Нарма́ны (літар. «паўночныя людзі») — найменне вікінгаў, скандынаўскіх ваяроў, ужыванае жыхарамі Заходняй Еўропы, чые землі ў VIII—XI стагоддзях цярпелі ад іх разбойніцкіх марскіх набегаў. Вікінгі (нарманы), якія здзяйснялі марскія набегі на ўзбярэжжа Заходняй Еўропы, у асноўным былі данамі, яны захапілі Англію (гл. Данелаг), а таксама паўночнае ўзбярэжжа Францыі, дзе ўтварылі сваю дзяржаву называную Нармандыяй, пазней яе ўладар прызнаў намінальную васальную залежнасць ад франкскага караля. Вікінгі, пераважнага шведскага паходжання, якія здзяйснялі такую самую экспансію, але ва ўсходнім кірунку, болей вядомы пад імем варагаў. Аднак, гістарыяграфію пра заснаванне варагамі дзяржаў на ўсходзе, з цэнтрамі ў Гнёздаве, Кіеве, Ладазе, Ноўгарадзе, Пскове, Полацку і інш., абагульнена называюць Нарманскай тэорыяй.

Нарманскія заваяванні пазначаны чырвоным

Экспансія нарманаў правіць

Нарманы — удзельнікі марскіх паходаў на тэрыторыю франкаў канца VIII — сярэдзіны XI стагоддзяў. Гісторыкі апісваюць нарманаў як людзей прагных, ваяўнічых, цягавітых, красамоўных, схільных да змешвання з чужародным насельніцтвам.

Першы перыяд экспансіі нарманаў у канцы VIII—IX стст. характарызаваўся разрозненымі экспедыцыямі супраць Франкскай дзяржавы, нападамі на берагі Англіі, Шатландыі, Ірландыі і іх перасяленнем на Аркнейскія, Фарэрскія, Гебрыдскія і Шэтландскія астравы, пазней — у Ісландыю.

З канца IX стагоддзя на Францыю і Англію нападаюць ужо буйныя атрады нарманаў, якія пераходзяць ад рабавання і збору даніны да засялення заваяваных тэрыторый. У Паўночнай Францыі яны ў 911 годзе засноўваюць герцагства Нармандыю. Таксама яны скараюць паўночна-ўсходнюю Англію, напачатку XI стагоддзя ўся Англія была падпарадкавана дацкім каралям (Данелаг). Паходы нарманаў непасрэдна з Даніі спыніліся каля сярэдзіны XI стагоддзя.

Нашчадкі нарманаў — выхадцы з Нармандыі — у 2-й палове XI стагоддзя паўторна захапілі Англію (Нармандскае заваяванне Англіі, 1066), дзе пасля дацкага панавання аднавілася англасаксонская дынастыя. Таксама нашчадкі нарманаў з Нармандыі захапілі Паўднёвую Італію і Сіцылію, заснаваўшы там у 1130 годзе Сіцылійскае каралеўства.

Нарманы ў Францыі правіць

 
Герб герцагаў Нармандыі

Дацкія і нарвежскія вікінгі ў 2-й палове IX стагоддзя пад кіраўніцтвам Хрольфа Пешахода пачалі акупаваць паўночныя тэрыторыі Францыі, называныя цяпер Нармандыяй. У 911 годзе фракскі кароль Карл III Дурнаваты пагадзіўся прызнаць нарманскае ўладанне над землямі ў вусці Сены. Хрольф прыняў франкскае імя Ралон і прынёс васальную прысягу Карлу III, стаўшы першым герцагам Нармандскім.

Нарманы прынялі хрысціянства, перанялі французскую мову і культуру, змяшаліся з мясцовым насельніцтвам. Паступова склалася народнасць, не зусім ідэнтычная ні скандынаўскім папярэднікам, ні франкскім суседзям.

Тэрыторыя Нармандыі прыкладна адпавядае тэрыторыі старой царкоўнай правінцыі Руан або Нейстрыі і не мела натуральных меж. Яе засялялі ў асноўным гала-рымляне. Таксама там жылі ў невялікай колькасці франкі і прадстаўнікі іншых германскіх плямёнаў, а таксама пасяленцы-вікінгі, якія пачалі прыбываць у 880-я гады. У X стагоддзі першапачаткова разбуральныя набегі банд нарманаў па рэках Галіі паступова ператварыліся ў авалоданне землямі з пастаянным іх засяленнем, з удзелам жанчын і дзяцей, будаўніцтвам замкаў і крэпасцей. І хоць з часам нарманы-перасяленцы былі асіміляваны мясцовым насельніцтвам, нават праз шмат стагоддзяў сярод жыхароў Нармандыі і паўночных абласцей Францыі быў высокі працэнт бландзінаў, якія вылучаліся сярод французаў (звычайна, цёмнавалосых).

Нарманы ўспрынялі феадальныя дактрыны франкаў і развілі іх у Нармандыі і Англіі ў стройную сістэму.

Нармандскі вайсковы клас быў новым і значна адрозніваўся ад старой франкскай арыстакратыі. Большасць рыцараў былі беднымі і малазямельнымі, да 1066 года рыцарства належала да ніжэйшых станаў грамадстве, і гэты статус сведчыў толькі пра тое, што чалавек прафесійны ваяр.

