Дзмітрый Уладзіміравіч Кубараў

Дзмітрый Уладзіміравіч Кубараў (нар. 15 кастрычніка 1995) — беларускі UX/UI дызайнер, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Дзмітрый Уладзіміравіч Кубараў
Род дзейнасці дызайнер, палітычны вязень
Дата нараджэння 15 кастрычніка 1995(1995-10-15) (28 гадоў)
Грамадзянства

Біяграфія правіць

Жыў разам з маці Ірынай у Крычаве, адкуль паехаў вучыцца на дызайнэра сайтаў ў Мінск. Спрабаваў атрымаць спецыяльнасць у некалькіх ВНУ, з якіх сыходзіў праз незадаволенасць якасцю адукацыі, у выніку адвучыўся на прыватных IT-курсах.

Палітычны пераслед правіць

Кубараў быў затрыманы 11 жніўня 2020 на акцыі пратэсту і дастаўлены ў СІЗА КДБ, у ноч з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. Пазней на судзе ён засведчыў, што затрыманне адбавалася жорстка і гвалтоўна, а яўку ён падпісаў пад прымусам і катаваннямі[1]. Вядома, што скаргі па фактах збіцця і катаванняў Кубарава за яго ў СІЗА КДБ пісаў Віктар Бабарыка, бо «гэтак былі зьбітыя пальцы, што не трымаў асадку, і сядзець нармальна ня мог»[2]. Спачатку Дзмітрыю выставілі абвінавачванне па ч.2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках), але пазней перакваліфікавалі на першую частку гэтага ж артыкула (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Праз месяц у СІЗА КДБ быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, дзе ў карцары сустрэў сваё 25-годзе[2].

4 верасня 2020 года восем беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, апублікавалі супольную заяву, у якой прызналі Дзмітрыя Кубарава палітычным зняволеным, таксама было адзначана, што «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[3].

14 снежня 2020 сімвалічным хросным Дзмітрыя Кубарава стаў дэпутат Бундэстагу Матэрн фон Маршал  (англ.)[4].

12 сакавіка 2021 ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска суддзя Дзмітрый Лукашэвіч пачаў разгляд крымінальнай справы ў адносінах да Дзмітрыя Кубарава, абвінавачванне прадстаўляла памочніца пракурора Аліна Касьянчык, якая раней была дзяржабвінаваўцай на некалькіх палітычна матываваных крымінальных працэсах, у прыватнасці, па справе журналістак Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай. Згодна з пазіцыяй Касьянчык, Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і афлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках, сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх: блакаваў транспартныя камунікацыі, «кідаў дошкі, палкі, піратэхнічныя вырабы, распыляў слёзатачывы газ, будаваў барыкады з дапамогай калясак», таксама Дзмітрыю ставіліся ў віну намеры вырабіць кактэйль Молатава[5].

Сам Кубараў не адмаўляў свайго ўдзелу ў акцыях 10 і 11 жніўня, але сцвярджаў, што дапамагаў пратэстоўцам, прамываў вочы і раны пасля атак сілавікоў. На акцыю 11 жніўня ён надзеў шчыткі і ўзяў з сабой на акцыю рупар, падчас акцыі ўдзельнічаў у перакрыцці дарогі. Абвінавачванне ў арганізацыі Кубараў не прызнаў, патлумачыў, чаму ён запісаў відэа, на якім ён сам называе сябе каардынатарам: у адным з тэлеграм-чатаў з ім звязалася дзяўчына, якая паведаміла, што яна з Масквы і гатовая пералічыць грошы на дапамогу пратэстоўцам, але дзеля гэтага Кубараву варта было запісаць відэа і сказаць на ім, што ён каардынатар, што ён зрабіў. Пасля яму было пералічана 20000 рублёў, якія ён хацеў патраціць на ваду і медыкаменты, але ў выніку ён нічога не паспеў набыць, бо быў затрыманы[5].

Па кактэйлях Молатава Кубараў патлумачыў, што на акцыі ён разгаварыўся з чалавекам, які меў інгрэдыенты (каністры растваральніка) для вырабу кактэйляў, і Кубараў спецыяльна прапанаваў забраць сабе інгрэдыенты, каб затым пазбавіцца іх, бо не ўхваляў выкарыстанне «кактэйляў», але не паспеў выліць растваральнік, бо каністры былі закрыты «дзіўнымі пробкамі», якія ён не змог адчыніць[5].

22 сакавіка памочніца пракурора Аліна Касьянчык запрасіла для Кубарава прысуд у сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама падтрымала пазоў на матэрыяльную кампенсацыю за шкоду, нанесеную «Мінсктрансу» за перыяд 9-12 жніўня 2020 года ў памеры 69 тысяч рублёў, нягледзячы на тое, што гэта сума датычыцца падзей ва ўсім горадзе, а вызначэнне шкоды, нанесенай менавіта Кубаравым фактычна немагчыма (што было зацверджана адпаведным дакументам у матэрыялах справы)[6].

