Кухонны камбайн — універсальная кухонная машына, якая складаецца з электрапрывода і насадак для атрымання фруктовых, ягадных і агароднінных сокаў, прыгатавання розных фаршаў, паштэтаў, пюрэ, размолу кавы і вострых прыпраў, узбівання крэмаў, смятанкі, мусаў, малочных і фруктовых кактэйляў, вымешвання цеста, праціркі сухароў, арэхаў, сыру, наразання гародніны, абірання бульбы. Выкарыстанне кухоннага камбайна значна аблягчае і паскарае працаёмкую кулінарную апрацоўку прадуктаў.

Кухонны камбайн

Электрапрывод складаецца з пластмасавага корпуса з электрарухавіком, які мае некалькі скорасцей. Спажываная магутнасць 100—700 Вт у залежнасці ад ступені ўніверсальнасці машыны. Колькасць насадак у машын розных марак розная. Да іх належаць: сокавыціскалка, мясарубка, агароднінарэзка, кавамолка. Кухонны камбайн можа быць дапоўнены зменнымі мяшалкамі, фільтрамі для фармавання цеста і крэму, таўкачыкамі для перацірання варанай агародніны і інш. Кухонныя камбайны выпускаюцца звычайна ў настольным выкананні, існуе кухонны камбайн у падлогавым выкананні, памерам стандартнай кухоннай мэблі.

Літаратура правіць

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.