Катрушніцкі лемезень

Катру́шніцкі ле́мезень — умоўная мова шапавалаў мястэчка Дрыбін Магілёўскай вобласці.

Назва правіць

Катру́ха — назва магеркі на гэтай мове, лемезень — тайная мова[1][2].

Гісторыя правіць

Дакладны час з’яўлення мовы невядомы[3]. Мова была прыдумана шапаваламі мястэчка Дрыбін дзеля сакрэтнасці ў часе адыходніцтва ў іншыя мястэчкі, бо шапавалы працавалі ў дамах заказчыка і хацелі захаваць сакрэты рамяства[4]. Першыя даследаванні мовы былі зроблены Еўдакімам Раманавым у 1889 годзе, і апублікаваныя ў 1890 годзе ў першым нумары часопіса Імператарскага геаграфічнага таварыства «Живая старина[ru]»[5]. Мова была ва ўжыванні і пасля заняпаду шапавальства, шырока ўжывалася прынамсі да сярэдзіны XX стагоддзя. Да цяперашняга часу ў мове жыхароў Дрыбіна захоўваюцца асобныя словы катрушніцкага лемезня[6]. У 2012 годзе Беларусь рыхтавала заяўку на ўключэнне шапавальства і катрушніцкага лемезня (як яго спецыялізаванай тэрміналогіі) ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА[7][8].

Лінгвістычная характарыстыка правіць

Паводле Еўдакіма Раманава, лексічны склад мовы налічваў каля 915 слоў, і ахопліваў 13 паняційных груп[4]. Словаўтварэнне часцей за ўсё адбывалася шляхам змянення звычайных беларускіх слоў. Дадаваліся прыстаўкі ку ці шу са зменай, паводле агульных законаў фанетыкі, пачатковых галосных, са скарачэннем альбо прыбіраннем галосных, напрыклад: кухерэдні — сярэдні, шухлець — клець, шусень — восень, шуйма — яма. У некаторых словах перастаўляліся склады, напрыклад: ласома — салома; у некаторых змяняецца канчатак з устаўкай новага суфікса: сівымны — сівы, любжаць — любіць, чыторыць — чытаць. У слове трыполем дадаецца прыстаўка тры (поле)[3].

Уласных скланенняў і спражэнняў лемезень не мае, выкарыстоўваюцца агульныя беларускія формы, таксама выкарыстоўваюцца беларускія злучнікі і прыназоўнікі[3][9]. Уласных ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў няма, яны ўтвараюцца паводле агульных законаў.

Сярод аднакарэнных слоў сустракаюцца нямецкія і яўрэйскія (махер — нож, шыхта — дзяўчына), татарскія (басаць — рэзаць), грэчаскія (пітрус — камень, амелюс — мёд)[10].

Ужыванне правіць

Паводле Раманава, лемезень выкарыстоўваўся шапаваламі толькі ў працоўных адлучках, і ніколі на радзіме. Рабілася гэта праз асцярогу, каб мову не вывучылі мясцовыя. Часта лемезень не ведалі нават члены сям’і, якія не займаліся шапавальствам[3]. Ёсць сведчанні, што ў сярэдзіне XX ст. лемезнем валодалі і карысталіся звычайныя жыхары. Да сёння ў маўленні асобных жыхароў Дрыбіна і вёскі Пакуцце захаваліся асобныя словы лемезня[6]. Фальклору на лемезні не існуе, але часам на лемезень перакладаліся вядомыя прыказкі.

Моўны прыклад правіць

Мясцовы краязнавец Уладзімір Кажамяка напісаў на катрушніцкім лемезні адзіны верш[6].

катрушніцкі лемезень:
Любжаць ярухі шымскія шкорні
Сняк і кумухі саладзімны буклей,
Сняк драпелухі, шыхты і жбахі
Любжаць тартасы і купрэсны манцей.
па-беларуску:
Любяць бабы добрыя валёнкі
Як і мухі салодкі квас.
Як нявесты, дзеўкі і жонкі
Любяць кілбасы і прэсны алей.

Крыніцы правіць

  1. Катруха. Этнічны слоўнік. Родны Вобразы. Праверана 22 лютага 2015.(недаступная спасылка)
  2. Лемезень (руск.). Этимологический словарь русского языка Макса Фасмера. dic.academic.ru. Праверана 22 лютага 2015.
  3. а б в г Романов 1890, с. 11 (отдѣлъ 2).
  4. а б Катрушніцкі лемезень. Ганцавіцкі краязнаўчы-інфармацыйны партал. Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2015. Праверана 21 лютага 2015.
  5. Романов 1890, с. 9 (отдѣлъ 2).
  6. а б в Зміцер Бартосік. Ці паўторыць беларуская мова лёс катрушніцкага лемезня?. Падарожжы Свабоды. Радыё Свабода (19 лютага 2015). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2015. Праверана 21 лютага 2015.
  7. Беларусь хоча ўключыць традыцыю валення шапак і валонак у спіс спадчыны ЮНЕСКА. Наша Ніва (7 чэрвеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2015. Праверана 22 лютага 2015.
  8. Беларускае "Шапавальства" і "Катрушніцкі лемезень" могуць увайсці ў спісы ЮНЕСКА. mod-no.by (7 чэрвеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2015. Праверана 22 лютага 2015.
  9. Романов 1890, с. 12 (отдѣлъ 2).
  10. Дрыбінскі раён. Мовы, дыялекты народаў, якія насяляюць раён. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2015. Праверана 22 лютага 2015.

Літаратура правіць

  • Романов Е. Катрушницкій лемезень. // Живая старина. Выпуск I / подъ редакціею В. И. Ламанскаго. — Санкт-Петербург: Типографія Е. Евдокимова. Б. Итальянская, 11, 1890.