Лябіёза (Colisa labiosa) — рыба атрада акунепадобных.
Даўжыня да 10 см. Цела высокае, авальнае, пярэдняя яго частка фіялетавая, задняя сіняя. Брушка сіне-зялёнае. На целе папярочныя карычнева-чырвоныя палосы, уздоўж яго цёмная паласа. Плаўнікі цёмна-аліўкавыя, брушныя відазменены ў ніці, чырванаватыя ў самцоў і блакітныя ў самак.
Водзіцца ў вадаёмах Індыі і Бірмы. У Еўропу завезена ў пач. XX ст.
Вядома як акварыумная рыба. Гадуюць у невялікіх акварыумах з цёмным грунтам, густой расліннасцю.
- Лябіёза // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3 / Рэдкал І. Шамякін і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984.