Жураўліны крык — аповесць беларускага пісьменніка Васіля Быкава, выдадзеная ў 1959 годзе. Апавядае пра жыццёвыя гісторыі шасці чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў старожцы на чыгуначным пераездзе, разам змагаліся, сябравалі, спрачаліся, пакутавалі, разважалі і загінулі ў баях з салдатамі Вермахта.

Жураўліны крык
Жанр аповесць
Аўтар Васіль Быкаў
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1959

Сюжэт правіць

Беларусь, Вялікая Айчынная вайна. Шэсць чырвонаармейцаў атрымалі загад прыкрыць адыход савецкага падраздзялення, затрымаць праціўніка на 24 гадзіны. Усе шасцёра — розныя людзі. Пшанічны — сын раскулачанага у часы калектывізацыі. Тое, што яго бацька — кулак, сапсавала яму ўсё жыццё, пазбавіла магчымасці атрымаць адукацыю, знайсці добрую працу, пабудаваць прымальнае жыццё. Пакрыўджаны на сталінскі рэжым, ён вырашае здацца ў палон і адпомсціць бальшавіцкай уладзе. Але надзеі не спраўдзіліся — фашысты адразу ж расстралялі нешчаслівага «добраахвотніка».

Другім гіне інтэлігент Фішар, вучоны, кандыдат мастацтвазнаўства, зусім не ваенны чалавек. Вялікіх намаганняў каштуе яму знішчэнне нямецкага салдата — першага і апошняга забітага ім у жыцці чалавека.

Ганарысты і самаўпэўнены Аўсееў, выпускнік ваеннага вучылішча, у адказны момант не вытрымлівае і ратуецца ўцёкамі, за што быў расстраляны сваім таварышам. Хітры і жулікаваты Свіст, хлопец з крымінальным мінулым, кідаецца на танк і падрывае яго коштам свайго жыцця. Пасля смерці ўсіх, у тым ліку камандзіра Карпенкі, застаецца толькі Глечык — адзін, без таварышаў, сам-насам з фашыстамі, з цвёрдым намерам прыняць смерць у баі.

Спасылкі правіць