Заморскі дэпартамент Францыі

Заморскі дэпартамент (фр.: département d’outre-mer, скарочана DOM) — дэпартамент Францыі, размешчаны па-за французскай метраполіі. Заморскія дэпартаменты маюць той жа палітычны статус, што і дэпартаменты метраполіі.

Паводле прынятай у 1946 годзе Канстытуцыі Чацвёртай Рэспублікі, французскія калоніі Гвадэлупа і Марцініка ў Карыбскім моры, Французская Гвіяна ў Паўднёвай Амерыцы і Рэюньён у Індыйскім акіяне былі вызначаны як заморскія дэпартаменты. З'яўляючыся неад'емнай часткай Францыі і Еўрапейскага саюза, заморскія дэпартаменты прадстаўлены ў Нацыянальным сходзе, Сенаце, Эканамічным і сацыяльным Савеце, выбіраюць членаў Еўрапейскага Парламента і выкарыстоўваюць еўра ў якасці валюты.

Заморская супольнасць Сен-П’ер і Мікелон была заморскім дэпартаментам з 1976 па 1985 год. Таксама з 1946 па 1962 гады статус заморскага дэпартамента меў Алжыр. Па выніках праведзенага 29 сакавіка 2009 года рэферэндуму, заморская супольнасць Маёта стала заморскім дэпартаментам 31 сакавіка 2011 года.

З 1982 года, у адпаведнасці з палітыкай дэцэнтралізацыі, якая праводзіцца французскім урадам, у заморскіх дэпартаментах выбіраюцца рэгіянальныя саветы, якія маюць паўнамоцтвы, аналагічныя саветам дэпартаментаў метраполіі. У выніку перагляду канстытуцыі, які адбыўся ў 2003 годзе, ў абарот быў уведзены тэрмін «заморскі рэгіён», аднак у рэчаіснасці заканадаўства не аддае перавагі аднаму з найменняў, і новы тэрмін практычна не выкарыстоўваецца ў французскіх СМІ.

Гл. таксама правіць