Лімоннік кітайскі

Лімоннік кітайскі (Schisandra chinensis) — дрэўная лістападная ліяна.від кветкавых раслін роду лімоннік (Schisandra) сямейства лімоннікавыя (Schisandraceae)[4].

Лімоннік кітайскі

Агульны выгляд квітнеючай расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Schisandra chinensis (Turcz.) Baill.

Сінонімы

Паводле The Plant List (2010)[3]:


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
NCBI  50507
EOL  10186405
GRIN  t:70678
IPNI  555087
TPL  kew-2585428

Батанічнае апісанне правіць

 
Лімоннік кітайскі. Батанічная ілюстрацыя з часопіса Луі Ван-Гута  (руск.) Flore des serres et des jardins de l'Europe (том XV, 1862-1865)

Лістападная ліяна даўжынёй да 10-15 м, у паўночных раёнах рэдка перавышае ў даўжыню 4 м. Сцябло дыяметрам да 2 см[4], завіваецца на апоры, пакрыта маршчыністай, цёмна-карычневай карой[4], якая лупіцца. Парасткі з гладкай жаўтлявай карой.

Лісце эліптычнае або зваротна-яйкападобнае[4], даўжынёй 5-10 см, шырынёй 3-5 см. Мае клінаватае аснаванне і завостраную верхавіну, па краі няяўназубчастае, злёгку мясістае, зверху голае, цёмна-зялёнае, знізу бледнае, са слабым апушэннем па жылках. Хвосцікі ружавата-чырвоныя, 2-3 см у даўжыню. І лісце, і сцёблы выдаюць лімонны пах.

Лімоннік кітайскі — расліна аднадомная, кветкі раздзельнаполыя[4]. Тым не менш, у некаторыя гады на ліяне могуць быць толькі мужчынскія кветкі. Кветкі дыяметрам да 1,5 см, з выразным водарам, белыя[4], аднак да канца перыяду цвіцення ружавеюць, скучаныя ля аснавання аднагадовых галінак па 3-5 з адной пазухі ліста, на самастойных паніклых кветаножках даўжынёй 1-4 см. Калякветнік з 6-9 долямі[4], з іх вонкавыя нікнуць, унутраныя, якія сыходзіліся, авальна-даўгаватыя, тупыя, звычайна вузей вонкавых; пылавіковая калонка утрая карацей калякветніка; пладалісцікі шматлікія, круглявыя, з кароткім носікам.

Формула кветкі:    і   [5], ці   [6].

Пасля цвіцення кветаложа разрастаецца, з адной кветкі утвараецца павіслая гронкападобная зборная мнагаягада даўжынёй да 10 см, пасаджаная сакавітымі чырвонымі кіслымі ягадамі[4] (гэты плод таксама класіфікуюць як сакавітую мнагалістоўку  (руск.)[7]).

Насенне, вызваленае ад каляплодніка, — круглява-пупышкападобнай формы, на ўвагнутым баку з прыкметным цёмна-шэрым рубчыкам, размешчаным папярок семачкі. Даўжыня 3-5 мм, шырыня 2-4,5 мм, таўшчыня 1,5-2,5 мм. Паверхня гладкая, бліскучая, жаўтлява-бурага колеру. Семя складаецца з цвёрдай далікатнай лупіны і шчыльнага ядра, якое ў недаразвітым насенні можа адсутнічаць. Лупіна лёгка ламаецца і свабодна адстае ад ядра. Ядро падковападобнай формы, васкова-жоўтае, адзін канец конусападобна завостраны, другі — круглявы. На выпуклым баку ядра семачкі праходзіць светла-карычневая баразёнка. Асноўную масу ядра насення складае эндасперм. У завостраным канцы верхавіны (у эндасперме) ляжыць невялікі зародак, прыкметны пад лупай. Пах пры расціранні — моцны, спецыфічны. Смак — рэзкі, ялкава-пякучы.

 
 
 
 
Злева направа:
Лісце, плады і насенне лімонніка кітайскага. Лімоннік восенню, на будынку.

Біялагічныя асаблівасці правіць

Спіральна абвівае апору па гадзіннікавай стрэлцы.

Аднаўляецца галоўным чынам вегетатыўна — атожылкамі ад каранёў, укараненне датыкальных з глебай ліян. Аднаўленне насеннем сустракаецца радзей.

Перыяд цвіцення у маі — чэрвені[4], працягваецца 10-14 дзён. Апыляецца насякомымі, уключаючы пчол, якія збіраюць нектар і пылок.

Плады лімонніка спеюць у верасні-кастрычніку[4]. Часткова застаюцца вісець у зіму. У паўночных раёнах амаль не плоданасіць. Да замаразкаў даволі ўстойлівы.

