Кулі (археалагічная культура)

Культура Кулі (англ.: Kulli culture, урду: محل وقوع, каля 2600 — 1900 гг. да н. э.) — старажытная археалагічная культура на поўдні пакістанскай правінцыі Белуджыстан. У нашы дні існуюць навуковыя дыскусіі, ці трэба яе разглядаць як самастойную, ці як частку Індскай цывілізацыі.

Кулі
Бронзавы век
Рытон у форме зебу
У складзе магчыма Індская цывілізацыя
Геаграфічны рэгіён Паўднёвая Азія
Лакалізацыя Белуджыстан
Датаванне 2600 — 1900 гг. да н. э.
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка, рамяство
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Даследаванне правіць

Культура Кулі атрымала сваю назву ад аднайменнага пагорка на поўдні Белуджыстана, дзе ў 1931 г. Аўрэль Стэйн падчас раскопак выявіў першыя артэфакты. Вылучэнне асобнай культуры адбылося ў 1950 г. дзякуючы дзейнасці брытанскага археолага Сцюарта Пігата. З самога пачатку была зразумела сувязь Кулі з Індскай цывілізацыяй, аднак найбольш актыўныя дыскусіі аб яе паходжанні ўзніклі ў другой палове 1980-х гг. У нашы дні вядома болей за 100 помнікаў культуры, аднак дастаткова вывучаны толькі некалькі з іх.

Гісторыя правіць

Да сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. Белуджыстан быў населены качэўнікамі. Іх найбольш раннія стаянкі датуюцца мяжой 4 і 3 тысячагоддзяў да н. э. Прыкладна ў 2700 — 2600 гг. да н. э. на поўдні Белуджыстана сфарміраваліся ганчарныя цэнтры, дзе на ганчарных колах выраблялі посуд, а потым размалёўвалі яго раслінным арнаментам. Прыхільнікі тэорыі, згодна якой Кулі ўзнікла як самастойная культура, называюць такі посуд «протакулійскім» і зазначаюць, што яго вытворчасць была наладжана да фарміравання тыповай харапскай керамікі. Аднак частка даследчыкаў высоўвае меркаванне, што качэўнікі-протакулійцы пакінулі населеныя імі тэрыторыі ў сувязі са зменамі клімату, а сталыя паселішчы былі пабудаваны толькі ў другой палове 3 тысячагоддзя да н. э. дзякуючы развіццю гандлёвых сувязей паміж Індскай цывілізацыяй і раннімі цывілізацыямі Іранскага плато. Пагоркі Кулі маглі быць цікавымі для выхадцаў з Індскай цывілізацыі сваімі радовішчамі медзі.

Росквіт культуры Кулі адбыўся ў апошняй чвэрці 3 тысячагоддзя — пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. Асноўнымі захаванымі помнікамі гэтага перыяду з'яўляюцца паселішчы плошчай да 35 га, пераважна вёскі і малыя гарады. Вядомы рэшткі паселішчаў, якія маглі займаць да 50 га і класіфікавацца як адносна буйныя гарады. Многія паселішчы ўзводзіліся на ўзвышшах у стратэгічна важных месцах. Але абарончыя збудаванні не знойдзены. Мясцовая эканоміка засноўвалася на сельскай гаспадарцы, што патрабавала ірыгацыі. Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, вінаград. Кераміка, характэрная для Кулі, сустракаецца ў паселішчах Індскай цывілізацыі, у Іране і на Аравійскім паўвостраве. На кераміцы знаходзяць знакі, адрозныя ад традыцыйных ганчарных пячатак. Некаторыя вучоныя ітэрпрэтуюць іх як пісьмовыя.

Прычыны заняпаду культуры Кулі не вядомы. Сцюарт Пігат лічыў, што ён мог адбыцца з-за ваеннага ўварвання з горнай часткі Белуджыстана. У нашы дні заняпад часцей тлумачаць агульнымі прычынамі з крызісам Індскай цывілізацыі, перарваннем гандлёвых сувязей або далейшымі кліматычнымі зменамі.

Культурныя традыцыі правіць

Прадстаўнікі культуры Кулі будавалі свае паселішчы на пагорках. Часцяком будынкі мелі 2 паверхі, на верхні вяла драўляная лесвіца. Каля паселішчаў знойдзены дамбы. Усё гэта кажа пра тое, што мясцовыя землі маглі сезонна затапляцца. Ужо раннія раскопкі паказалі, што планіроўка сталых паселішчаў нагадвае харапскую. Так, Аўрэль Стэйн знайшоў сеткі спланаваных вуліц, уздоўж якіх узводзіліся каменныя жытлы. Вядомы знаходкі брукаваных вуліц. Будаўнікі выкарыстоўвалі мясцовыя матэрыялы: буйныя пяшчанікавыя блокі, што шчапляліся гліняным растворам, або неабпаленыя цагліны. Памерлых хавалі на могілках не далёка ад паселішчаў. Іх крэміравалі і хавалі ў неглыбокіх ямінах, або попел змяшчалі ў збаны, побач клалі ўпрыгожванні і паўсядзённыя рэчы.

Уяўленні пра тагачасных жыхароў даюць тэракотавыя статуэткі жанчын. У іх складаныя прычоскі з заплеценымі валасамі, часам — хусткі, пацеркі, падвескі і бранзалеты. Некаторыя выявы трымаюць у руках немаўлят. Аднак часцей статуэткі выраблялі ў форме жывёл, асабліва зебу. Археолагі знаходзяць упрыгожванні з медзі і каштоўных камянёў, песцікі і посуд. Кулійцы не карысталіся сваімі пячаткамі, але ў кулійскіх паселішчах выяўлены пячаткі Індскай цывілізацыі. Пра развітыя сувязі з ёю кажуць знаходкі рэчаў з аднолькавымі мастацкімі матывамі, падобныя цацкі і вагі.

Кулійская кераміка стала адным з галоўных чыннікаў вылучэння асобнай археалагічнай культуры. Хаця некаторыя даследчыкі падкрэсліваюць перапыненне найбольш старажытнай традыцыі ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н. э., адрозненні заўважны пераважна ў стылістыцы. Такім чынам прынята вылучаць кераміку Кулі тыпу А і кераміку Кулі тыпу Б. Ужо ў старажытныя часы кулійскія ганчары карысталіся ганчарным колам. Але на ганчарным коле выраблялі адносна невялікія пасудзіны. Для вырабу вялікіх пасудзін ужывалі больш складаны прыём паваротнага стала або сумяшчалі прыёмы. Кераміка мела складаны арнамент, розныя форму і колер. Вылучаюцца бочкападобны і цыліндрычны посуд, чары, гарлачы, шарападобныя слоікі, талеркі, высокія пасудзіны, кубкі на падстаўцы, выпуклыя чыгуны з кароткім горлам, міскі з кароткім дном і г. д. Упрыгожванні ўключаюць геаметрычныя, натуралістычныя і зааморфныя выявы. Характэрная прыкмета — шэрагі малюнкаў жывёл.

Спасылкі правіць