Ларыса Пятроўна Марозава

Ларыса Пятроўна Марозава (да 1920, Маладзечна — студзень 1948, лагер Эльген, УПУППЛ; Псеўданімы: Леся Беларуска, Эриния) — уяўная беларуская паэтэса.

Гісторыя містыфікацыі правіць

Ад пачатку Ларыса Марозава была ненаўмыснай містыфікацыяй літаратуразнаўкі Валянціны Коўтун, але неўзабаве пачала «самастойнае жыццё». Паводле некаторых выданняў, Ларыса Марозава атрымала педагагічную адукацыю, працавала настаўніцай у Маладзечне[1]. У 1938 годзе быццам выйшла замуж за афіцэра НКУС Аляксея Марозава і ў дзень вяселля яе ўпершыню затрымалі і даставілі ў НКУС, а ў канцы ліпеня 1938 года мужа арыштавалі і расстралялі, самую яе арыштавалі праз паўгода — у студзені 1939 года[2][3]. Паводле тых жа выданняў, быццам «за належнасць да нацыяналістычнай арганізацыі» Марозаву асудзілі на 10 гадоў лагераў[1], а зняволенне яна адбывала ў Магадане і ў лагеры Эльген[3], дзе працавала ў асноўным на лесапавале[1]. Уяўная Марозава працягвала пісаць у лагеры вершы рускай мовай пад псеўданімам Эриния (старажытнагрэчаская багіня помсты і адплаты), псеўданімам Леся Беларуска быццам падпісвала толькі беларускія вершы; таксама збірала лагерны фальклор, шмат яе рукапісаў канфіскавалі падчас вобыскаў[3]. Загінула ўяўная Марозава ў зняволенні[3], быццам за некалькі дзён да вызвалення, калі даведалася, што мужа расстралялі яшчэ ў 1938 годзе.[1]

Знайшоўся нават сулагернік Марозавай, украінскі рускамоўны паэт Васіль Малагуша[uk], паводле яго, паэтка ў пачатку студзеня 1948 года выйшла з барака і не вярнулася, а раніцай яе знайшлі замерзлай у сумёце. Малагуша напісаў успаміны пра Марозаву, якія разам з яе 21 вершам выдалі ў кнізе Алены Кобец-Філімонавай «Карэльскія Курапаты 1937—1938. Рэха ГУЛАГа»[1]. Рукапісны зборнік твораў Марозавай пад назвай «Я голас ваш» Васіль Малагуша ў 1997 годзе перадаў у часопіс «Полымя», дзе яго часткова апублікавалі[2]. Пра лёс Марозавай пісаў кнігу беларускі гісторык і пісьменнік Анатоль Валахановіч[1]. Таксама некаторыя выданні сцвярджалі, што Марозаву згадвала Яўгенія Гінзбург, таксама зняволеная Эльгена[2], але ў даступных тэкстах Гінзбург такіх згадак не знойдзена.

Яшчэ да адкрыцця ўяўнасці Марозавай праз прызнанне Валянціны Коўтун, літаратуразнаўцы заўважалі супярэчнасці ў «біяграфіі» паэткі, а сапраўднасць яе творчасці ставілі пад сумненне, пакуль няма іх прафесійнага даследавання[4].

Творы пад імем Ларысы Марозавай правіць

  • Малітва да Калымы: Вершы // Полымя. 1997, № 2;
  • Мой свет: Вершы // Полымя. 1999, № 3;
  • В лагерном бараке: (верш) // Труд. 30.08.2007.
  • Малітва да Калымы: лісты з «Эльгена»: [вершы] / Леся Беларуска. — Мн: «Лімарыус», 2009.[5]

Зноскі

  1. а б в г д е Писательница…
  2. а б в Краса і сіла:…
  3. а б в г Маракоў…
  4. Галубовіч…
  5. Зборнік вершаў беларускай пісьменніцы В. М. Коўтун. Творы напісаны ад выдуманага імя Лесі Беларускі, абагульненага вобраза палітычнага вязня 1930-1940-х гг.

Літаратура правіць

  • Галубовіч Л. Сястра наша Леся… // ЛіМ. 22.2.2008, № 8 (4451);
  • Дорская С. Справа Лесі Беларускі раскрытая: [пра прэзентацыю кнігі Валянціны Коўтун «Леся Беларуска. Малітва да Калымы», Мінск] // Літаратура і мастацтва. — 2009. — 21 жніўня (№ 31). — С. 4;
  • Капа Н. Справа Лесі Беларускі: [пра трагічны лёс рэпрэсіраванай паэтэсы Л. П. Марозавай] // Літаратура і мастацтва. — 2008. — 9 мая (№ 19). — С. 14;
  • Коўтун В. Малітва Лесі Беларускі: [пра лёс паэтэсы: гутарка з пісьменніцай Валянцінай Коўтун] // Звязда. — 2009. — 30 крас.;
  • Краса і сіла: Анталогія беларускай паэзіі XX стагоддзя / Склад. М. Скобла; Навук. рэд. А. Пашкевіч. -Мн.: Лімарыус, 2003;
  • Локун В. Малітва, звернутая да людзей // Маладосць. — 2010. — № 4. — С. 128—131.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.;
  • Писательница Елена Кобец-Филимонова считает необходимым увековечить память талантливой поэтессы Леси Белоруски // БелаПАН / Культура, 29.10.2007. 22:03

Спасылкі правіць