Распаўсюджанне і экалогія правіць

Радзіма — Усходняя Азія. У натуральным стане расце ў Кітаі, Японіі і Карэі[8]. На тэрыторыі Расіі сустракаецца ў Прыморскім і Хабараўскам краях[4], Амурскай вобласці, на Сахаліне (не вышэй 51° п. ш.), Курылах (Шыкатан, Кунашыр, Ітуруп). Па ўзбярэжжы Татарскага праліва лімоннік кітайскі дасягае ракі Тумнін  (руск.), па Амуру спускаецца да сяла Сусаніна  (руск.), па Амгуні даходзіць да гідралагічнага паста Каменка  (руск.), па Бурэі даходзіць да сяла Усць-Умальта  (руск.), па Селямджы  (руск.) — да сяла Стойба  (руск.), па Зеі дабіраецца ледзь вышэй горада Зеі, уверх па Амуру распаўсюджаны да пасёлка Кумары.

Расце ў кедрава  (руск.)-шыракалістых і іншых іглічна-лісцяных, часам — у лісцяных лясах, звычайна ў прагалах, узлесках, высечках і старых гарах, часцей у вузкіх далінах горных рэк і ручаёў[4]. Расце групамі, утварае зараснікі[4]. Не сустракаецца ў поймах з доўгім затапленнем або працяглым пераўвільгатненнем глебы, таксама пазбягае забалочаных месцаў. У горы падымаецца да 600 м над узроўнем мора.

Святлолюбівая, але ў раннім узросце вытрымлівае моцнае і працяглае зацяненне. Можа расці на бедных ападзоленых суглінках і супяшчаных пойменных глебах. Аптымальнымі для росту і плоданашэння з'яўляюцца дрэнаваныя глебы далін невялікіх горных рэк і ручаёў. Зімастойкая расліна.

Інтрадукаваны ў Еўропе. Вырошчваюць як лекавую і дэкаратыўную расліну.

Хімічны склад і фармакалагічныя ўласцівасці правіць

У соку пладоў утрымліваюцца цукры (да 1,5 %), арганічныя кіслоты (8,5-20) — галоўным чынам лімонная (да 11), яблычная (7-8), вінная (0,8 %); вітаміны — аскарбінавая кіслата, тыямін, рыбафлавін[4]. У насенні выяўленыя танізавальныя рэчывы (каля 0,012 % схізандрыну і схізандрол), такаферол (0,03) і тлусты алей (да 34 %). Ва ўсіх частках расліны, але больш за ўсё ў кары (да 2,6-3,2 %), змяшчаецца эфірны алей, які высока цэніцца ў парфумерыі за тонкі рэзка-лімонны водар.

Эфірны алей з кары — празрыстая залаціста-жоўтая вадкасць з пахам лімону. У склад эфірнага алею ўваходзяць сесквітэрпенавыя вуглевадароды (да 30 %), альдэгіды і кетоны (да 20 %). Тлусты алей уключае α-лінолевую (да 20 %), β-лінолевую (да 35), алеінавую (да 34) і каля 4 % гранічных кіслот.

Дзеючыя рэчывы лімонніка з'яўляюцца фізіялагічным антаганістам лекавых сродкаў снатворнага дзеяння і прэпаратаў, што ўціскаюць ЦНС (у тым ліку барбітуратаў, транквілізатараў, супрацьэпілептычных, седатыўных сродкаў, нейралептыкаў). Узмацняюць дзеянне псіхастымулятараў і аналептыкаў (у тым ліку кафеіну, камфары, фенаміну)[9].

Значэнне і ўжыванне правіць

У кулінарыі і харчовай прамысловасці правіць

 
Гарбата з лімонніка

Са спелых пладоў гатуюць кісель[4], джэм, варэнне, ахаладжальныя напоі, у кандытарскай вытворчасці — начынне для цукерак (напрыклад, карэйскіх хангва  (руск.)), мармелад і інш..

Пры атрыманні соку трэба пазбягаць драблення насення, бо гэта надае соку горкі смак. З соку можна прыгатаваць квас, морс, кісель, «сухое» варэнне. Калі сок дабавіць у чай, атрымаецца асвяжальны напітак. Таксама яго выкарыстоўваюць для букетавання вінаў.

З лісця і кары заварваюць гарбату, якая валодае лёгкім лімонным водарам і мае супрацьцынготныя ўласцівасці[4]. У Карэі такі чай вельмі папулярны і называецца хвачхэ  (руск.).

