Кундская культура

Кундская культура — мезалітычныя культура VIII—V тысячагоддзяў да нашай эры, распаўсюджаная на тэрыторыі ўсходняй Прыбалтыкі ад Польшчы да Ленінградскай вобласці і паўднёвай Фінляндыі[1].

     Яніславіцкая культура     Каморніцкая культура     Грэнская культура     Кундская культура     Кудлаеўская культура     Бутаўская культура

Развілася на базе свідэрскай культуры і пазней эвалюцыянавала ў нарвенскую культуру.

Пуліскае паселішча кундскай культуры лічыцца следам старажытнага знаходжання чалавека на тэрыторыі Эстоніі. Кундская культура названа ў гонар эстонскага горада Кунда (знаходзіцца прыблізна за 110 кіламетраў на ўсход ад Таліна), недалёка ад якога было знойдзена першае шырока вывучанае паселішча на гары Ламмасмяэ і ў навакольным тарфяніку.

На тэрыторыі Беларусі вядома тры паселішчы, два ў Полацкім раёне і адно — у Верхнядзвінскім[2].

Прылады кундскай культуры

Прадстаўнікі культуры часта выкарыстоўвалі для вытворчасці інструментаў і зброі рогі і косткі, што было абумоўлена рэдкімі радовішчамі крэменю ў рэгіёне[2].

Мёртвых хавалі ў выпрамленым палажэнні ў адзіночку ці групамі (часам у некалькі ярусаў), часта пасыпалі трупы вохрай і клалі да іх прылады працы[2].

Выказваюцца здагадкі, што носьбіты гэтай культуры мелі гаплагрупу N1c[3].

Як і позняя свідэрская культура, кундская культура пазней пашыраецца на паўночны ўсход і ўсход, што вызначылі прыродныя ўмовы і сыход у гэтым напрамку паўночных аленяў. Комплексы, уласцівыя кундскай культуры, знаходзяць ля Анежскага возера, а яшчэ больш на поўнач фіксуюцца постсвідэрскія комплексы на рэках Каме і Пячоры[4].

Зноскі

  1. Каменный век Восточной Прибалтики Архівавана 13 студзеня 2004.
  2. а б в Сярэдні каменны век (мезаліт). Засяленне краю плямёнамі паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў // Гісторыя Беларусі: у 6 т. — Т. 1: Старажытная Беларусь. — Мінск: Экаперспектыва, 2007. — С. 32-33
  3. Haplogroup N (Y-DNA)
  4. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 76.

Спасылкі правіць