Касцёл Святога Юрыя (Вялікія Свіранкі)

Касцёл Святога Юрыя (руск.: костел Святого Юрия в Больших Свирянках, польск.: kościół Świętego Jerzego w Wielkich Świrankach) — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Вялікія Свіранкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Астравецкага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. Касцёл размешчаны ў цэнтры вёскі. Помнік драўлянага дойлідства ў стылі барока другой паловы XVII ст. — уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 413Г000731).

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Юрыя
Касцёл Святога Юрыя. Зіма 2023 г.
Касцёл Святога Юрыя. Зіма 2023 г.
54°50′24″ пн. ш. 26°03′46″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Вялікія Свіранкі
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Астравецкі дэканат
Першае згадванне 1498 год
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першае пісьмовае сведчанне пра касцёл Святога Юрыя ў Свіранках датавана 1498 г.[1].

Фундатарамі касцёла з’яўляліся ўладальнікі маёнтка Свіранкі князі Свірскія. Паводле выпісу (экстракту) з фундуша свіранскага касцёла ад 1498 года касцёлу надаваліся дзесяціна і воск. Фундуш быў дадзены Аленай Даўгірдаўнай, жонкай князя Петкі Свірскага[1]. Акрамя таго, яна запісала касцёлу карчму ў мястэчку Свіранкі[2].

Фундацыя алтара ў Свіранках была зроблена ўнучкай Алены Даўгірдаўны — Альжбетай, дачкой Рыгора Станькавіча Осціка і Аляксандры Петкаўны Свірскай, жонкай Мікалая Станіслававіча Кезгайлы. Паводле тастамента Мікалая Станіслававіча Кезгайлы ад 15 мая 1523 года на алтар надаваўся адзін арнат аксамітны чорны, а другі залачоны, падбіты гарнастаямі. Акрамя таго, прадпісвалася аздобіць алтар «imagines sculptas» разьбой за 10 коп грошаў літоўскіх[3].

У пачатку XVI ст. князь Ян Талімунтавіч Свірскі запісаў касцёлу шэсць азёр са сваіх уладанняў.

У 1503 г. згадваецца плябан свіранскі Пётр[1], у 1508 г. — плябан, ксёндз Марцін, у 1524 г. плябанам касцёла стаў былы пісар Віленскай капітулы ксёндз Ян Альбінус з Кракава[4]. У 1526 г. плябанам свіранскага касцёла быў Раман Мілавідавіч.

Пасля смерці князя Ждана Аляксандравіча Свірскага плябан свіранскі Станіслаў 12 мая 1535 г. судзіўся наконт атрымання падаткаў (дзесяціны) з маёнтка Ясень на касцёл у Свіранках[5].

Наступны фундушовы запіс на плябанію і алтарыю свіранскую зроблены ў 1543 г. княжной Марынай Жданавай Свірскай[6].

У 1559 г. касцёлу перайшло 13 дымоў падданых сялян[7].

У рэестры дакументаў 1561 г. зафіксаваны акт аб замене касцельнага става ў маёнтку Ясень на зямлю, якую атрымалі плябан і алтарыста свіранскі[6]. У 1563 г. згадваецца свіранскі плябан, ксёндз Андрэй Вінскі[8].

У другой палове XVI ст., калі маёнткам Свіранкі валодаў Рыгор Рыгоравіч Осцік, касцёл быў драўляным аднавежавым са званом і драўлянай званіцай з двума званамі.

Паводле дакументаў Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад 11.05.1593 г., князь Ян Баляслававіч Свірскі ў 1593 г. саступіў фундатарскія правы на касцёл віленскаму войскаму Яну Абрамовічу[7].

У другой палове XVI — першай палове XIX стст. касцёл Святога Юрыя належаў Віленскай алтарыі і капітуле[9]. Касцёл, як парафіяльны, уваходзіў у Свірскі дэканат Віленскай дыяцэзіі.

Падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—1667 гг. касцёл і двор Свіранкі былі спалены[10].

Прадстаўнікі свіранскага касцёла ў 1669 г. бралі ўдзел у сінодзе віленскага біскупа Аляксандра Сапегі[11].

