Карта Віда-Ляцкага

Ка́рта Віда-Ляцкага — першая вядомая геаграфічная карта, створаная і выдадзеная на тэрыторыі ВКЛ (першае выданне — Антверпен, 1542 (?), другое — Вільня, 1555).

Паказвае ўсходнія раёны Маскоўскай дзяржавы і частку тэрыторыі ВКЛ, прызначалася для інфармавання заходнееўрапейскай аўдыторыі пра малавядомую Масковію. Гравёр і картограф Антоній Від разам з аселым у Літве былым акольнічым Васіля III Іванам Ляцкім працавалі над ёй у 1537—1542 гадах, скарыстаўшыся картаграфічнымі матэрыяламі, вывезенымі Ляцкім з Масквы ў 1534 годзе. Яшчэ да апублікавання Ляцкі рассылаў чарнавыя варыянты карты вядомым еўрапейскім вучоным, у тым ліку Себасціяну Мюнстэру (1540) і Сігізмунду Герберштэйну (1541).

На карце нанесеныя стратэгічныя замкі памежжа ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — Веліж, Віцебск, Гомель, Кіеў, Крычаў, Орша, Полацк, Смаленск, — на думку Міхася Ткачова, выявы замкаў добра стасуюцца з археалагічнымі і інвентарнымі звесткамі і зробленыя з натуры. Пададзеная інфармацыя пра Аршанскую бітву 1514 года з сімвалічным малюнкам. Некалькі дзесяцігоддзяў лічылася адной з самых верагодных карт Масковіі. У 1570 годзе яе перагравіраваў Франц Хогенберг, адзін з рэдактараў энцыклапедычнай серыі «Гарады зямнога шара».

Карта з'яўляецца найбольш раннім вядомым помнікам старабеларускага свецкага кнігадрукавання, змяшчаючы тлумачальны тэкст на старабеларускай мове з вялікай колькасцю паланізмаў. Белая Русь, паводле карты Віда-Ляцкага — іншая назва Маскоўскай дзяржавы.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Алесь Белы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
  • Zwoliński P. Pierwsza drukowana transkrypcja ruskiej cyrylicy na lacinkę // Slavia Orientalis. R. XVI, z. 4. Warszawa, 1967.
  • Idem. Naistarszy świecki druk białoruski (Antwerpia 1542) // Slavia Orientalis. R. XVII, z. 3. Warszawa, 1968.
  • Каpта России Антония Вида // Атлас геогpафических откpытий в Сибиpи и в Севеpо-Западной Амеpике XVII—XVIII вв. М., 1964.
  • Белы, А. Хроніка «Белай Русі»: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мн., 2000.

Спасылкі правіць