Ліцвінства
Літвіні́зм, літвінства або ліцвіні́зм, ліцві́нства — плынь грамадскага меркавання, якая цалкам або часткова адмаўляе ролю продкаў літоўцаў у стварэнні сярэднявечнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, лічыць гістарычную спадчыну гэтай дзяржавы належнай у асноўным або цалкам беларусам.[1]
У верасні 2015 года Зянон Пазняк заўважыў, што расійская прапаганда «спрабуе выкарыстаць некаторых беларускіх маргіналаў, што па-юнацку мараць пра адраджэнне Вялікай Літвы», — адзначыў, што гэта «замешана на нянавісці да Беларусі». Пазняк тлумачыў: «Адзін з прыёмаў цяперашняй рускай фашыстоўскай прапаганды і дэзынфармацыйнай вайны — унесці „замутненне“ ў свядомасць самаідэнтыфікацыі на ніжэйшых, менш адукаваных пластах грамадства ў Беларусі і ва Украіне і стварыць тут часовыя сацыяльныя апоры для акупацыі і гібрыднай вайны. Любая нагода, любая ідэя, нават самая абсурдная становіцца прыдатнай для рускай дэзынфармацыі, калі яна накіравана на падважванне і раскол беларускай і ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці». Урэшце Пазняк падкрэсліў: «Адмоўнасць нашых „разумных дурняў“ у тым, што яны… клянуць беларусаў і ўсё беларускае, … думка не пра кансалідацыю, не пра развіццё Беларусі, а пра развал. Для Масквы такія думкі прыдатныя ў любым выглядзе»[2][3].
У 2023 годзе Святлана Ціханоўская назвала літвінізм «маргінальнымі выпадкамі», якімі імкнуцца развесці літоўцаў і беларусаў, а таксама заявіла, што беларусы паважаюць цэласнасць і спадчыну Літвы[4][5].
Гісторыя правіць
Сярэднявечча правіць
У XIV—XV стагоддзях «ліцвінамі» называлі сябе пераважна жыхары заходніх зямель Беларусі і ўсходу Літвы. У XVI стагоддзі і асабліва ў XVII—XVIII стагоддзях гэтая назва распаўсюджваецца амаль на ўвесь беларускі этнас.[6] Гэтакая форма «нацыяльнага» самавызначэння насельніцтва Беларусі (асабліва шляхты) умацоўваецца пасля аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага з Польскім каралеўствам у Рэч Паспалітую, якое разглядалася палякамі як «аб’яднанне дзвюх нацыяў у адзіную нацыю». Тутэйшыя магнаты і шляхта доўгі час падкрэслівалі, што яны менавіта «ліцвіны», чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўнанацыянальнай самасвядомасці. «Мы і палякі, хоць і брацця, але зусім адменных звычаяў», — пісаў у канцы XVI стагоддзя канцлер Леў Сапега. Назвы «ліцвіны», «Літва», на думку даследчыкаў, былі найбольш абагульняльнай формай этнічнай самасвядомасці і самавызначэння беларускага насельніцтва. Яны ўжываліся на беларускіх тэрыторыях больш пяцісот гадоў, а ў другой палове XIX стагоддзя перамясціліся на паўночны захад і сталі найменнем суседняга балцкага народу і яго зямлі.
Новы час правіць
Першапачаткова ліцвінства ўзнікла ў ХІХ стагоддзі, грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях ВКЛ, праяўлялася ў цікавасці да народнай культуры, на ўсведамленні этнакультурнай адметнасці як ад рускіх, так і ад палякаў. Было часткай рэчыпаспалітаўскага патрыятызму, хоць і вылучалася высокай ступенню аўтаномнасці. Паводле стваральніка рускамоўнага сайту «Літванія» Віктара Нагнібяды, па канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі — «краёўцаў», былі па веравызнанні каталікамі (або паказвалі сябе такімі), а па саслоўі шляхтай.[7][8]
Пад канец ХІХ і ў пачатку ХХ стагоддзя фармуецца суполка краёўцаў, якія вызначалі сябе формулай «ліцвін па паходжанні, паляк па нацыянальнасці» і намагаліся стварыць другую унію Польшчы і Літвы (Беларусі). У 1907 годзе краёўцы стварылі Краёвую партыю Літвы і Русі, а ў 1908 партыя знікла з палітычнай арэны. Зноў актывізавалася падчас Першай сусветнай вайны. Па меры адраджэння Польшчы як незалежнай дзяржавы і адмовы ад канфедэратыўных планаў краёвы рух амаль спыніў сваё існаванне.