Варэнне, зваранае з ягад без насення, мае кансістэнцыю джэму і своеасаблівы пах. Плады лімонніку выкарыстоўваюць на прыгатаванне лячэбнага віна. На працяглае захоўванне плады лімонніку замарожваюць або сушаць.

У медыцыне правіць

 
Настойка насення лімонніка

У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюць плод лімонніку кітайскага (лац.: Fructus Schisandrae) і насенне (Semen Schisandrae)[4]. Нарыхтоўваюць спелыя плады з верасня і да замаразкаў[4]. Для атрымання насення з пладоў адціскаюць сок, а пасля закісання жмыху насенне аддзяляюць ад каляплодніка бруёй вады[4]. Адмытае насенне сушаць на сонцы або ў сушылках[4] пры тэмпературы 50—60° С[10].

У лячэбных мэтах выкарыстоўваюць свежыя плады, настойкі насення, адвары з сухіх пладоў, парашок з насення і пладоў. Эфект лекавага ўздзеяння лімонніку залежыць ад характару захворвання, віду расліннай сыравіны (насенне, плады, лісце, кара, карані), дозы прыёму і тыпу нервовай сістэмы чалавека. Таму лячэнне лімоннікам павінна праводзіцца пад строгім наглядам і кантролем урача. Лімоннік не рэкамендуецца ўжываць хворым на эпілепсію, гіпертанію, язвавую хваробу страўніка і дванаццаціперснай кішкі[11].

Лекавыя ўласцівасці лімонніку абумоўлены комплексам фізіялагічна актыўных рэчываў і ў першую чаргу наяўнасцю ў насенні, мякаці пладоў, лісці, кары парасткаў і каранях асобнай групы рэчываў — схізандрынаў[4], якія аказваюць стымулюючае дзеянне на нервовую сістэму, паляпшаюць агульны стан арганізма і апетыт, павышаюць разумовую, фізічную працаздольнасць і вастрыню зроку, паніжаюць стомленасць і стымулююць дзейнасць сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэмы[4].

Павышае артэрыяльны ціск, узмацняе працэсы ўзбуджэння ў структурах галаўнога мозгу і рэфлекторную дзейнасць, падвышае працаздольнасць і памяншае стому пры фізічных і разумовых нагрузках[9].

Сухія ягады захоўваюць да 0,6 % аскарбінавай кіслаты і схізандрын, маюць араматычны пах і рэзкі, горка-салодкі смак. Плады і насенне выкарыстоўваюць у якасці лекавага сродку, якая аказвае адаптагеннае, агульнатанізуючае і псіхастымулюючае дзеянне. Танізавальнае дзеянне пладоў вызначае схізандрын, які падвышае ўзбудлівасць цэнтральнай нервовай сістэмы і стымулюе працу сэрца і дыхальнага апарата.

Выяўлена станоўчае ўздзеянне лімонніку на хворых са знясіленай нервовай сістэмай, неўрастэніяй, санлівасцю і інш. Лімоннік садзейнічае павышэнню крывянога ціску, даводзячы яго да нормы ў хворых на гіпатанію[11].

Па класіфікацыі АТХ ставіцца да агульнатанізуючых прэпаратаў (група A13A).

Прэпараты лімонніка кітайскага паказаны пры астэнічным сіндроме, гіпатаніі, у перыяд рэканвалесцэнцыі пасля саматычных і інфекцыйных захворванняў. Лімоннік таксама прызначаюць пры ператамленні, зніжэнні працаздольнасці і пры занятках дзейнасцю, спалучаныя з вялікімі нервова-псіхічнымі і фізічнымі нагрузкамі. У складзе комплекснай тэрапіі ўжываецца пры парушэннях палавой функцыі на фоне неўрастэніі. У якасці пабочнага дзеяння пры выкарыстанні лімонніка згадваюцца алергічныя рэакцыі, тахікардыя, парушэнні сну, галаўны боль, павышэнне артэрыяльнага ціску. У сувязі з гэтым дадзеныя прэпараты проціпаказаныя пры парушэннях сардэчнай дзейнасці, артэрыяльнай гіпертэнзіі, падвышанай узбудлівасці, эпілепсіі, парушэннях сну, вострых інфекцыйных захворваннях, хранічных захворваннях печані, гіперадчувальнасці да кампанентаў прэпарата, пры цяжарнасці і ў перыяд лактацыі, а таксама дзецям да 12 гадоў. У пазбяганне парушэння засынання не рэкамендуецца прымаць спіртовую настойку ў другой палове дня. У выпадку ўзнікнення пабочных эфектаў неабходная адмена прэпарата[9].

