Кампанентнае відэа

Кампанентнае відэа — спосаб асобнай перадачы каляровага відэа праз два і болей каналаў (кабеляў), пры якім асобныя складнікі відэасігналу нясуць розную інфармацыю аб каляровай выяве.

У першых кампанентных відэаінтэрфейсах, такіх як S-Video, колеравая паднясучая перадавалася асобна ад астатніх кампанентаў відэасігналу для змяньшэння скрыжаваных перашкодаў. У сучасных аналагавых інтэрфейсах ужываюцца тры больш каналаў для раздзельнай перадачы інфармацыі аб колеры выявы і сігналаў сінхранізацыі. Як і праз кампазітныя відэакабелі, праз кампанентныя не перадаецца гукавае суправаджэнне, для якога патрэбны асобны провад.

Паняцце таксама ўжываюць у фарматах відэазапісу, у якіх сігналы яркасці і колеравасці запісваюцца рознымі групамі відэагаловак на асобных дарожках. Такія фарматы, першым з якіх стаў Betacam, дазволілі палепшыць якасць выявы касетных відэамагнітафонаў да вяшчальных стандартаў[1].

Раздымы кампанентнага відэакабеля стандарта YPbPr

Гісторыя з’яўлення правіць

Першыя прафесійныя і пераважная большасць бытавых відэамагнітафонаў былі заснаваны на запісе кампазітнага відэасігнала ў зыходным ці нязначна мадыфікаваным выглядзе. Пры гэтым кампазітны відэасігнал паміж рознымі прыладамі перадаваўся праз кааксіяльны кабель, які ніяк не пагаршаў параметры запісанай выявы. Кампазітны прынцып запісу, які патрабуе пераносу спектру паднясучай у ніжэйшую частотную вобласць, у большасці касетных фарматаў прыводзіў да непазбежнага пагаршэння якасці выявы з-за скрыжаваных перашкодаў, якія ўзнікаюць у апаратуры ў працэсе раздзялення відэасігналу перед запісам на магнітную стужку і наступным адваротным змешванні. Павышэнне якасці касетных відэамагнітафонаў стала магчыма са з’яўленнем кампанентных фарматаў, такіх як Betacam, у якім сігналы яркасці і колеравасці запісваліся асобна на розныя дарожкі[1]. Для захоўвання якасці атрыманага відэа найбольш эфектыўнай апынулася перадача паміж прыладамі кампанентнага сігналу, не патрабуючая змешвання яркасці і колеравасці, запісаных і прачытаных асобна. Кампанентныя інтэрфейсы апынуліся эфектыўнымі і для кампазітных фарматаў, такіх як S-VHS, забяспечваючых палепшаную якасць выявы за конт асобнага канала апрацоўкі сігналу колеравасці[2]. Для відэамагнітафонаў гэтага фармату быў распрацаваны кампанентны інтэрфейс S-Video (англ.: Separate Video, «раздзельнае відэа»), у якім сігналы яркасці і колеравасці перадаваліся асобна. Першы фармат лічбавага відэазапісу D-1 таксама быў кампанентным і дазваляў незалежна запісваць і апрацоўваць яркасць і колеравасць[3]. У гэтым выпадку кампанентныя лічбавыя відэаінтэрфейсы апынуліся больш выгаднымі, чым перадача сигнала адным струменем. Далейшае ўдасканальванне відэатэхнікі і з’яўленне высакаякасных бытавых лічбавых фарматаў захоўвання выяў, такіх як DVD, HD-DVD і Blu-ray Disc, прывялі да выціскання кампазітнага відэаінтэрфейса кампанентнымі, дазваляючы данесці якасць выявы носьбіта да канцавой прылады[4].

