Назоўнік

часціна мовы

Назо́ўнік — знамянальная (самастойная) часціна мовы, якая характарызуецца граматычным значэннем прадметнасці. Мае граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону.

Назоўнікі абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш.

Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»).

Значэнне прадметнасці могуць набываць іншыя самастойныя і службовыя часціны мовы (гл. субстантывацыя).

Назоўнік мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); лік — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны.

У беларускай мове бываюць назоўнікі агульнага роду («сірата»), назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія назоўнікі рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»).

Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш.

Могуць уступаць у сэнсава-сінтаксічныя сувязі з іншымі словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць