пасля абвінавачванняў у парушэннях Канстытуцыі Лукашэнка адхіляецца ад улады, Ганчар абіраецца прэзідэнтам, а Булахаў узначальвае Вярхоўны Савет[1].

Адразу пасля інаўгурацыі, у ліпені 1994 года, новаабраны прэзідэнт А. Лукашэнка вылучыў Дз. Булахава на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, але прапанова не набрала дастатковай колькасці галасоў дэпутатаў.

У 1995 годзе Булахаў скептычна выказаўся пра ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, затым прадстаўляў Вярхоўны Савет 12-га склікання, які ўвайшоў у канфлікт з Лукашэнкам, у Канстытуцыйным Судзе. Ён не быў абраны ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, увосень 1996 года надрукаваў у прэсе «Ліст да бацькоў», дзе тлумачыў, чаму нельга падтрымліваць Лукашэнку. Далей на некалькі гадоў яго імя знікла з газетных палос, згадвалася, што ён спрабаваў сябе ў бізнесе.

З 31 сакавіка[2] да 16 чэрвеня 2000 года[3] працаваў пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры статутных і іншых органах СНД. Пазней займаў пасаду першага намесніка старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД.

З 13 красавіка[4] да 8 верасня 2006 года працаваў памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Памёр ад сардэчнага прыступу раніцай 8 верасня 2006 года ў сваёй кватэры. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Навумчык С. Дзевяноста чацьверты. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. 350 с.: іл. ISBN 978-0-929849-70-6

Спасылкі правіць