Разнавіднасці кампанентнага відэа правіць

Кампанентныя інтэрфейсы дзеляцца на два асноўных тыпа: ужываючыя асобную перадачу сігналаў яркасці і колеравасці альбо перадаючыя інфармацыю аб асобных колерах выявы непасрэдна. Лічбавыя кампанентныя інтэрфейсы прыдатныя для перадачы відэа як стандартнай, так і высокай выразнасці. Большасць сучасных тэлевізараў дазваляюць атрымаць сваю арыгінальную выразнасць толькі праз кампанентныя відэаўваходы.

Перадача яркасці і колеравасці правіць

 
Раздым кампанентнага відэаінтэрфейсу S-Video. Штыры 1 і 3 ужываюцца для перадачы сігнала яркасці, 2 і 4 — сігнала колеравасці

Упершыню кампанентныя відэаінтэрфейсы былі прэзентаваны іх разнавіднасцю, якая перадае сігнал яркасці, які з’яўляецца манахромным складнікам выявы, і сігнал колеравасці, які змяшчае інфармацыю пра колеравы тон і насычанасці выявы. Такі прынцып, пазычаны ў сучасных сістэмах каляровага тэлебачання, быў закладзены ў кампанентных фарматах відэазапісу, для якіх і распрацаваны гэтыя інтэрфейсы. Адным з іх стаў S-Video, прызначаны для злучэння відэамагнітафонаў фармату S-VHS адзін з адным і студыйным абсталяваннем. Гэты тып інтэрфейсу дажыў да сённяшняга дня і ўжываецца ў некаторых бытавых відэапрыладах і відэакартках камп’ютараў[4]. Аднак, найбольшае распаўсюджанне атрымаў кампанентны стандарт YPbPr, які забяспечвае вышэйшую якасць колеру за конт адсутнасці мадуляцыі паднясучай і поўнага раздзялення складнікаў.

Пераўтварэнне звычайнага відэасігнала ў сігналы яркасці і колеравасці ў сучасных прыладах адбываецца з дапамогай колеравай субдыскрэтызацыі, якая атрымала распаўсюджанне дзякуючы графічнаму фармату JPEG і тэхналогіі видэакампрэсіі MPEG. Для перадачы кампанентных сігналаў, аснаваных на раздзяленні сігналаў яркасці і колеравасці, акрамя кабеля S-Video з 4-х ці 7-штырковымі раздымамі (mini-DIN), у прафесійнай відэавытворчасці найбольшае распаўсюджанне атрымалі тры кааксіяльных кабеля з раззёмамі тыпу BNC[4]. Такі тып злучэння ўжываецца для перадачы аналагавага кампанетнага відэа па стандарту YPbPr. У выпадку падтрымкі злучальнымі прыладамі двух фарматаў экрана 4:3 і 16:9 праз кабелі перадаецца сігнал, які паведамляе аб суадносінах бакоў перадаванай выявы. У бытавой тэхніцы часцей за ўсё ўжываецца тры кааксіяльных альбо адзін шматжыльны кабель з трыма раздымамі тыпу RCA зялёнага, сіняга і чырвонага колераў. Некаторыя вытворцы рэалізуюць перадачу кампанентнага сігнала YPbPr праз раздым SCART[4].

Развіццё лічбавых тэхналогій тэлебачання прыводзіць да паступовага выціскання аналагавых кампанентных інтэрфейсаў. Лічбавае кампанентнае відэа можа перадавацца як праз адзін кабель паслядоўна, так і некалькімі паралельнымі струменямі. У прафесійнай вытворчасці атрымаў распаўсюджанне лічбавы паслядоўны інтэрфейс SDI, ужываны для злучэння відэапрылад. У бытавой і камп’ютарнай відэатэхніцы найбольш распаўсюджаны лічбавыя інтэрфейсы DVI і HDMI.

Асобная перадача колераў правіць

 
15-штырковы раздым D-sub камп’ютарнага кампанентнага інтэрфейсу VGA

Усе сучасныя маніторы для адлюстравання каляровай выявы у якасці выніковых сігналаў выкарыстоўваюць тры, адпавядаючыя чырвонаму, зялёнаму і сіняму колерам адытыўнай колеравай мадэлі RGB. Гэтыя сігналы падаюцца непасрэдна на электроды маскавых кінескопаў альбо на матрыцу вадкакрышталічных дысплеяў. Працэс пераўтварэння каляровай выявы ў відэасігнал у пачатковый стадыі таксама прадугледжвае колерааддзяленне, у выніку якога атрымліваюцца тры сігналы, адпаведныя асноўным колерам. Перадача кампанетнага сігнала, які складаецца з інфармацыі аб асноўных колерах, не патрабуе пераўтварэння колеравай інфармацыі ў сігналы яркасці і колеравасці, а потым адваротнага дэкадавання, якое пагаршае колераперадачу. Непасрэдная перадача колеравых складнікаў выявы дазваляе звесці да мінімуму страты і абмежаванні інтэрфейсу, і атрымаць максімальную якасць.

Такія інтэрфейсы не ўжываюць мадуляцыю сігналаў і ніяк не абмяжоўваюць глыбіню колера, якую можа перадаць сістэма. Пры гэтым паласа частот, займаная кампанентнымі сігналамі, вельмі шырокая і можа значна перавышаць паласу яркаснага сігнала манахромнай выявы, перадаючы большую колькасць колеравай інфармацыі. Асобная перадача колеравых сігналаў найбольш выгадная для прагляду выявы DVD і іншых фарматаў, якія захоўваюць колер непасрэдна ў колеравай прасторы RGB. Большасць сучасных камп’ютараў выкарыстоўваюць для вываду кампанентнага аналагавага відэа інтэрфейс VGA, які перадае асобныя кампаненты колеру і сінхрасігналы асобнымі каналамі. Некаторыя вытворцы тэлевізараў ужываюць для перадачы асобных кампанентаў каляровай выявы мадэлі RGB раздымы SCART, што ў некаторых выпадках пазначаецца іх назвай «SCART RGB»[4].

Акрамя трох сігналаў асноўных колераў, аналагавыя кампанентныя інтэрфейсы выкарыстоўваюцца для перадачы двух сігналаў сінхранізацыі — радковай і кадравай, якія могуць перадавацца чатырма рознымі спосабамі:

  • Кампазітны сінхрасігнал, калі радковыя і кадравыя сінхраімпульсы адначасова перадаюцца праз асобны провад (S у сістэме RGBS);
  • Асобная перадача, калі радковыя і кадравыя сінхраімпульсы перадаюцца двума асобнымі правадамі (H і V у сістэме RGBHV);
  • Перадача кампазітнага сінхрасігнала праз канал зялёнага колера (SoG ці RGsB);
  • Перадача кампазітнага сінхрасігнала праз канал чырвонага альбо сіняга колера;

Кампазітны сінхрасігнал перадаецца раздымам SCART праз штыркі нумар 17 (зямля), 19 (выхад кампазітнага сінхрасігнала) і 20 (уваход сінхрасігнала). Асобная перадача імпульсаў радковай і кадравай сінхранізацыі мела больш шырокае ўжыванне ў камп’ютарных відэаінтэрфейсах, такіх як VGA. Пры гэтым для перадачы кампанентнага каляровага відэа ужываюцца пяць каналаў: тры для асобнай перадачы колеравых сігналаў і два для перадачы імпульсаў радковай і кадравай сінхранізацыі. Перадача сінхрасігнала ў зялёным (SoG) альбо ў двух іншых каналах ужываецца вельмі рэдка нешматлікімі вытворцамі.

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. а б Телевидение 2002, с. 445.
  2. Телевидение 2002, с. 490.
  3. Марк Харитонов, Леонид Чирков Цифровое телевидение: форматы видеозаписи(руск.) // «625» : журнал. — 1994. — № 2. — ISSN 0869-7914. Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2012.
  4. а б в г д Илья Суханов. Домашний кинотеатр на практике. Часть 4 (руск.). Проекторы. iXBT.com (4 кастрычніка 2003). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2013. Праверана 18 жніўня 2013.

Літаратура правіць