Агратэхніка правіць

Пасадку лімонніку праводзяць восенню ці вясной да пачатку руху сокаў. Пры пасадцы абмежаванай колькасці раслін каля сцен, альтанак, арачных тунэляў і інш. адлегласць паміж кустамі 1,5 м.

Першыя 2 гады лімоннік расце слаба, нарошчваючы масу каранёў. На 3—4-ы год пачынаецца інтэнсіўны рост парасткаў, з якіх на кожным кусце адбіраюць 1—3 найбольш моцныя, а астатнія выразаюць. Адабраныя парасткі падвязваюць на драцяную шпалеру, супраць кожнай расліны прапускаюць вертыкальны дрот, прымацоўваючы яго да нітак падоўжна нацягнутага дроту. Плоданасіць саджанцы пачынаюць на 4— 5-ы год пасля пасадкі, атожылкі — на год раней.

Абрэзку робяць вясной ці восенню ў перыяд спакою расліны. Выразаюць загушчальныя, хворыя, паламаныя і сухія парасткі. Пры неабходнасці некаторыя здаровыя парасткі ўкарочваюць, сістэматычна выдаляюць каранёвыя атожылкі, каб яны не прыгняталі рост асноўных сцёблаў і не зніжалі іх прадукцыйнасці.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Schisandra chinensis (Turcz.) Baill. is an accepted name (англ.)(недаступная спасылка). The Plant List (2010). Version 1. Published on the Internet; http://www.theplantlist.org/. Royal Botanic Gardens, Kew and Missouri Botanical Garden (19 красавіка 2010). Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2019. Праверана 16 сакавіка 2013.
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Лещина обыкновенная (орешник) // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 75-77. — 200 с. — 130 000 экз.
  5. Барабанов Е.И. Ботаника: учебник для студ.высш.учеб.заведений. — М: Издательский центр «Академия», 2006. — 448 с. — ISBN 5-7695-2656-4.
  6. Сербин А.Г. и др. Медицинская ботаника. Учебник для студентов вузов. — Харьков: Изд-во НФаУ: Золотые страницы, 2003. — С. 123. — 364 с. — ISBN 966-615-125-1.
  7. Сергиевская Е.В. Систематика высших растений: Практический курс. — СПб.: «Лань», 2002. — ISBN 5-8114-0452-2.
  8. Паводле сайта GRIN (гл. раздзел Спасылкі).
  9. а б в Поиск по базе данных ЛС, опции поиска: МНН — Лимонника семян настойка, флаги «Искать в реестре зарегистрированных ЛС», «Искать ТКФС», «Показывать лекформы». Обращение лекарственных средств. ФГУ «Научный центр экспертизы средств медицинского применения» Росздравнадзора РФ (26 мая 2009). — Типовая клинико-фармакологическая статья является подзаконным актом и не охраняется авторским правом согласно части четвёртой Гражданского кодекса Российской Федерации №230-ФЗ от 18 декабря 2006 года. Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 07.09.2009.
  10. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 206. — ISBN 5-06-000085-0.
  11. а б Энцыклапедыя сельскага гаспадара. Мн., 1993.

Літаратура правіць

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Род 5. Лимонник — Schisandra L. С. RICH. // Деревья и кустарники СССР. Дикорастущие, культивируемые и перспективные для интродукции. / Ред. тома С. Я. Соколов. — М.—Л.: Изд-во АН СССР, 1954. — Т. III. Покрытосеменные. Семейства Троходендроновые — Розоцветные. — С. 101—102. — 872 с. — 3 000 экз.
  • Комаров В. Л. Род 549. Лимонник — Schisandra L. С. RICH. // Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор акад. В. Л. Комаров; Редактор тома Б. К. Шишкин. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1937. — Т. VII. — С. 566—567. — 792 + XXVI с. — 5 200 экз.
  • Дудченко Л. Г., Козьяков А. С., Кривенко В. В. Пряно-ароматические и пряно-вкусовые растения: Справочник / Отв. ред. К. М. Сытник. — К.: Наукова думка, 1989. — 304 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-12-000483-0.
  • Ворошилов В. Н. Флора советского Дальнего Востока. — М.: Наука, 1966.
  • Солодухин Е. Д. Деревья, кустарники и лианы советского Дальнего Востока. — Уссурийск, 1962.
  • Усенко Н. В. Деревья, кустарники и лианы Дальнего Востока. — Хабаровск: Кн. изд-во, 1984.

Спасылкі правіць

  • Лімоннік кітайскі: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.) (Праверана 17 сакавіка 2013)
  • Лімоннік кітайскі ў базе дадзеных PubMed (англ.) (Праверана 17 сакавіка 2013)