Кіева-Магілянская акадэмія

(Пасля перасылкі з Кіева-магілянская акадэмія)

Кіеўская акадэмія, ці Кіева-Магілянская акадэмія — першая вышэйшая навучальная ўстанова, асветніцкі і культурны цэнтр ва Украіне.

Кіева-Магілянская акадэмія
(КМА)
Стараакадэмічны корпус акадэміі на Кантрактовай плошчы
Міжнародная назва лац.: Academia Kiioviensis Mohileana
Заснаваны 1632
Год закрыцця 1817
Размяшчэнне Кіеў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб'яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П. Магілы). У 1701 калегіуму былі нададзены правы і тытул акадэміі.

Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 года 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філалагічную падрыхтоўку, вывучалі ўкраінскую, грэчаскую, лацінскую і польскую мовы, класічную грэчаскую і рымскую, сярэдневяковую літаратуру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены руская, французская, нямецкая, старажытнаяўрэйская мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання Кіеўскай акадэміі — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала мастацкая і музычная адукацыя.

Бібліятэка акадэміі ў 2-й палавіне 18 ст. мела 12 тысяч тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экзэмпляры).

Кіеўская акадэмія адыграла вялікую ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца беларускай праваслаўнай моладзі (навучальныя ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У Кіеўскай акадэміі атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І. Канановіч-Гарбацкі[ru], Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф. Пракаповіч, Г. Каніскі, С. Косаў і іншыя, у 1734 вучыўся М. Ламаносаў.

З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Кіеўская акадэмія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. С. 251.
  • Академии духовные православные // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  • Самусік А.Ф. Ураджэнцы Беларусі ў Кіева-Магілянскай акадэміі ў канцы XVII – першай палове XVIII ст. // Религия и общество – 15 / под ред. В.В. Старостенко и др. Могилёв: МГУ им. А.А. Кулешова, 2021. С. 138-140.
  • Самусік А.Ф. Выхаванцы Кіева-Магілянскага калегіума ва ўніяцкіх і каталіцкіх навучальных установах у другой палове XVII – пачатку XVIII ст. // Романовские чтения – 16 / под ред. А.С. Мельниковой и др. Могилев: МГУ им. А.А. Кулешова, 2023. С. 45-46.