Мікалай Аляксандравіч Карцель

Мікалай Аляксандравіч Карцель (5 мая 1937, в. Галяшы (зараз — Сасновы Бор), Расонскі раён — 1 красавіка 2013) — беларускі вучоны ў галіне генетыкі. Акадэмік НАН Беларусі (1996); член-карэспандэнт (1986). Доктар біялагічных навук (1984), прафесар (1991). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1999).

Біяграфія правіць

У 1959 годзе скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С. М. Кірава.

У 1960—1967 гг. — у Беларускім тэхналагічным інстытуце, з 1967 года — у Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. У 1978—1994 гг. — намеснік дырэктара, у 1994—2004 гг. — дырэктар (адначасова з 1985 года — загадчык лабараторыі).

Навуковыя працы па генетыцы, малекулярнай генетыцы і генетычнай інжынерыі раслін.

Правёў сістэматычнае вывучэнне ўзаемадзеяння экзагеннай ДНК з геномам вышэйшых раслін і абгрунтаваў фундаментальныя палажэнні пра фізіялагічнае, біяхімічнае, цыталагічнае і генетычнае дзеянне чужароднай ДНК на раслінны арганізм.

Карцель М. А. распрацаваў тэхналогію стварэння трансгенных раслін шэрагу сельскагаспадарчых культур і стварыў арыгінальныя вектарныя канструкцыі, якія нясуць гаспадарчыя важныя гены.

Атрымаў трансгенныя расліны, якія праяўляюць устойлівасць да фітапатагенаў і насякомых, расліны, якія здольныя паспяхова расці на глебах, забруджаных цяжкімі металамі і нафтапрадуктамі.

Устанавіў ролю простых і складаных паслядоўнасцей ДНК, якія паўтараюцца ў структурна-функцыянальнай арганізацыі геному раслін. Выдаў і ўкараніў у практыку метадычныя рэкамендацыі па ДНК-паспартызацыі гатункаў і ліній раслін. Стварыў насычаную ДНК-маркерамі генетычную карту геному жыта, якая прадстаўляе высокую генетыка-селекцыйную каштоўнасць.

Праводзіў даследаванні па генетычных выніках Чарнобыльскай катастрофы. Прэмія НАН Беларусі (2001) за кнігу «Генетыка: энцыклапедычны слоўнік».

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2009).

Аўтар больш за 470 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 12 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Памёр 1 красавіка 2013 года.

Літаратура правіць

  • Картель Николай Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1. — С. 480.
  • Картель Николай Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. — Т. 7 : Снегирь-Ящерицын. — С. 893—894.
  • Картель Николай Александрович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928—2015 / сост.: Т. С. Буденкова [и др.]; редсов.: В. Г. Гусаков [и др.]. — Минск : Беларуская навука, 2016. — С. 115—116.