Каўтун (лац. Plica polonica; польск. Kołtun polski; укр. Гостець) — народная назва хваробы скуры галавы. Узнікае ў выніку экзэмы праз парушэнне гігіены, нерасчэсванне, вашывасць [1][2]і г. д. Каўтун незвычайнае становішча, пры якім валасы заблытваюцца незваротна, утвараючы масу, часам, ліпкую і вільготную.

Каўтун. Малюнак з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве
Самы доўгі каўтун працягласцю 1,5 м. Музей медыцынскага факультэта Ягелонскага ўніверсітэта

З прычыны выдзялення (экскрэцыі) сальных залоз на галаве, валасы зліпаюцца ў клубкі, касічкі, непадзельныя космы і ўтвараюць зліплую густую масу, падобную на лямец, у якіх назапашваецца бруд, пыл і мноства насякомых. Каўтун ліквідуюць стрыжкай валасоў і паслядоўным лячэннем запаленага стану сальных залоз на галаве.

У XIX стагоддзі лічыўся асаблівай хваробай, уласцівай некаторым мясцінам, у першую чаргу Польшчы, некаторым раёнам Беларусі, Літвы, Украіны, Венгрыі, Сілезіі, Трансільваніі, Прусіі і, радзей, уздоўж ракі Рэйн[3]. Існавала перакананне, што стрыжка каўтуна можа шкодна адбіцца на здароўі чалавека — псіхічны разлад, слепата і інш. Нашэнне каўтуна, згодна з народнымі павер'ямі, павінна было абараніць ад хвароб і чорта. У народным уяўленні паходжанне Каўтуна (гасцеца) звязвалася таксама са спадчыннасцю [4] або часцей — з чарамі, злым духам, які можа ўвайсці ў чалавека [5].

Звышнатуральнае значэнне, якое ў народных павер'ях прыпісвалася каўтуну, верагодна, і выклікала ўказ Сінода 24 лютага 1722 года (Расія), якім прадпісвалася забарона знаходжання людзей з каўтунамі ў манастырах.

Лічылася, што каўтун мог быць як мужчынскага, так і жаночага роду[6]. Каўтун быў хваробай, у асноўным, сялянства і іншых маламаёмасных пластоў насельніцтва, але сустракаўся таксама і сярод вышэйшых сацыяльных класаў. Самай прыкметнай фігурай у гісторыі быў кароль Даніі і Нарвегіі Крысціян IV (1577—1648). Яго каўтун меў форму касічкі, упрыгожанай чырвонай стужкай. Прыдворныя, як паведамляецца ў гістарычных крыніцах, насілі такую ​​ж прычоску, як знак ліслівасці каралю.

Кароль Даніі і Нарвегіі Крысціян IV
Каўтуны на поўсці Бергамскай аўчаркі

Каўтун сустракаецца таксама ў жывёл (коней (звычайна пад грывай), сабак, катоў і інш.).

Зноскі

  1. Trichom — склеенная экссудатом масса спутанных волос, вшей, гнид, корок. Появляется неприятный запах от головы, при этом вши переходят к массовому отложению яиц. — Большая медицинская энциклопедия. — Т. 4. — М., 1876. — С. 485.
  2. Адкуль у беларусаў узяўся каўтун?
  3. Адкуль у беларусаў узяўся каўтун?
  4. Лікарські та господарські порадники XVIII ст. / Підг. В. А. Передрієнко. — Киев, 1984. — С. 63.
  5. Чубинский П. П. Труды этнографо-статистической экспедиции в западнорусский край, снаряженной Императорским Русским географическим обществом. Юго-западный отдел. — СПб., 1872. — Т. 1. — С. 136
  6. Драгоманов М. Малорусские народные предания и рассказы. — Киев, 1876. — С. 40.