Карыбы (індзейцы)

У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Карыбы, рэгіён

Кары́бы — група народаў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі. У мінулым усе карыбы размаўлялі на карыбскіх мовах. У наш час да карыбаў сябе адносяць таксама так званыя «чорныя карыбы» Антыльскіх астравоў і Цэнтральнай Амерыкі, якія размаўляюць на аравакскай мове. Агульная колькасць — 30 000 чалавек (разам з чорнымі карыбамі — 299 000)[1][2][3].

Карыбы Малых Антыльскіх астравоў (мал. XVIII ст.)

Этымалогія правіць

Першымі еўрапейцамі, якія даведаліся аб індзейцах-карыбах, былі чальцы экспедыцыі Х. Калумба. Таіна, жыхары Гаіці, паведамлялі ім пра сваіх ворагаў з Малых Антыльскіх астравоў, што ў мове таіна мелі назву канаіба. У Еўропе яна трансфармавалася ў шэраг іншых назваў, у тым ліку карыб і каніб. Ад апошняй назвы паходзіць слова "канібал". Самі карыбы Малых Антылаў звалі сябе калінага (Callinago) ў дачыненні да мужчын і каліпанам (Calliponam) ў дачыненні да жанчын, што значыла папросту "чалавек".

У еўрапейскай каланіяльнай літаратуры карыбы Паўднёвай Амерыкі таксама вызначаліся як карыбы (ісп.: Caribe, фр.: Galibe, Galina, англ.: Carib, нідэрл.: Karaïeb). Гэтая назва шырока ўжываецца ў афіцыйных дакументах і ў наш час. Аднак самі карыбы Паўднёвай Амерыкі сябе завуць калінья або карынья (Kali'na, Cariña, Kariña, Kalihna, Kalinya, Karìna). З канца XX ст. назва калінья або каліна выкарыстоўваецца таксама ў навуковай літаратуры. Прынята таксама адрозніваць антыльскіх (або астраўных) карыбаў і мацерыковых калінья.

Карыбы Паўднёвай Амерыкі правіць

Карыбы або калінья насяляюць прыбярэжныя раёны Гвіяны ад Арынока да Амазонкі (тэрыторыі краін Венесуэла, Гаяна, Сурынам, Французская Гвіяна, Бразілія). Агульная колькасць — каля 30 000 чал. Галоўны гаспадарчы занятак — земляробства. Паходжанне калінья дакладна не вызначана. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што яны трапілі ў Гвіяну з даліны Арынока разам з блізкімі па культуры аравакамі. Іншыя звязваюць генезіс калінья з археалагічнай культурай Карыяба[4], утворанай у пачатку 2 тысячагоддзя н. э. у выніку змяшэння папярэдніх культур Гвіяны з культурай выхадцаў з паўднёвага ўсходу.

Карыбы Антыльскіх астравоў правіць

 
Міграцыі індзейцаў на Антыльскія астравы да прыходу еўрапейцаў

Упершыню еўрапейцы сутыкнуліся з карыбамі Антыльскіх астравоў падчас экспедыцый Х. Калумба. Таіна Гаіці апісвалі іх як высокіх людзей, ворагаў і людаедаў. Перад пачаткам еўрапейскай каланізацыі Вест-Індыі ў канцы XVI ст. карыбы займалі большасць Малых Антыльскіх астравоў, рабілі напады на таіна Пуэрта-Рыка і Гаіці. Падчас каланізацыі карыбы аказвалі супраціўленне. Іх вывучэнне пачалося толькі ў XVII - XVIII стст., калі культура індзейцаў ужо перажывала значныя змены пад уздзеяннем каланізатараў.

Дакладны час з'яўлення карыбаў на Малых Антылах не высветлены. З сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. гэтыя астравы былі населены аравакамі-іньеры, якія знішчылі або асімілявалі больш прымітыўных папярэднікаў індзейцаў-артаіроідаў. Іньеры мелі дастаткова развітую культуру, займаліся земляробствам і рыбалоўствам, падтрымлівалі шчыльныя стасункі з Паўднёвай Амерыкай. Лічыцца, што карыбы з'явіліся на поўдні Малых Антылаў не раней за першыя стагоддзі 2 тысячагоддзя н. э. і дзякуючы ваеннай арганізацыі здолелі значна пашырыць населеныя імі тэрыторыі на поўнач.

Існуе две асноўныя версіі паходжання карыбаў Антыльскіх астравоў[5]:

  • Карыбы Антыльскіх астравоў з'яўляліся нашчадкамі карыбаў Паўднёвай Амерыкі, якія змяшаліся з іньеры.
  • Карыбы Антыльскіх астравоў з'яўляліся мясцовай групай аравакаў або позняй групай аравакаў з даліны Арынока і не мелі нічога агульнага з карыбамі Паўднёвай Амерыкі.

Першая версія склалася яшчэ ў XVII ст. падчас вывучэння захавалых супольнасцяў карыбаў на востраве Дамініка французскім каталіцкім місіянерам Раймонам Брэтонам. Ён паведамляў са слоў саміх карыбаў, што тыя паходзілі ад кантынентальных галібі. Пры заваяванні астравоў мужчыны-галібі бралі ў шлюб жанчын-іньеры, што прывяло да ўзнікнення супольнай культуры. Акрамя таго, Р. Брэтон пісаў, што карыбы мелі дзве мовы — мужчынскую і жаночую, прычым жаночая мова іньеры мела аравакскае паходжанне. У далейшым даследчыкі гісторыі Карыбскіх астравоў развівалі пераважна гэту версію — археолагі вызначалі асобную карыбскую кераміку, якая адрознівалася ад вырабаў іньеры толькі колерам, лінгвісты вызначалі словы, якія быццам бы былі прынесены карыбамі Антыльскіх астравоў з паўднёваамерыканскай радзімы.

