Змова Катыліны — спроба часткі старажытнарымскіх патрыцыяў і вершнікаў захапіць уладу ў 63 да н.э. На чале змовы стаяў Луцый Сергій Катыліна.

Цыцэрон выкрывае планы Катыліны 8 лістапада 63 да н.э.

У 60-я гады да н.э. у Рыме з'явілася значная колькасць патрыцыяў і вершнікаў, якія былі незадаволены становішчам. Шмат хто з іх удзельнічаў у грамадзянскіх войнах на баку Луцыя Карнелія Сулы і атрымаў землі і грошы ў час праскрыпцый. Але пасля смерці іх лідара яны хутка прамарнавалі сваю маёмасць і таму жадалі новага Сулу і новых грамадзянскіх войн.

Катыліна збіраў вакол сябе ветэранаў грамадзянскіх войн Сулы, а таксама моладзь. Ён абяцаў раздаць землі, грошы і высокія дзяржаўныя пасады сваім паплечнікам. Таксама ён абяцаў адмяніць ім усе абавязкі. Часам меркавалася, што ў змове ўдзельнічалі вядомыя палітыкі Марк Ліцыній Крас і Гай Юлій Цэзар.

Змоўшчыкі планавалі забіць консула Марка Тулія Цыцэрона, але яго папярэдзілі, і ён здолеў выратавацца. Шмат звестак пра змову Цыцэрону перадаў Квінт Курый, але ж у Цыцэрона не было доказаў намераў змоўшчыкаў. Цыцэрон атрымаў доказы ад амбасадараў гальскага племя алаброгаў, якім змоўшчыкі перадалі гарантыйныя лісты, каб заахвоціць іх удзельнічаць у змове. 8 лістапада Цыцэрон у сенаце вымавіў сваю першую выдатную прамову супраць Катыліны, якая мела велізарны поспех: Катыліна збег з Рыма. 15 лістапада сенат абвясціў Катыліну ворагам дзяржавы, і хутка супраць яго з паплечнікамі выйшлі рымскія войскі. 5 снежня па пастанове сената былі пакараны смерцю 5 змоўшчыкаў, а хутка апошнія паплечнікі Катыліны былі разбіты каля Пісторыі ў паўночнай Італіі.

За свае заслугі Цыцэрон атрымаў ганаровы тытул «бацька Бацькаўшчыны» (pater patriae).

Літаратура правіць