Кадыскія картэсы

Кадыскія картэсы — устаноўчы сход у Іспаніі падчас Іспанскай рэвалюцыі 1808—1814 гадоў. Скліканы 24 верасня 1810 года на востраве Ляон, 20 лютага 1811 г. перамясціліся ў Кадыс, функцыянавалі да 20 верасня 1813 года. Кадыскія картэсы прынялі шэраг важных рашэнняў, накіраваных на паглыбленне рэвалюцыі: у кастрычніку 1810 г. уведзены закон пра роўнасць паміж іспанцамі і лацінаамерыканцамі, устаноўлена свабода слова і друку, у жніўні 1811 г. выдадзены закон пра знішчэнне сеньярыяльных правоў і прывілеяў, у лютым 1813 г. была скасавана інквізіцыя і прыняты законы супраць рэлігійных ордэнаў; картэсы прыступілі да канфіскацыі і продажу царкоўных зямель і адмянілі шэраг падаткаў, якія спаганяліся ў карысць царквы; ліквідавалі цэхі і гільдыі і ўстанавілі свабоду гандлю паміж метраполіяй і амерыканскімі калоніямі. У цэлым заканадаўчая дзейнасць Кадыскіх картэсаў выражала галоўнымі патрабаванні буржуазнай рэвалюцыі. Аднак картэсы не здолелі ўзначаліць барацьбу народных мас супраць французскіх войскаў, якія ўварваліся ў Іспанію ў 1808 г., і сіл унутранай рэакцыі. Яны распаўсюджвалі сваю ўладу на невялікую (неакупіраваную) частку тэрыторыі Іспаніі. Картэсы не адважыліся канфіскаваць землі свецкіх феадалаў і перадаць іх сялянам. Самым сур'ёзным гістарычным актам Кадыскіх картэсаў было прыняцце Кадыскай канстытуцыі 1812 года.

Манумент Кадыскім Картэсам і Канстытуцыі 1812 года