Мішметал (ад ням.: Mischmetall — сумесь металаў) — сплаў рэдказямельных элементаў. Яго таксама называюць цэрыевым мішметалам або рэдказямельным мішметалам. Тыповы склад уключае прыкладна 55 % цэрыю, 25 % лантану і 15~18 % неадыму са слядамі іншых рэдказямельных металаў. У хімічных формулах яго звычайна скарачаюць як Mm, напр. MmNi5. З’яўляецца прамежкавым прадуктам падчас вытворчасці чыстых рэдказямельных металаў і іх сплаваў, атрымліваецца пры перапрацоўцы руд.

Часцей за ўсё мішметал выкарыстоўваюць у пірафорным ферацэрыі, т.зв. «крамянёвым» элеменце запальвання многіх запальніц і турыстычных агніваў. Сплаў, які ўтрымлівае толькі рэдказямельныя элементы, з’яўляецца занадта мяккім, каб даваць добрыя іскры. Таму для выкарыстання ў запальніцах мішметал змешваюць з аксідам жалеза і аксідам магнію, утвараючы цвёрды ферацэрый.

Таксама мішметалы могуць выкарыстоўвацца як паглынальнікі кіслароду ў вакуумных трубках (гетэрах); у акумулятарах, з выкарыстаннем гідрыдаў металаў[1]; як легіруючы дадатак пры вырабе сталей і іншых сплаваў.

Зноскі

  1. Jurczyk M. Mechanically alloyed MmNi5-type materials for metal hydride electrodes // Journal of Alloys and Compounds. — 1999. — 290 (1-2): 262—266. doi:10.1016/S0925-8388(99)00202-9

Літаратура правіць

  • Callow R. The Industrial Chemistry of the Lanthanons, Yttrium, Thorium and Uranium. — Pergamon Press. — 1967.