Казіная воўна — тэкстыльны матэрыял, выраблены з поўсці свойскіх коз.

Ніткі з казінай воўны

Апісанне правіць

Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўжынёй 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Казіны пух — прамысловая сыравіна, найтанчэйшае валакно жывёльнага паходжання, якому ўласцівы высокія прадзільныя і валкоўныя якасці, лёгкасць, эластычнасць, адносная трываласць і малая цеплаправоднасць. З яго вырабляюць хусткі, ажурныя шалі «павуцінка», паланціны і інш. У сумесі з тонкай мерыносавай воўнай і ў чыстым выглядзе казіны пух можна выкарыстаць на выраб трыкатажу і фетру лепшых гатункаў. Для аднароднай паўтонкай воўны (махер) коз ангорскай пароды характэрна трываласць, пругкаць, люстрынавы бляск, эластычнасць.

Стрыжка правіць

 
Стрыжка казы
 
Стрыжка кашмірскай казы

Незадоўга да стрыжкі коз падрыхтоўваюць. Ім выдаляюць моцна забруджаныя ўчасткі поўсці з каўтунамі, лінялымі валасамі. Нарыхтоўшчыкі стрыгуць коз на асабістых гаспадарках або на фермерскіх прадпрыемствах. Стрыжку праводзяць ручнымі ці электрычнымі нажніцамі. Руно зразаюць каля скуры. Важна сачыць, каб яно было аднароднай даўжыні[1].

Пры ўважлівым доглядзе і дбайнай племянной працы праводзіць стрыжку коз можна два разы на год. Каб козы не захварэлі, іх трэба стрыгчы ў цёплае надвор’е, альбо даць ім цёплае памяшканне[1].

Нельга затрымліваць стрыжку коз. Гэта прывядзе да пагаршэння якасці воўны і страты пуху[1].

З буйных казлоў можна састрыгчы да 6 кг сыравіны ў год, гадавы настрыг з матак звычайна складае 1,5—2,5 кг[1].

Будова правіць

 
Рабочы на мангольскай фабрыцы працуе з казінай воўнай

Казіная поўсць па будове не падобная на авечую. У ёй ёсць пуховыя, пераходныя і восцевыя  (укр.) валокны[1]. Лускаваты пласт моцна злучаецца з коркавым, пры гэтым асобныя лускавінкі злучаныя адна з адной. Дзякуючы гэтаму казіная воўна валодае адмысловым бляскам, пругкасцю, эластычнасцю і трываласцю. Яе валокны нашмат трывалей валокнаў авечай. Казіная воўна згортваецца і прадзецца горш, чым авечая.

Віды казінай воўны правіць

 
Узор вязанай тканіны з махеру
 
Афарбаваная кашаміравая пража

Казіная воўна атрымліваецца з разнастайных парод свойскіх коз, пераважна шэрснага кірунку. Найлепшымі відамі казінай воўны з’яўляюцца воўна ангорскай казы  (руск.), званая таксама махерам, і воўна кашмірскай козы  (англ.)[2].

Выкарыстанне правіць

З казінай воўны вырабляюць розныя прадметы адзення, такія як: хусткі, кофты і світары  (бел. (тар.)), шкарпэткі, шалікі. Таксама з воўны вырабляюць дываны[1]. З больш якаснай сыравінай вырабляюць пражу. Грубейшыя віды поўсці выкарыстоўваюць у вытворчасці пэндзляў, шчотак, лямцавых вырабаў (напрыклад, валёнак, вусцілак) і нават рамянёў ГРМ[1].

Зноскі