Нармандская мова ўзнікла праз прыняцце мясцовых старафранцузскіх дыялектаў заваёўнікамі-нарманамі, якія размаўлялі на старанармандскай і развілася ў рэгіянальныя мовы Францыі, якія існуюць і цяпер.

Нармандцы ў Англіі правіць

У 1066 годзе пад кіраўніцтвам нармандскага герцага Вільгельма, пасля званага Заваёўнікам, нармандцы заваявалі Англію, разбіўшы ў бітве пры Гастынгсе апошняга англасаксонскага караля Гаральда Годвінсана.

Герцаг Вільгельм Заваёўнік заснаваў у 1066 годзе нармандскую дынастыю англійскіх каралёў. З зямлі франкаў у Англію, нармандцы прыйшлі ўжо як носьбіты французскай мовы, французскай культуры (хоць і са сваімі асаблівасцямі) і французскага феадальнага ладу. Заваёўнікі прынеслі з сабой французскую мову — яе паўночны, нармандскі дыялект.

На працягу некалькіх стагоддзяў пасля заваявання ў Англіі ўтварыўся англа-нармандскі дыялект, які ўключаў элементы англасаксонскай і нармандскай моў. Англа-нармандская мова праіснавала ў Англіі да канца XIV стагоддзя, пасля бясследна знікла. Да XIV стагоддзя яна была не толькі мовай, на якой размаўляла знаць, але і мовай мастацкай літаратуры, — праўда, помнікаў на ёй засталося не шмат.

Нарманы ў Шатландыі правіць

Пранікненне нарманаў у Шатландыю пачалося ў сярэдзіне XI стагоддзя, з часоў кіравання караля Малькальма III. Для Шатландыі ў цэлым характэрна другасная міграцыя нармандцаў — з ужо заваяванай імі Англіі. Найбольш актыўна англа-нарманы сталі перасяляцца ў Шатландыю ў першай палове XII стагоддзя пры каралі Давідзе I, які ў маладосці ўдзельнічаў у барацьбе за ўладу ў Англіі паміж спадчыннікамі Вільгельма Заваёўніка. Давід I заахвочваў перасяленне англа-нармандскіх феадалаў у паўднёвыя рэгіёны краіны, ствараючы трывалую апору каралеўскай улады. Новая нармандская знаць, з якой пазней выйшлі такія каралі як Роберт Брус, Іаан Баліёль і шматлікія прадстаўнікі знатных шатландскіх родаў, прыўнесла з сабой нарманскую сістэму феадалізму, якая стала ўжывацца як у раўніннай, так і (пазней) у горнай частцы краіны. Дынастыя Сцюартаў, прадстаўнікі якой у XIVXVII стст. займалі прастол Шатландыі і Англіі, таксама пайшла з англа-нармандскіх перасяленцаў. Апроч сістэмы феадалізму англа-нарманы прынеслі ў Шатландыю паўночна-англійскі дыялект, які з часам развіўся ва ўласна шатландскую мову, якая паступова выцесніла з ужытку гэльскую мову, якая гістарычна выкарыстоўвалася шатландцамі.

Нарманы ў Ірландыі правіць

На ірландскую культуру, народнасць і гісторыю нарманы аказалі значны ўплыў. Спачатку, у XII стагоддзі яны яшчэ захоўвалі самабытнасць, але паступова прынялі культуру Ірландыі і сталі «большымі ірландцамі, чым самі ірландцы» («Hiberniores Hibernis ipsis» — шырока распаўсюджаная часоў Сярэднявечча фраза, паходжанне якой невядома). Сяліліся галоўным чынам на ўсходзе Ірландыі, у вобласці радыусам прыкладна 20 міль вакол Дубліна. Пабудавалі шмат палацаў і паселішчаў, уключаючы замак Трым і Дублінскі замак. Культуры перамяшаліся, запазычаючы адна ў адной лексіку, навыкі і кругагляд.

Нарманы ў Міжземнамор’е правіць

Гл. таксама

Удачлівыя банды нарманаў паспяхова плавалі далёка на поўдзень ад Скандынавіі. Групы воінаў, закліканыя на службу феадаламі Паўднёвай Італіі, паступова атрымалі ў кіраванне гарады Аверсу і Капую. Пазней нарманы выйшлі з васальнай залежнасці і скарылі правінцыі Апулія і Калабрыя.

З гэтых баз больш арганізаваныя прынцыпалы ў канчатковым выніку змаглі адваяваць астравы Сіцылія і Мальта ў сарацынаў. Вобласці, якімі кіравалі нарманы, уключалі Абруцы, Апулію, Калабрыю, Кампанію, Неапалітанскае каралеўства і Каралеўства Сіцылію ў Італіі, Фесалонікі ў Грэцыі. На малаважны перыяд Сіцылійскім Каралеўствам захоплівалася паўночнае ўзбярэжжа Афрыкі, — тэрыторыі, якія ў наш час уваходзяць у склад Туніса, Алжыра і Лівіі.

Літаратура правіць

Гл. таксама правіць