Дэўзыра — мясцовы сорт рысу, які вырошчваюць пераважна ў Ферганскай даліне. Ужываюць для гатавання ўзбекскіх страў.

Рыс дэўзыра, чырвоная разнавіднасць
Рыс дэўзыра, белая разнавіднасць

Ёсць некалькі падвідаў дэўзыры:

  • Каракол-цірык — узорны сорт дэўзыры. Зерне даўгаватае, зверху рабрыстае, з чырвоным адценнем, буйное — 1000 шт. важаць 34-35 г. Пасля ўборкі з палёў гэты рыс складваюць неабмалочаным у ценю на некалькі гадоў, звычайна на два-тры, і некалькі разоў паліваюць вадою, каб ён набыў свой колер, спецыфічны пах і непаўторны смак, які, зрэшты, не ўсім падабаецца. Чым даўжэй такім чынам праляжыць дэўзыра, тым смачней і якасней яна лічыцца. Пры такім захоўванні зерне павялічваецца ў аб’ёме да 7 разоў. У прыгаршчах храбусціць.
  • Чунгара — вырошчваюць ў ваколіцах Каканда і Рыштана. Абсалютна белага колеру, мае характэрную для дэўзыры выцягнутую форму. Вытрымліваюць яе звычайна толькі некалькі месяцаў, ваду ўсмоктвае вельмі хутка, вырастае пры гэтым у памерах. Тлушч і алей усмоктвае не дужа моцна, у параўнанні з астатнімі відамі дэўзыры, таму плоў атрымоўваецца незвычайна лёгкім, амаль дыетычным. Гэты рыс добра падыходзіць для бахша і наогул кожнай узбекскай стравы з рысам.
  • Кара-калтак (кара-кілцірык) — вельмі цёмная дэўзыра, на кожным зерні пасля малацьбы застаецца палоска цёмна-карычневага колеру, гэта тычыцца і вытрыманых гатункаў. Часам яе вытрымліваюць да малацьбы да 5-ці гадоў, каб цалкам выпарыць вільгаць. Пасля гэтага рыс набывае вельмі моцныя вода- і тлушчапаглынальныя ўласцівасці. Патрабуе працяглага замочвання.
  • Дастсар-сарык — вырошчваюць пад Узгенам, горадам у Кыргызстане, дзе жывуць пераважна ўзбекі. Пудра цёмная, чырвона-карычневая. Зерне колеру цёмнага бурштыну, амаль празрыстае. Не вельмі якасны від дэўзыры — падыходзіць толькі для гатавання звычайнага ферганскага плову.

Літаратура правіць

  • Ганиев Х. Энциклопедия узбекской кухни. — М.: ЭКСМО, 2015. — 288 с. — ISBN 978-5-699-76669-7 — С. 15-16.