Мараканская сцяна

Марака́нская сцяна́ — сістэма абарончых збудаванняў, створаная ўрадам Марока на тэрыторыі Заходняй Сахары і пустынным паўднёвым усходзе Марока, якая падзяляе тэрыторыі, кантралюемыя ўрадам Марока і фарміраваннямі Палісарыё. Сістэма вядомая таксама пад назвай Абочына Заходняй Сахары, прадстаўнікі ПАЛІСАРЫЁ выкарыстоўваюць для яе абазначэння тэрмін Сцяна Ганьбы, у прастамоўі ходзіць таксама тэрмін «берм». Агульная працягласць збудаванняў — больш 2500 км.

Жоўтым колерам пазначана некантралюемая Марока тэрыторыя

Увогуле пабудавана шэсць буйных ліній і дзве малыя. Аснову кожнага вала складае пясчана-каменны насып вышынёй каля трох метраў. Уздоўж сцен размешчаны мінныя палі, загароды з калючага дроту, сэнсарныя сістэмы для выяўлення парушальнікаў, артылерыйскія пасты і ўзлётна-пасадачныя палосы. Абсталяваны радарныя мачты, якія праглядаюць тэрыторыю па-за сценамі, сістэма ўвесь час патрулюецца.

Будаўніцтва было пачата ў 1981 годзе і афіцыйна завершана 16 красавіка 1987 года. Збудаванне ўмацаванняў праходзіла ў некалькі этапаў: першая сцяна адгарадзіла ад астатняй тэрыторыі Заходняй Сахары найбуйнейшы горад Эль-Аюн, горад Смара і месцы здабычы фасфатаў у раёне Бу-Краа. Пасля гэтага было збудавана яшчэ пяць сцен, у выніку чаго пад мараканскім кантролем апынулася вялікая частка тэрыторыі, якая завецца ўрадам гэтай краіны Паўднёвымі правінцыямі. Сілы ПАЛІСАРЫЁ кантралююць пераважна незаселеную тэрыторыю паўднёвей і ўсходней загараджальных збудаванняў, якая завецца імі Свабоднай зонай. Лагеры бежанцаў з Заходняй Сахары і лагеры ПАЛІСАРЫЁ размешчаны на захадзе Алжыра ў раёне Тындуфа.

Фактычна, будаўніцтва валаў прывяло да афармлення сітуацыі ў Заходняй Сахары ў яе сучасным патавым выглядзе.

Гл. таксама правіць