Найноўшая гісторыя правіць
Міжваенны час правіць
У міжваеннай Польшчы краёўцы склалі суполку віленскіх кансерватараў (таксама вядомых як крэсавыя або віленскія зубры) і намагаліся стварыць польска-беларускаю федэрацыю. Яны выказваліся за дэцэнтралізацыю кіравання дзяржавай і развіццё мясцовага самакіравання; за стымуляванне эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і доступ беларусам на дзяржаўныя пасады, за падтрымку праваслаўнай царквы і ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства; прыхільна-нейтральна ставіліся да фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці ў беларускамоўных сялян Польшчы. Уважалі сябе за нашчадкаў шляхты Вялікага Княства Літоўскага і носьбітаў яго традыцый. Але рух заняпаў з пачаткам Другой сусветнай вайны.
У незалежнай Беларусі правіць
28 лютага 1995 года заснаваная газета «LITWA: hłos monarchisty», у якой былі агалошаныя ідэі вяртання Вялікага Княства Літоўскага.
20 траўня 2000 года ў Наваградку падпісаны Акт абвяшчэння ліцвінскай нацыі, які паклаў пачатак адной з плыняў ліцвінізму.[7] У гэтай плыні паняцці беларусы і ліцвіны неадназначныя, з аднаго боку, ліцвіны — не беларусы, а з іншага — кожны беларус можа стаць ліцвінам, калі ўсведамляе сябе такім. Этнонім «беларус» прыхільнікі гэтай плыні лічаць ідэалагічна нагружаным паняццем, якое з’явілася ў XIX стагоддзі для замацавання перыферыйнасці мясцовага насельніцтва адносна «вялікарусаў»[9].
На ўстаноўчым сходзе 2000 года яго арганізатары Віктар Нагнібяда і Андрэй Юцкевіч заяўлялі мэтай адасабленне Заходняй Беларусі ў асобную дзяржаву або далучэнне яе да Польшчы, а таксама далучэнне да Расіі астатняй часткі Беларусі (гл. Рыжскі падзел). У 2005 годзе Нагнібяда і Юцкевіч стварылі рускамоўны сайт «Літванія», які выдалілі ў 2009 годзе пасля ад’езду ў Польшчу.
У верасні 2015 года Зянон Пазняк адзначаў, што расійская прапаганда «спрабуе выкарыстаць некаторых беларускіх маргіналаў, што па-юнацку мараць пра адраджэнне Вялікай Літвы», — адзначыў, што гэта «замешана на нянавісці да Беларусі».[2][3]
У 2017 годзе журналіст газеты «Новы Час» Валер Руселік параўнаў рускамоўны праект "Літваніі" з іншым крамлёўскім сепаратысцкім праектам «Вейшнорыя» ў кірунку гетызацыі нярускіх. Таксама Руселік заўважыў, што расійская разведка выкарыстала для прыкрыцця правакацыі шчырыя памкненні людзей, для азначэння якіх выкарыстоўвала абразліва-функцыянальны тэрмін «карысныя ідыёты»[10].
Ідэі правіць
Назва правіць
Прыхільнікі ліцвінства лічаць, што Беларусь павінна называцца «Літвой», «Вялікалітвой»[11], «Літваніяй»[12], а беларусы -- «ліцвінамі». А Літва, на іх думку, павінна называцца «Летувой», «Жамойцю» або «Жмуддзю» і але не «Літвой».[13]
Стваральнік рускамоўнага сайта «Літванія» Віктар Нагнібяда лічыць назвы «Беларусь», «беларусы» каланіяльнымі перажыткамі, праз якія спрабавалі знішчыць самасвядомасць ліцвінаў.[1]
У лютым 2020 года Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа тлумачылі чаму Літву трэба называць «Літвой», а не «Летувой», яны падкрэслілі, што ўжыванне назвы «Летува» непрымальна[14].
