Крывіцкая раўніна
Крывіцкая раўніна — геамарфалагічны раён у Беларусі, размешчаны паміж Мінскім узвышшам і Свянцянскімі градамі. Марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі выцягнута з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 80 км.
Крывіцкая раўніна | |
---|---|
Каардынаты: 54°40′ пн. ш. 27°10′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Падмурак ляжыць на глыбіні 300 м. Карэнныя пароды прадстаўлены глінамі, мергелямі, даламітамі дэвона. На іх паверхні распаўсюджаны катлавіны, на паўночным захадзе ў напрамку Докшыцы—Глыбокае цягнецца лагчына ледніковага выворвання і размыву.
Асноўная тэрыторыя прадстаўлена слабахвалістай марэннай раўнінай сожскага ўзросту з адноснымі вышынямі 5-7 м. Паверхня разнастаіцца камавымі ўзгоркамі, тэрмакарставымі западзінамі. Распаўсюджаны лагчыны расталых ледніковых вод. На паўднёвым захадзе раёна размешчаны марэнныя грады, утвораныя ў ашмянскую стадыю сожскага ледавіка. Рэльеф тут прадстаўлены ўзгорыста-хвалістай паверхняй з адноснымі вышынямі 20-25 м. Схілы рачных далін зрэзаны эразійнымі ірвамі і невялікімі ярамі. Пераважныя вышыні ў межах раёна 175—200 м, максімальная адзнака 223 м (в. Івашынавічы). Глыбіня расчлянення каля 5 м/км², павялічваецца на паўднёвым захадзе да 10 м/км², гушчыня расчлянення 0,2-0,3 км/км².
Раён належыць басейну р. Віліі. Найбольш значная р. Сэрвач (прыток Віліі), рэчышча якой каналізавана, глыбіня ўрэзу 10-15 м. У верхнім цячэнні рака ўпадае ў воз. Сэрвач, катлавіна яго круглявая, схілы спадзістыя, прыбярэжная зона забалочаная.
Літаратура правіць
- Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3