У 1669—1671 гг. касцёл адбудоўваецца за кошт сродкаў Віленскай капітулы[12]. Менавіта гэты будынак з невялікімі пераробкамі захаваўся да нашага часу, аб чым яскрава сведчыць план касцёла[13].

У 1690 г. пры касцёле пабудаваны драўляны кляштар місіянераў[14]. Пры кляштары існаваў шпіталь.

Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг. касцёл быў пашкоджаны і затым адноўлены дзякуючы намаганням суфрагана віленскага Мацея Юзафа Анцуты[15].

Згодна з падымнай тарыфай Ашмянскага павета, у 1717 г. у Свіранскай парафіі налічвалася 147 дымоў (з кожнага дыма плацілі па 3 злотых і 10 грошаў)[16].

Паводле даследавання Яна Курчэўскага, у 1781 г. Свіранская парафія налічвала 6028 парафіян і была самай вялікай на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны[17].

У 1781—1828 гг. у Свіранках працавалі парафіяльная і прыкляштарная школы[18].

У 1880—1890-х гг. каталіцкая парафія ў Свіранках налічвала 4586 чалавек[18].

Як сведчаць архіўныя дакументы, у 1873—1877 гг. праводзіліся рамонт і рэканструкцыя касцёла[19]. На рэштках адной з вежаў аб гэтым захаваліся запісы — kryty 1873 r. (крыты 1873 г.) і 1877.

Памятная дошка ў касцёле распавядае пра тое, што напрыканцы XIX ст. тут служыў і ў 1883 г. памёр ксёндз-пробашч Напалеон Качынскі.

 
Касцёл Святога Юрыя і званіца. Пачатак XX ст. (пасля 1910 г.)

У 1910 г. каля касцёла Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках узведзена двух’ярусная чацверыковая званіца. У 1909—1920 гг. ксяндзом-пробашчам касцёла быў Валяр’ян Голяк.

У 1927 г. сіламі парафіян вёўся рамонт касцёла, што пацвярджаюць надпісы з датай і прозвішчамі, пакінутыя на адной з дошак шалёўкі.

 
Касцёл Святога Юрыя і званіца, 1970 гг.

Пасля смерці ксяндза Юзафа Хлявінскага ў 1953 г. касцёл у Вялікіх Свіранках быў зачынены ўладамі і выкарыстоўваўся як сельскагаспадарчы склад.

На тэрыторыі Свіранскай парафіі, у вёсцы Падольцы, у 1995 г. была пабудавана капліца Маці Божай Чэнстахоўскай, асвечаная 14 мая 1995 г.

У 1998 г. касцёл Святога Юрыя вернуты парафіянам, а ў 1999 г. адбудаваны на сродкі вернікаў Свіранскай парафіі.

У цяперашні час вядзецца рамонт касцёла на сродкі парафіян.

Архітэктура правіць

 
Касцёл Святога Юрыя, 2018 г.

Будынак касцёла прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай, накрыты двухсхільным дахам, які пад апсідай пераходзіць у вальмавы. Па баках — дзве закрысціі розных памераў.

Галоўны фасад мае трохвугольны франтон з акенцам у цэнтры і фланкіраваны чацверыковымі вежамі. Іх завяршэнні не захаваліся, але пад дахам ёсць рэшткі вежаў з вокнамі. Над франтонам — невялікі васьмігранны барабан, накрыты шатровым дахам. Невысокі ўваходны прытвор таксама накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і ашаляваныя.

 
Хоры ў касцёле.

У інтэр’еры сцены падзелены пілястрамі з філёнгамі ў ніжніх частках і ашаляваныя гарызантальна. Столь плоская на падугах, аддзелена ад сцен тонкім гзымсам. Па баках нартэкса размешчаны вежы: з правай па вітай лесвіцы можна патрапіць на хоры, з левай — у паддашкавае памяшканне[13][14].

Першапачаткова двухвежавы касцёл быў пабудаваны ў другой палове XVII ст. у стылі барока, а пасля перабудовы другой паловы XIX ст. набыў сучасны выгляд з рысамі барочнага класіцызму.

У склад архітэктурнага ансамбля касцёла ўваходзяць драўляныя будынкі плябаніі і шпіталя, а таксама рэшткі званіцы з мураванай агароджай, пахаванні святароў.

