Лінгвістычная геаграфія

Лінгвагеаграфія ці лінгвістычная геаграфія — раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае пашырэнне моўных з'яў.

Аб'ект вывучэння лінгвагеаграфіі — спалучэнне ізаглос на тэрыторыі пашырэння пэўнай мовы («моўны ландшафт»).

Лінгвагеаграфія вылучылася з дыялекталогіі ў канцы ХІХ — пач. ХХ ст. Яе ўзнікненне і развіццё звязана з картаграфаваннем дыялектных адрозненняў і стварэннем дыялекталагічных атласаў (асобных рэгіёнаў, адной мовы, групы роднасных моў, тэрыторый, на якіх бытуюць рознасістэмныя мовы). Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай.

Лінгвістычная геаграфія Беларусі правіць

 
Карта беларускіх гаворак (Я. Карскі, 1903)

Вытокі беларускай лінгвістычнай геаграфіі ў працах па ўсходнеславянскай дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А. Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел беларускіх гаворак на 2 галоўныя часткі — паўночна-ўсходнія і паўднёва-заходнія — і вызначыў іх тэрытарыяльныя межы Я. Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вялікае значэнне ў станаўленні лінгвістычная геаграфіі мелі працы П. Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю старажытных форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з'яў.

 
Дыялекты беларускай мовы (Беларуская мова: Энцыкл., 1994)

Якасна новы этап у развіцці лінгвістычнай геаграфіі звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з'яў, уласцівых агульнанацыянальнай беларускай мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для беларускай, рускай і ўкраінскай моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай беларускіх гаворак, праблемамі гістарычнай дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спецыяльны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (1993-98).

Літаратура правіць

  • Крывіцкі А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.
  • Сцяцко П. У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 231 с. — ISBN 985-417-212-0.