Наменклатура неарганічных злучэнняў

Наменклату́ра неаргані́чных злучэ́нняў — сістэма правілаў пабудовы рацыянальных назваў для неарганічных злучэнняў.

Асновай Н.н.з. ёсць назвы хімічных элементаў (гл. Хімічны знак). Назва злучэння звычайна складаецца з двух словаў, адно з якіх пазначае прыналежнасць да пэўнага роду (напрыклад, кіслата) ці тыпу (сульфат, то бо’ соль сернай кіслаты) злучэнняў, другое — да пэўнага іх віду. Напрыклад, выраз «сульфат натрыю» тлумачыць, што гэта натрыевая соль сернай кіслаты.

Для ўтварэння назваў тыпаў злучэнняў у Н.н.з. ужываюцца карані лацінскіх назваў элементаў і розныя суфіксы. За аснову для назвы звычайна бярэцца элемент з найвышэйшай ступенню акіслення.

і да т.п.

Гэтак, назвы радыкалаў утвараюцца з дапамогай суфікса «-іл» (ад грэчаскага hýlē — рэчыва) — напрыклад карбаніл. Захоўваюцца і гістарычныя назвы: гідраксіл, аммоній, цыян, радан, амід.

Злучэнні неметалаў з вадародам, якія маюць кіслы характар, называюць складаным словам з назвы неметалу і слова «вадарод» (напрыклад, HCl — хлоравадарод, H2S — серавадарод). Іншыя бінарныя злучэнні неметалаў з вадародам захоўваюць трывіяльныя назвы: вада H2O, амміяк NH3, фасфін PH3, арсін AsH3, метан CH4, сілан SiH4, баран BH3. Злучэнні вадароду з металамі называюць гідрыдамі. Аднак захавалася назва вуглевадароды, хаця яны не маюць кіслага характару.

Назвы кіслародных кіслотаў складаюцца з назвы кіслотаўтвараючага элемента і суфіксаў, якія перадаюць ступень акіслення яго ў гэтым злучэнні, пры гэтым для найвышэйшай магчымай ступені акіслення зарэзерваваны суфікс -н-. Напрыклад HClO4 — хлорная кіслата, HClO3 — хларнаватая кіслата, HClO2 — хлорыстая кіслата, HOCl — хларнавацістая кіслата. Кіслоты, утвораныя элементам у аднолькавай ступені акіслення, але з рознымі суадносінамі вадароду і кіслотаўтвараючага элемента адрозніваюць з дапамогай прыставак: арта- для кіслаты з найбольшым адносным утрыманнем вадароду і мета- — з найменшым (напрыклад, H3PO4 — артафосфарная кіслата; HPO3 — метафосфарная кіслата).

Назвы соляў утвараюцца з назваў аніёна і назвы катыёна ў родным склоне. Назвы аніёнаў кіслародных кіслотаў утвараюцца ад назвы кіслотаўтвараючага элемента з дапамогай суфіксаў, якія перадаюць ступень акіслення кіслотаўтваральніка па тым жа прынцыпе, што і назвы кіслотаў. Рымскія лічбы ў дужках паказваюць валентнасць (ступень акіслення) катыёна метала. Напрыклад, SO2-4 — сульфат-іон, K2SO4 сульфат калію; SO2-3 — сульфіт-іон, Na2SO3 — сульфіт натрыю, Fe2(SO4)3 — сульфат жалеза (III), PO3-4 — артафасфат-іон і г.д. Шырока ўжываюцца нерэкамендаваныя назвы для распаўсюджаных соляў: NaHCO3 — бікарбанат (трэба «гідракарбанат») натрыю, K2S2O7 — біхрамат (трэба «дыхрамат») калію, а таксама гістарычныя трывіяльныя назвы: квасцы, купарвасы, селітра.

Падрабязней глядзі радыкал, бінарныя злучэнні, аксід, ангідрыд, кіслата, аснова, соль, гідраксід.