Пабудаваная ў 1910 г. двух’ярусная званіца складалася з бутавых камянёў (глухі ніжні ярус) і цэглы (верхні ярус). З усіх бакоў верхні ярус быў прарэзаны двума высокімі паўцыркульнымі праёмамі[14].

Ксяндзы і плябаны правіць

 

У архіўных крыніцах узгадваюцца:

  • 1503 г. — плябан Пётр;
  • 1508 г. — плябан, ксёндз Марцін;
  • 1524 г. — плябан, ксёндз Ян Альбінус;
  • 1526 г. — плябан Раман Мілавідавіч;
  • 1535 г. — плябан Станіслаў;
  • 1541 г. — плябан, ксёндз Андрэй, віленскі дэкан і канонік (?);
  • 1563 г., 1578 г. — плябан, ксёндз Андрэй Вінскі;
  • 1632 г., 1649 г. — плябан, ксёндз Войцех Жабінскі, 1635—1651 гг. — прэлат катэдральны, афіцыял віленскі;
  • 1784 г. — ксёндз Ігнацій Тавянскі, вікарый;
  • 1827 г. — плябан, ксёндз Іваноўскі;
  • 1830 г. (?) — ксёндз Ян Цывінскі;
  • 1883 г. (год смерці) — ксёндз-пробашч Напалеон Качынскі;
  • 1895 г. (год смерці) — ксёндз-пробашч Францішак Ярмаловіч (гады жыцця — 1820—1895; пахаваны ля касцёла (захавалася магіла));
  • 1909 г. — ксёндз-пробашч Прышманд (?);
  • 1909—1920 гг. — служэнне ксяндза-пробашча Валяр’яна Голяка;
  • 1920—1930 гг. — пробашч Ян Сялевіч.
  • 1930—1953 гг. — пробашч Юзаф Хлявінскі (гады жыцця — 1881—1953; пахаваны ля касцёла (захавалася магіла)).

Пасля вяртання будынка касцёла вернікам і адбудовы ў 1999 г. у касцёле служылі ксяндзы: Леанард Чухоньскі, Казімір Ляховіч, Павел Гардзейчык, з канца 2021 г. і па цяперашні час — ксёндз Аляксандр Сямінскі.

Галерэя правіць

Заўвагі правіць

  1. а б в Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 181.
  2. Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 187.
  3. Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 182.
  4. Брэгер, Г. М., Віталёва, В. В. З гісторыі населеных пунктаў / Г. М. Брэгер, В. В. Віталёва // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 554.
  5. Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 182—183.
  6. а б Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 183.
  7. а б Брэгер, Г. М., Віталёва, В. В. З гісторыі населеных пунктаў / Г. М. Брэгер, В. В. Віталёва // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 555.
  8. Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 184.
  9. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (Lietuvos valstybės istorijos archyvas). — Ф. 525. Воп. 8. Спр. 395.
  10. Брэгер, Г. М. Лёсы прыгонных сялян / Г. М. Брэгер // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 103—104.
  11. Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 467.
  12. Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 207.
  13. а б Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. — Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 88—89.
  14. а б в Габрусь, Т. В. Архітэктурныя помнікі Астравецкага раёна / Т. В. Габрусь // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 480—481.
  15. Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 52—53.
  16. Юрша, В. Ошмянский край / В. Юрша. — Минск, 2016. — Т. 2: Ксендзы и костелы. — С. 11—12.
  17. Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 290—291.
  18. а б Марозава, С. Старонкі канфесійнай гісторыі Астравеччыны (XIV—XIX ст.) / С. Марозава // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 136.
  19. Архіў Віленскай капітулы // Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта (Vilniaus kapitulos dokumentų fondas // Vilniaus universiteto biblioteka). — Ф. 43.

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.
  • Świderski, A. J. Dekanat Świrski w 1784 r. w świetle opisów plebanów / A. J. Świderski. — Białystok, 2004.
  • Przyszłość kultury Polaków na kresach. — Т. 2: materiały z Konferencji Naukowej w Drohiczynie 1—3 maj 2000 poprzedzającej Kongres Kultury Polskiej, 2000.
  • Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie): архіўныя дакументы.
  • Архіў Віленскай капітулы // Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Vilniaus kapitulos dokumentų fondas // Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka): архіўныя дакументы.

Спасылкі правіць