Другая версія ўзнікла толькі ў другой палове XX ст. пад уплывам далейшых лінгвістычных даследаванняў. Яны паказалі, што мужчынская мова карыбаў Антыльскіх астравоў хутчэй таксама з'яўлялася аравакскай. Былі пастаўлены пад сумненне папярэднія высновы археолагаў, знойдзены варыянты легенд карыбаў пра іх бегства з кантынента ад карыбаў Паўднёвай Амерыкі. У наш час першая версія застаецца засноўнай, хаця крытыка з боку прыхільнікаў другой версіі прымаецца ўсё больш сур'ёзна.

Запісы еўрапейскіх перасяленцаў XVII ст., а таксама археалагічныя раскопкі дэманструюць, што карыбы Антыльскіх астравоў займаліся пераважна земляробствам і рыбалоўствам. Зямля належала абшчыне, але апрацоўвала кожнай сям'ёй самастойна. Асноўная земляробчая культура — маніёк. Рыбалоўства і суднаходства лічыліся мужчынскімі заняткамі. Карыбы будавалі некалькі тыпаў каноэ, самыя вялікія з якіх умяшчалі да 50 чалавек. Гандаль вёўся як паміж астравамі, так і з Паўднёвай Амерыкай. Карыбы ведалі апрацоўку некаторых металаў, у тым ліку срэбра.

Традыцыйнае грамадства мела патрыярхальны характар. Жанчыны адыгрывалі ў ім другарадную ролю. На чале кожнага вострава стаяў правадыр, які ўзначальваў ваенную арганізацыю. Карыбы жылі ў вёсках, прычым сямейныя хаціны займалі жанчыны і дзеці. Мужчыны праводзілі свой час у асобным вялікім мужчынскім доме, што займаў цэнтр вёскі, у ім елі, працавалі і забаўляліся разам. Адносіны паміж рознымі абшчынамі нагадвалі структуру, падобную на сетку[6], падтрымліваліся гандлёвымі і сваяцкімі сувязямі, а таксама абменам.

Кожны дарослы мужчына з'яўляўся воінам. Карыбы здзяйснялі доўгія паходы, рабілі напады пераважна на аравакаў, а потым і на еўрапейцаў. У паходах маглі прымаць удзел жанчыны. Поспех ваенных экспедыцый вызначаўся тым, што напады рабіліся знянацку, арганізоўваліся засады. Для воіна лічылася пачэсным захапіць упрыгожванні ворага. Войны суправаджаліся рознымі рытуаламі. Пра наўнасць рытуальнага канібалізма вядома ад таіна і еўрапейцаў, якія сутыкаліся з карыбамі. Ад назвы карыбаў паходзіць слова "канібал". У 1503 г. Ізабела I нават дала дазвол на пераўтварэнне карыбаў у рабоў з-за іх канібальскіх звычаяў. Аднак у наш час некаторыя культурныя дзеячы адвяргаюць наяўнасць канібалізма, паколькі ён не падцверджаны археалагічнымі знаходкамі і не зафіксавана ніводнага выпадка апісання людаедства з боку прамых светкаў.

Ваенныя сутычкі паміж еўрапейцамі і карыбамі пачаліся ўжо падчас плаванняў Х. Калумба. Каланізацыя Малых Антыльскіх астравоў у XVII ст. прывяла да вынішчэння большай часткі абарыгеннага насельніцтва. На астравах Сент-Вінсент і Дамініка індзейцы здолелі заключыць з французскімі пасяленцамі мірныя дамовы, прыцягваліся да працы на плантацыях, мелі сваіх чарнаскурых рабоў, змешваліся з негрыцянскім насельніцтвам. У XVIII ст. гэтыя астравы трапілі пад уладу Вялікабрытаніі. Прывілегіі індзейскіх супольнасцяў былі прыніжаны новай адміністрацыяй, што прывяло да шэрагу паўстанняў. Брытанскія ўлады гвалтоўна перасялілі частку карыбаў у Цэнтральную Амерыку, аднак тыя, што засталіся, атрымалі пэўную аўтаномію.

Чорныя карыбы правіць

Чорныя карыбы — крэолы, нашчадкі карыбаў Малых Антыльскіх астравоў і выхадцаў з Афрыкі. Лічыцца, што гісторыя чорных карыбаў пачалася ў 1635 г., калі індзейцы Сент-Вінсента захапілі ў палон групу рабоў, якая выратавалася з затанулых іспанскіх караблёў. Паміж карыбамі і афрыканцамі заключаліся ўзаемныя шлюбы. Пасля 1763 г. брытанская адміністрацыя ўвяла паняцце "чорныя карыбы" для нашчадкаў шлюбаў карыбаў з афрыканцамі, каб адрозніць іх ад астатніх "чырвоных карыбаў". У 1797 г. брытанцы перасялілі 5 000 чорных карыбаў на востраў Раатан. Адтуль яны пачалі перасяляцца на кантынент, дзе сяліліся ўздоўж узбярэжжа. У наш час чорныя карыбы жывуць у краінах Вест-Індыі, ЗША, Белізе, Гандурасе, Гватэмале і Нікарагуа.

Галерэя правіць

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць