Канарэйка (Serinus canaria domestica) — дэкаратыўная птушка сямейства ўюрковых. Падвід канарскага канарэечнага ўюрка.

Канарэйка
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Serinus canaria domestica Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  4390993

Апісанне правіць

Даўжыня 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх канарэек зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр'ерам.

Распаўсюджанне правіць

У дзікім стане паышрана на Канарскіх астравах (адсюль назва). З'яўляецца родапачынальніцай пакаёвай канарэйкі. У Еўропу завезена ў канцы XV ст.

Утрыманне ў няволі правіць

Існуе шмат парод, якія вызначаюцца спевам (адрозніваюць аўсяначны і дудачны напевы) і знешнім абліччам (белыя, карычневыя, аранжавыя, зялёныя, стракатыя, лімонныя і інш., а таксама чубатыя, гіганцкія, гарбатыя).

Канарэйкі адносна непераборлівыя, добра сябе адчуваюць і размнажаюцца ў невялікіх клетках. Калі не займацца развядзеннем канарэек і трымаць толькі аднаго самца, то дастаткова набыць ці зрабіць клетку памерам па днішчы 30х20 см і вышынёй 25 см. У непамерна вялікай клетцы птушка становіцца пужлівай, непрыстасаванай да пакаёвых умоў, адчувае сябе няўтульна, мала спявае і звычайна трымаецца ў пэўнай частцы клеткі. Нельга трымаць птушак і ў надта малых клетках, дзе яны абломліваюць пер'е і могуць загінуць ад абмежаванасці рухаў. Клетка не павінна мець «архітэктурных празмернасцей»: яны не патрэбны птушцы, ускладняюць прыбіранне, негігіенічныя і перашкаджаюць размяшчачаць клеткі побач ці адну на адной. Лепшая форма для яе — прамавугольная. Клетку трэба абсталяваць паддонам (найбольш практычны з металу) ці з высоўным дном, куды насыпаюць рачны пясок. У невялікай клетцы прыладжваюць адну, а ў вялікіх — дзве жэрдачкі і болей з мяккага дрэва (бузіны, ляшчыны, вярбы, ліпы) таўшчынёй 10—14 мм. Жэрдачкі павінны лёгка здымацца і ўстанаўлівацца так, каб хвастом птушка не даставала да сценкі клеткі. Кармушкі і паілкі могуць быць шкляныя, пластмасавыя ці фарфоравыя; з іншых матзрыялаў яны менш гігіенічныя. Канарэйкам абавязкова патрэбна падвесная купальня. У клетках нельга ставіць слоікі, ванначкі і г.д. Гэта выклікае сырасць на дне клеткі і спрыяе развіццю паразітаў. Клетку трэба штодзённа чысціць, а раз у месяц рабіць генеральнае прыбіранне і дэзінфекцыю кіпенем ці спецыяльным растворам. Пасля гэтага клетку неабходна высушыць. Паілкі, кармушкі і купальні штодзённа мыюць. Для некалькіх птушак і маладняку патрэбны клеткі болынага памеру, т.зв. пралётныя ці садкі. Нельга трымаць птушак у клетках з меднага дроту: вокіслы медзі ядавітыя і могуць прывесці да гібелі птушак. Драўляныя клеткі нельга фарбаваць знутры, таму што птушкі могуць кляваць фарбу і атруціцца. Драўляныя элементы клеткі лепш за ўсё пакрыць смаляным лакам, які добра засцерагае дрэва ад гніення і не баіцца апрацоўкі гарачай вадой. Найбольш зручныя і практычныя клеткі, дзе драўляныя элементы заменены пластмасай.

Ставяць клеткі ў месцах, дзе няма скразнякоў і прамых сонечных прамянёў. У час праветрывання памяшкання клетку лепш накрыць ці вынесці ў суседні пакой. Птушкі дрэнна пераносяць тытунёвы дым, таму курыць там, дзе яны знаходзяцца, нельга. Самцоў канарэек трымаюць асобна, таму што ў адной клетцы яны ўчыняюць бойкі і дрэнна спяваюць; больш таго, паміж клеткамі робяць перагародкі, каб яны не бачылі адзін аднаго.

Канарэйкі — зерняедныя птушкі. Аснову іх корму складаюць зерневыя сумесі, у якія ўваходзіць насенне рапсу ці свірэпы, канарэечнае семя, проса, насенне салаты, лёну, канапель і інш. Насенне рапсу і свірэпы, каб пазбавіць ад гаркаты, пажадана апарваць кіпнем. У сумесь нельга класці шмат канапель, якія выклікаюць атлусценне, захворванне печані і расстройства стрававання. Зерневая сумесь павінна быць не затхлай, без пылу і прымесі. У дзень на адну птушку патрэбна прыкладна 1 чайная лыжка сумесі. Часта і рэзка корм мяняць нельга: гэта можа прывесці да нясвоечасовай лінькі птушак. У якасці мінеральнага корму неабходна даваць тоўчаны мел ці здробненыя яечныя шкарлупіны. Дадатковым кормам могуць быць крута зваранае яйцо, молатыя сухары, цёртыя морква, яблыкі, лісце адуванчыка, трыпутніку, капусты. Раз на тыдзень у корм рэкамендуецца дабаўляць 1—2 кроплі рыбінага тлушчу.

 
Самка на гняздзе

Канарэйка-самка нясе ад 2 да 6 яец, першае звычайна на 5—7-ы дзень пасля спароўвання. Пасля таго, як знесена трэцяе яйцо, пачынаецца наседжванне, якое цягнецца 13 сутак. У маленькіх птушанят на 5—6-я суткі адкрываюцца вочкі, а на 16—18-я суткі яны пачынаюць вылятаць з гнязда. Праз 26—28 сутак птушанят рэкамендуецца адсаджваць. Іх кормяць мяккім кормам, дадаючы расцёртыя зерні канапель, а праз 6—7 дзён — і расцёртую зерневую сумесь. У двухмесячным узросце птушанят пераводзяць на рацыён дарослых птушак.

Літаратура правіць

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.