Мікалай Ігаравіч Сасеў

Мікалай Ігаравіч Сасеў (нар. 16 ліпеня 1995) — беларускі палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Да затрымання працаваў выкладчыкам танцаў.

Мікалай Ігаравіч Сасеў
Род дзейнасці палітычны вязень
Дата нараджэння 16 ліпеня 1995(1995-07-16) (28 гадоў)
Грамадзянства
Альма-матар

Біяграфія правіць

Маці Мікалая памерла, калі ён быў дзіцёнкам, таму яго і ягонага брата Рыгора выхоўвала бабуля. Ва ўзросце 15 гадоў вырашыў паспрабаваць сябе ў танцах, што стала не толькі захапленнем, але і працай, на момант затрымання ў 2020 годзе Мікалай працаваў выкладчыкам танцаў. Пасля школы вучыўся ў БДУІР.

Палітычны пераслед правіць

Мікалай Сасеў разам з іншым палітвязнем Уладзіславам Карэцкім быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі на вакзале ў Оршы ў ноч з 13 на 14 жніўня 2020, мужчыны былі размешчаны ў СІЗА КДБ у Мінску. Пазней на судзе выявілася, што па адной справе з Сасевым і Карэцкім былі затрыманы таксама Ігар Ярмолаў і Дзмітры Канапелька. Пасля СІЗА КДБ Сасеў быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, да яго абвінавачвання дадалі пункт пра навучанне і падрыхтоўку іншых асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках.

17 верасня 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Мікалай Сасеў быў прызнаны палітычным зняволенным: «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца, як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[1].

13 лістапада сімвалічным «хросным» Мікалая Сасева стаў прадстаўнік фракцыі «Неос» у Аўстрыйскай Нацыянальнай радзе Хельмут Брандштэтэр  (англ.)[2][3].

Праз восем месяцаў пасля затрымання, 12 красавіка 2021, пачаўся судовы разгляд справы Сасева і іншых затрыманных, разгляд адбываўся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, справу вяла Святлана Бандарэнка[4], дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляў пракурор Раман Бізюк. У першы судовы дзень падтрымаць падсудных прыйшло каля паўсотні чалавек, але месцаў у залі паседжанняў хапіла не ўсім. Усім чатыром палітвязням было агучана аднолькавае абвінавачванне, якое палягала ў тым, што «маючы адзіны намер і дзейнічаючы сумесна, здзяйснялі публічныя заклікі да ўдзелу ў загадзя спланаваных масавых беспарадках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», акрамя заклікаў мужчын вінавацілі ў тым, што яны набылі ў адным з мінскіх супермаркетаў шэраг прадметаў — два малаткі слясарныя, не менш за 90 лазарных указак, не менш двух запальніц, не менш двух піратэхнічных вырабаў, а таксама «невызначыныя прадметы, якія валодаюць кідальнымі і паражальнымі ўласцівасцямі» — і мелі намер выкарыстаць гэтыя прадметы на акцыях пратэсту. Пры гэтым адзначалася, што ніводзін з падсудных фактычна не прыняў удзел у акцыях, бо ўсе яны былі затрыманы (у Ярмолава пасля затрымання лекары зафіксавалі прабітае лёгкае, страсенне галаўнога мозгу, зламанае рабро). Усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны. Падчас судовага разбіральніцтва быў заслуханы эксперт-афтальмолаг з Рэспубліканскага шпіталя МУС, які адзначыў, што нанесці шкоду з дапамогай лазарных указак амаль немагчыма, а таксама, што адсутнічалі звароты ў медустановы МУС са скаргамі на страту зроку ад ўздзеяння лазарных прамянёў[5][6]. На судовым допыце Сасеў засведчыў, што быў у месцах правядзення акцый, але адмаўляў усе незаконыя дзеянні, у якіх яго абвінавацілі.

Судовы разгляд справы цягнуўся некалькі тыдняў, 25 мая, падчас спрэчак бакоў, пракурор Бізюк запрасіў для кожнага з абвінавачаных па 5 гадоў абмежавання волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, нягледзячы на тое, што па дадзенным ГУУС Мінгарвыканкама, далучаным да справы, масавыя беспарадкі зафіксаваны не былі, адсутнічалі факты выкарыстання падчас акцый пратэсту лазерных указак ці піратэхнічных вырабаў, таксама ў судзе не быў апытаны Юрый Васкрасенскі, на сведчаннях якога было ў вялікай ступені заснавана абвінавачванне і які фактычна прафінансаваў набыццё лазерных указак[7][8].

Амаль праз два месяцы пасля пачатку судовага разгляду, суддзя Бандарэнка агучыла прысуд: усе падсудныя атрымалі па 5 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, як раней запрасіў пракурор[9].

Адбываць прызначаны тэрмін Сасеў быў пераведзены ў папраўчую калонію № 15 у Магілёве.

Зноскі

  1. Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (бел.)
  2. Members of Parliament from Germany, the Netherlands and Austria take over godparenthood for Hanna Sunhurava, Daniil Bohnat and Mikalai Saseu (англ.)
  3. У Марфы Рабковай і яшчэ васьмі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя» (бел.)
  4. Бондаренко Светлана Александровна (руск.)
  5. Обвинение: купили протестующим указки, зажигалки. Судят директора «Технократии» (руск.)
  6. Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі (бел.)
  7. У судзе па справе аб «лазерных указках» прайшлі спрэчкі бакоў (бел.)
  8. «Чаму тады не казаць, што ўказкі — для здзяйснення акту тэрарызму?» Аргументы абароны ў спрэчках бакоў па справе валанцёраў штаба Бабарыка (бел.)
  9. «Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!» За падрыхтоўку да масавых беспарадкаў, якіх не было, палітвязняў асудзілі на 5 гадоў калоніі кожнага (бел.)

Спасылкі правіць