24 сакавіка суддзя Лукашэвіч вынес прысуд Кубараву, у якім прызнаў яго вінаватым і пастанавіў прызначыць 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму (менавіта такое пакаранне, як запрасіла напярэдадні Касьянчык)[7].

У чэрвені 2021 быў запланаваны разгляд апеляцыйнай скаргі Кубарава, але 18 чэрвеня стала вядома, што супраць Кубарава завялі яшчэ адну крымінальную справу: следчыя «забылі» выставіць абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу (Дзеянні з прадметамі, учыненне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў). Праз гэта Кубараў быў пераведзены з жодзінскага ізалятару зноў у СІЗА № 1 у Мінску[8].

З канца жніўня па сярэдзіну верасня 2021 у судзе Фрунзенскага раёна асобна разглядаўся матэрыяльны пазоў да Кубарава ад «Мінсктранса». Сам Кубараў на суд не быў дастаўлены, таксама не была забяспечана яго яўка праз відэасувязь, яго інтарэсы на судзе прадстаўляў адвакат. Юрысты перапрацавалі пазоўны акт да Кубарава і у выніку на думку «Мінсктранса» з Кубарава павінны былі спагнаць больш за 45 тысяч рублёў за тое, што ён спыніў грамадскі транспарт на 107 маршрутах. Гэты пазоў быў падтрыманы ранейшым прысудам Кубарава, дзе яго прызналі арганізатарам масавых беспарадкаў, таму юркансультант прадпрыемства заявіла, што «Кубараў арганізаваў блакіроўку руху на ўсіх 107 маршрутах па ўсім Мінску», а пракурор Раман Прановіч прапанаваў Кубараву самому спаганяць суму з астатніх «невысвятленых асобаў», якіх прызнаюць вінаватымі па гэтым эпізодзе. У выніку, суддзя Інэса Курко пастанавіла спагнаць з палітвязня Дзмітрыя Кубарава на карысць «Мінсктранса» больш чым 45 тысяч рублёў. Кубараў стаў першым з ліку тых, з каго ў грамадзянскім парадку спагналі ўсю суму пазову, заяўленую «Мінсктрансам»[9].

Праз некалькі тыдняў, 27 верасня 2021, у судзе Завадскога раёна Мінска Кубараву вынеслі прысуд па яшчэ адной справе, распачатай на яго ў чэрвені 2021. Гэтым разам суддзя Жанна Хвайніцкая падтрымала запыт пракурора Аляксандра Кулакоўскага і асудзіла Кубарава на тры гады калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса РБ), на падставе таго, што Кубараў захоўваў ў кватэры сродкі для вырабу кактэйляў Молатава. З улікам першага прысуда, агульны тэрмін пакарання для Кубарава склаў 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кубараў на судзе адмовіўся даваць паказанні, таму зачытваліся тыя, якія ён даваў падчас следства[10].

У сярэдзіне студзеня 2022 стала вядома аб пераводзе Дзмітрыя з СІЗА-2 у папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.

5 мая 2022 новай хроснай Кубарава стала дэпутатка Бундэстагу Табеа Рёснер  (англ.), якая раней была хроснай палітвязня Аляксея Караткова, які адсядзеў прызначаны яму тэрмін; а Матэрн фон Маршал стаў ужо былым дэпутатам Бундэстагу[11].

Зноскі

  1. У Менску судзяць «арганізатара масавых закалотаў». Хлопец можа атрымаць 15 гадоў зняволення (бел.)
  2. а б «Дапамагаў бяздомным, зьвяртаўся да Лукашэнкі, сядзеў з Бабарыкам». Што вядома пра асуджанага на 7 гадоў за арганізацыю беспарадкаў (бел.)
  3. Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (бел.)
  4. Members of the European Parliament and German Bundestag take over godparenthood for Kasya Budzko, Dzmitry Kubarau and Viktar Shaura (англ.)
  5. а б в Пачаўся суд над палітвязнем Дзмітрыем Кубаравым. Яго лічаць арганізатарам масавых беспарадкаў (бел.)
  6. «Нават за гэтай клеткай лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут». Палітвязню Кубараву запрасілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму (бел.)
  7. Палітвязня Кубарава пакаралі 7 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму (бел.)
  8. Супраць палітвязня, асуджанага на 7 гадоў, завялі новую крымінальную справу (бел.)
  9. Больш за 45 тысяч рублёў — столькі павінен выплаціць 25-гадовы палітвязень за «блакіроўку дарог» на пратэстах у Мінску (бел.)
  10. Палітвязня Кубарава асудзілі яшчэ па адным артыкуле. Агульнае пакаранне — 8 гадоў узмоцненага рэжыму (бел.)
  11. Members of Parliament from Germany and France adopt political prisoners Dzmitry Kubarau, Ivan Andrushoits and Andrei Paheryla (англ.)

Спасылкі правіць