Леанід Сцяпанавіч Барадулька

беларускі балетмайстар

Леані́д Сцяпа́навіч Бараду́лька (1 лютага 1937, Орша, Беларусь — 2 красавіка 2000) — беларускі балетмайстар.

Леанід Сцяпанавіч Барадулька
Дата нараджэння 1 лютага 1937(1937-02-01)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 красавіка 2000(2000-04-02)[1] (63 гады)
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія харэограф
Тэатр
Узнагароды
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР

Заслужаны работнік культуры БССР (1982). Мастацкі кіраўнік народнага ансамбля танцу «Лявоніха» (1964—2000) пры Віцебскім гарадскім цэнтры культуры. Паставіў звыш 80 сюжэтна-тэматычных харэаграфічных кампазіцый і народна-сцэнічных танцаў[2].

Біяграфія правіць

У 1954 годзе ў 17-гадовым узросце працаўладкаваўся на «Віцебскі станкабудаўнічы завод» і пачаў займацца ў толькі створаным самадзейным танцавальным гуртку Дома культуры Віцебска. Кіраўніком гуртка быў С. Х. Партны. Праз некалькі гадоў трапіў у Дзяржаўны ансамбль танца БССР пасля адбору ў конкурсе. Пазней атрымаў запрашэнне ў Чырвонасцяжны ансамбль імя Аляксандрава, але ў 1964 годзе вярнуўся ў Дом культуры Віцебска, дзе ўзначаліў свой танцавальны гурт, які атрымаў назву «Лявоніха». Для вывучэння беларускіх народных танцаў ездзіў па раёнах Віцебскай вобласці. У выніку паставіў танец «Беларуская кругавая кадрыля», які бытаваў у Бешанковіцкім раёне. У 1971 годзе ансамбль «Лявоніха» атрымаў годнасць народнага. У 1974 годзе да 1000-годдзя Віцебска стварыў харэаграфічную кампазіцыю «Віцязі». У 1979 годзе скончыў Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча[2].

У 1980-м народны ансамбль «Лявоніха» з харэаграфічнай кампазіцыяй «Алімпійскі факел» выступіў на 22-х Алімпійскіх гульнях у Маскве (РСФСР). У 1982 годзе атрымаў ганаровую годнасць заслужанага работніка культуры Беларусі. За 36-гадовую працу ў «Лявонісе» паставіў такія сюжэтна-тэматычныя харэаграфічныя кампазіцыі і народна-сцэнічныя танцы, як «Беларускія хлопцы», «Кросны», «Крыжачок», «Лявоніха», «Старасвецкая кадрыля» і «Таўкуша». Адначасна быў саветнікам Віцебскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Выкладаў беларускі народны танец на віцебскіх абласных семінарах харэограваў і курсах павышэння кваліфікацыі культурна-асветніцкіх працаўнікоў. У пастаноўках найбольшую ўвагу надаваў прастораваму малюнку і пластыцы пляскі Беларускага Паазер’я[2].

Зноскі

  1. а б в г https://bis.nlb.by/by/documents/135256
  2. а б в Віцебская абласная бібліятэка. Барадулька Леанід Сцяпанавіч. Анлайн-энцыклапедыя «Беларусь у асобах і падзеях» (25 красавіка 2012). Праверана 18 студзеня 2022.