Погляд на гісторыю правіць
З пункту гледжання Віктара Нагнібяды, беларусы (ліцвіны) — нашчадкі славян люцічаў і славянізаваных імі балтаў яцвягаў і іншых.[7]
Вялікае Княства Літоўскае было створанае беларусамі (ліцвінамі), а літоўцы («жмудзіны») не мелі ўплыву ў дзяржаве.
Удзельнікі руху станоўча ставяцца да Рэчы Паспалітай і часам нават за аднаўленне яе. Рух прызнае супольнасць палякаў, русінаў (украінцаў) і ліцвінаў (беларусаў), але адмаўляе падобную канцэпцыю заходнерусізму (адзінства рускіх, украінцаў і беларусаў).
Віктар Нагнібяда заяўляў, што імкнецца адрадзіць традыцыі ліцвінскай шляхты, адсылаючы да такіх дзеячаў як Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, Юзаф Пілсудскі (хоць той у 1875 годзе пазначыў сябе беларусам) і іншых.[15]
Прыхільнікі ліцвінства лічаць Беларусь часткай заходняй цывілізацыі[16], падтрымліваюць яе далучэнне да Еўрапейскага Саюза і Паўночна-Атлантычнага альянса.[11][17]
Ліцвінскія арганізацыі правіць
Зноскі
- ↑ а б Литвины! . web.archive.org (12 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2016. Праверана 29 кастрычніка 2023.
- ↑ а б ГЭТА СЛОВА САКРАЛЬНАЕ. АБ НЕКАТОРЫХ АСПЭКТАХ БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭНЬНЯ І ПАРАЗЫ РУСКАЙ ПАЛІТЫКІ - Зянон Пазьняк — Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ . pazniak.info. Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ а б Bielarus.net › Беларуская Салідарнасьць » Зянон ПАЗЬНЯК: АБ НЕКАТОРЫХ АСПЭКТАХ БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭНЬНЯ І ПАРАЗЫ РУСКАЙ ПАЛІТЫКІ . www.bielarus.net. Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ Cichanouskaja apie litvinizmo apraiškas: tai kuriama dirbtinai, norint sukiršinti lietuvius ir baltarusius (літ.). lrt.lt (23 жніўня 2023). Праверана 29 кастрычніка 2023.
- ↑ Litvinizmo baimė: ar Lietuva labiau pripratusi prie Lukašenkos, o ne demokratinės Baltarusijos? (літ.). lrt.lt (12 верасня 2023). Праверана 29 кастрычніка 2023.
- ↑ Пра ліцвінаў
- ↑ а б в Гісторыя, на думку ліцвінаў
- ↑ Пра ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ — пачатак ХХ ст.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2021. Праверана 27 лютага 2021.
- ↑ Алесь Кіркевіч. «Яшчэ не позна вярнуць краіне сапраўднае імя — Літва» // Будзьма беларусамі!. — 30.01.2017.
- ↑ Валер Руселік. Вейшнорыя: смех скрозь слёзы // Новы Час. — 14 верасня 2017.
- ↑ а б Пра Вялікалітву і ЕС
- ↑ Пра ліцьвінства
- ↑ Пра назовы Літва й Беларусь
- ↑ Вячорка, Вінцук. Чаму Літва, а не «Летува» . Радыё Свабода (20 лютага 2020). Праверана 29 кастрычніка 2023.
- ↑ Пра ліцьвінства
- ↑ Пра тое, чаму ўступ у ЭЗ немагчымы
- ↑ Пра розніцу паміж ліцвінам і беларусам
Спасылкі правіць
- Алесь Краўцэвіч на Нашай Ніве
- Белсат пра ліцвінаў
- Суполка ліцвінаў у сацыяльнай сетцы УКантакце
- Суполка ліцвінаў у сацыяльнай сетцы УКантакце Архівавана 19 лютага 2020.
- Суполка ліцвінаў у сацыяльнай сетцы УКантакце Архівавана 6 снежня 2019.
- Заклік літвінаў 2020
- Байкі і баечкі люду Вялікае Літвы, княскія, рыцарскія, мяшчанскія і сялянскія, звычайныя і цудоўныя, у розныя часы запісаныя, а цяпер разам да чытання паспалітаму люду выдадзеныя. Менск, 2020