Дублінскі рукапіс
Ду́блінскі ру́капіс — лацінскі зборнік другой паловы XIII ст. Уключае розныя творы на лацінскай мове: вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет Св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага , кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174 года, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невялікі геаграфічны трактат трэцяй чвэрці XIII ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геаграфічнае апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш.
Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амерыканскі вучоны М. Колкер. Захоўваецца ў бібліятэцы Англіканскага ўніверсітэта ў Дубліне (Ірландыя).
Белая Русь правіць
Трактат — храналагічна самая ранняя гістарычная крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй заходнюю частку тагачаснай Русі, гэта значыць тэрыторыю сучаснай Усходняй Беларусі.
Беларускі пераклад апублікаваны ў часопісе «Спадчына» (1993, № 6).
Літаратура правіць
- Дублінскі рукапіс. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).