Палітыка Японіі

(Пасля перасылкі з Дзяржаўны лад Японіі)

Сённяшняя Японія — дэмакратычная канстытуцыйная манархія на чале з адзіным у свеце імператарам. Японія — унітарная краіна, дзеліцца на 47 прэфектур. Сучасная афіцыйная назва краіны — «Ніхон коку» або «Ніпон коку» (日本国).

Першая старонка арыгінала Канстытуцыі, 1946

Дзяржаўны лад правіць

Імператар правіць

Японія — канстытуцыйная манархія. Паводле Канстытуцыі 1947 года кіраўнік дзяржавы — імператар, які ў Канстытуцыі завецца "сімвалам Дзяржавы і еднасці народа". А перадусім, згодна з Канстытуцыяй, носьбітам суверэнітэту з'яўляецца японскі народ. Імператар, чые паўнамоцтвы сур'ёзна абмежаваны, ажыццяўляе дзяржаўныя справы па парадзе і з ухвалення кабінета міністраў, які нясе за іх адказнасць. У 1989 года пасля смерці імператара Хірахіта новым імператарам стаў яго сын Акіхіта. 8 жніўня 2016 Акіхіта афіцыйна заявіў аб намеры адрачыся ад прастолу на карысць свайго сына Нарухіта. Цырымонія адрачэння прайшла 30 красавіка 2019 года.

Заканадаўчая ўлада правіць

 
Імператар Акіхіта вітае прэм'ера Сіндза Абэ перад сумесным абедам з Баракам Абамам, 2014

Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць парламенту (яп. 国会, Какай), які складаецца з 2 палат: прадстаўнікоў (465 дэпутатаў) і саветнікаў (242 дэпутаты). Тэрмін паўнамоцтваў палаты прадстаўнікоў 4 гады, палаты саветнікаў — 6 гадоў (з перавыбраннем паловы складу кожныя 3 гады). У палату прадстаўнікоў выбіраецца 300 дэпутатаў ад 11 аднамандатных акруг і 200 ад партый па прапарцыянальнай сістэме, у палату саветнікаў — 152 дэпутаты ад 47 прэфектур і 100 па прапарцыянальнай сістэме ад усёй краіны. Квартаруецца Какай у такійскім раёне Тыёда, непадалёк ад Імператарскага палаца. Японскія выбаршчыкі маюць права галасаваць з 18 гадоў, галасаванне таемнае і свабоднае.

Выканаўчая і судовая ўлады правіць

Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм'ер-міністрам, якога са свайго складу выбірае парламент. Загад імператара зацвярджае прэм'ера на пасадзе. У сваю чаргу, прэм'ер-міністр прызначае ўсіх астатніх міністраў. Судовая ўлада складаецца з Вярхоўнага суда і судоў трох ніжэйшых узроўняў.

Палітыка Японіі правіць

Палітычныя партыі правіць

Сярод палітычных партый найбольшым даверам карыстаецца кансерватыўная Ліберальна-Дэмакратычная Партыя (ЛДП), што знаходзіцца ва ўладзе з 1955, за выняткам перапынкаў у 1993-94 і 2009-12 гг.. Па стане на лістапад 2017 ЛДП трымае 283 месцы ў ніжняй і 125 — у верхняй палатах парламента. Бягучы прэм'ер — Сіндза Абэ — таксама паўстаў з шыхтоў Ліберальна-Дэмакратычнай партыі. Апазіцыю вакол сябе гуртуе левацэнтрысцкая Канстытуцыйна-Дэмакратычная партыя.

Права і закон правіць

Што тычыцца гісторыі права, то да перыяду Эда японская юрысдыкцыя фармавалася пад моцным кітайскім ўплывам. З канца ХІХ стагоддзя Японія шукала ўласны шлях, але відавочна не змагла адмовіцца ад прагрэсіўных запазычанняў з еўрапейскага — асабліва германскага — права. Натхнёны германскім заканадаўствам Грамадзянскі кодэкс 1896 года з пасляваеннымі дапаўненнямі ляжыць у аснове сённяшняй прававой Японіі.

Знешняя палітыка правіць

Японія мае дыпламатычныя адносіны з большасцю краін свету і з'яўляецца актыўным удзельнікам ААН са снежня 1956 года. Японія ўваходзіць у склад Вялікай сямёркі, G20, АЭСР, а таксама рэгулярна абіраецца нясталым членам Савета Бяспекі ААН. На рэгіянальным узроўні ўваходзіць у АЦЭС, падтрымлівае фармат АСЕАН +3. Галоўным саюзнікам Японіі пасля другой сусветнай вайны сталі ЗША, якія застаюцца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Японіі, а амерыканскія ваенныя базы ахоўваюць бяспеку краіны ўзыходзячага сонца.

Тэрытарыяльныя спрэчкі правіць

Пасля другой сусветнай вайны Злучаным Штатам адышлі Паўночныя Марыянскія астравы, з чым Японія пагаджаецца. Затое занятыя ў 1945 савецкімі войскамі бліжэйшыя да Хакайда астравы Курыльскага архіпелагаКунашыр, Шыкатан, Ітуруп і града Хабамаі — лічыць сваімі. Аспрэчвае Японія і карэйскую прыпіску драбнюткіх скалістых астраўкоў Ліянкур (яп. Takeshima, кар. Dokdo) у Японскім моры. У 1972 Японія атрымала ў валоданне астравы Сенкаку на поўдні ад Рукю. На гэтыя астравы прэтэндуе Тайвань, і, натуральна, Кітай, які прэтэндуе на Тайвань.

Беларуска-японскія адносіны правіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй ўстаноўлены 26 студзеня 1992 года. З студзеня 1993 года функцыянуе Пасольства Японіі ў г.Мінску. У чэрвені 1995 года адкрыта Пасольства Беларусі ў г.Токіа. Трагічная роднаснасць дзвюх дзяржаў звязана з тым, што і Беларусь, і Японія моцна пацярпелі ад радыяцыі. Тым не менш за 27 гадоў, афіцыйныя сустрэчы адбываліся на ўзроўні максімум дэпутатаў парламентаў, саветнікаў і замміністраў замежных справаў.

У 1999 годзе адбыліся візіты ў Токіа беларускай урадавай дэлегацыі пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, а таксама дэлегацыі прадстаўнікоў дзелавых колаў нашай краіны для ўдзелу ў Канферэнцыі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і прыцягненню інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь на базе Японскай арганізацыі знешняга гандлю ДЖЭТРА. Развіваецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва.

У 2001 годзе па запрашэнні названай групы Японію наведала дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з Намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі М. А. Аўласевічам.

У чэрвені 2004 года была заснавана Асацыяцыя дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь Палаты прадстаўнікоў японскага парламента. Кіраўніком Асацыяцыі з'яўляецца дэпутат Е.Аона. У выніку парламенцкіх выбараў у Японіі ў жніўні 2009 года Е.Аона пераабраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў на чарговы тэрмін, ён таксама застаўся старшынёй Асацыяцыі дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь. У перыяд 8-9 кастрычніка 2007 года адбыўся візіт у г. Мінск Генеральнага дырэктара Бюро еўрапейскіх адносінаў МЗС Японіі Т.Харады. 22-24 кастрычніка 2009 арганізаваны візіт у Рэспубліку Беларусь Е.Аона, дэпутата Палаты прадстаўнікоў парламента Японіі, старшыні Асацыяцыя дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь.

Пачынаючы з 2000 года, праведзена сем раўндаў беларуска-японскіх кансультацый паміж МЗС, апошні з якіх адбыўся ў снежні 2009 года.

З кожным годам пашыраецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: на 2018 гэта Мінская вобласць — прэфектура Міягі, Магілёўская вобласць — прэфектура Осака, гарады Мінск і Сэндай, Шклоў і Таке, Нясвіж і Сіраісі).[1].

Традыцыйнымі экспартнымі таварамі Беларусі ў Японію з'яўляюцца калійныя ўгнаенні, шкловалакно, лазеры, прылады на вадкіх крышталях, дазіметры; імпартуе Беларусь абсталяванне для прамысловых прадпрыемстваў, запчасткі для аўтамабіляў, электроніку. Агульны тавараабарот у 2017 склаў 42 млн даляраў, са слабаадмоўным для Беларусі сальда (- 2,2 млн).[2]

У 2018 Беларускія візы атрымала каля 1100 японцаў, што стала рэкорднай колькасцю.

З верасня 2001 года ў рэгіёне Кансай акрэдытаваны Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь Т.Сінгу. З красавіка 2013 года ў рэгіёне Тахоку акрэдытаваны Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь М.Сасакі.[3]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел правіць

Японія падзяляецца на 47 прэфектур, кожная пад началам выбарнага губернатара, заканадаўчай і адміністрацыйнай бюракратыі. Кожная прэфектура дзеліцца на гарады, мястэчкі і вёскі. Сёння агламерацыйныя працэсы садзейнічаюць зліццю гарадоў у больш вялікія цэлыя, што змяншае колькасць адзінак на ніжэйшых узроўнях і скарачае бюракратычныя выдаткі.

Зноскі