Не́нцы (саманазва: ненэй ненэче, літаральна «сапраўдныя людзі») — самадыйскі народ, які насяляе еўразійскае ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна ад Кольскага паўвострава да Таймыра (Расія). Падзяляюцца на дзве буйныя этнаграфічныя групы тундравых ненцаў, якія складаюць большасць, і лясных ненцаў, што насяляюць обска-енісейскі водападзел. Часам вылучаюць групу колвінскіх ненцаў на поўначы Еўрапейскай Расіі, прадстаўнікі якой змяшаліся з іншаэтнічным насельніцтвам і размаўляюць на комі-зыранскай мове[1]. Агульная колькасць у Расіі (2010 г.) — 44 640 чал.

Ненцы
(ненэй ненэче)
Агульная колькасць 44 640 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Расія
Мова ненецкая
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы нганасаны, селькупы, энцы

Паходжанне правіць

Даследчыкі звязваюць паходжанне ненцаў і іншых самадыйцаў з Кулайская археалагічнай культурай, што ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. — сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. займала паўднёвую частку таёжнай зоны Заходняй Сібіры[2]. Адтуль у III — II стст. да н. э. самадыйцы перасяліліся на поўнач па рацэ Об, на захад — сярэднюю плынь ракі Іртыш і на поўдзень — да Саянскіх гор. У першыя стагоддзі да н. э. пад ціскам гунаў частка самадыйцаў сярэдняй плыні Іртыша адступіла у лясную паласу еўрапейскай поўначы, даўшы пачатак еўрапейскім ненцам[3]. Генетычныя даследаванні паказалі спадчынную блізкасць ненцаў да нганасанаў, селькупаў, а таксама мансі і далганаў[4].

Гісторыя правіць

 
«Самаеды», кніжная гравюра ў Парыжскім выданні 1683 г.

Ненцы пад назвай самоядь упершыню ўзгадваюцца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1096 г. у сувязі з вандроўкай наўгародцаў да вуграў[5]. У XIII ст. звесткі пра самаедаў з'явіліся ў «Гісторыі манголаў» Плана Карпіні. Яны называліся сярод народаў, падпарадкаваных манголамі. «А гэтыя людзі, — паведамляў аўтар, — як кажуць, жывуць толькі паляваннем, намёты і вопратка іх таксама зроблены са скур звяроў»[6].

Ужо ў канцы XII ст. наўгародцы кантралявалі землі еўрапейскіх ненцаў, а таксама нізоўі Обі. У 1499 г. Маскоўская дзяржава заснавала ў нізоўях Пячоры крэпасць Пустазёрск, дзе гандлявалі і выплочвалі ясак каля 2 тысяч ненцаў. Да сярэдзіны XVII ст. Расія падначаліла ўсе ненецкія тэрыторыі, а іх насельнікі былі абкладзены данінай. Рускія сяляне перасяляліся з Паўночнай Дзвіны да Пячоры і Обі. У адказ на гэта ўзімку 16621663 гг. ненцы паднялі паўстанне і спалілі Пустазёрск[7]. Адначасова пачаўся іх рух на ўсход, дзе яны сутыкнуліся з энцамі і нганасанамі. Канчаткова мяжа паміж гэтымі паўночнымі народамі ўсталявалася толькі ў 1850 г. У апошняй трэці XIX ст. для спынення зямельных дамаганняў з боку Нарвегіі расійскі ўрад заахвочваў перасяленне ненцаў на Новую Зямлю і іншыя астравы Паўночнага Ледавітага акіяна.

Пасля ўсталявання савецкай улады былі прадпрыняты захады для рэфармавання традыцыйнага ненецкага ладу жыцця. У 1926 г. арганізаваны родавыя саветы як тэрытарыяльныя органы, адказныя за правядзенне дзяржаўнай палітыкі. У 19291930 гг. створаны Ненецкая аўтаномная акруга і Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга. У 1930 г. замест пагардлівай рускай назвы «самоеды» і назваў розных родаў была ўведзена агульная назва «ненцы». Пачалося сталае навуковае вывучэнне нянецкага фальклора і гісторыі. Найбольш важнымі рэформамі сталі калектывізацыя, якая працягвалася з 1929 г. да 1950 г.[8] і суправаджалася стварэннем аселай базы для аленяводаў-качэўнікаў, а таксама стварэнне школ-інтэрнатаў, дзе маглі навучацца дзеці жыхароў тундры.

Рэфармаванне мела як станоўчыя, так і рэзка негатыўныя наступствы, паколькі разам з паляпшэннем умоў жыцця тубыльцаў і фарміраваннем нацыянальнай інтэлігенцыі прывяло да рэпрэсій і гвалтоўнага вынішчэння іх культурных здабыткаў. Адмоўны ўплыў таксама прасочваўся ў пазнейшы перыяд, калі для здабычы карысных выкапняў ненцаў пазбаўлялі ўзгоддзяў для выпасу аленяў. У нацыянальных акругах значна падвысілася колькасць іншаэтнічнага насельніцтва. Пачаўся працэс русіфікацыі. Ненцы беспаспяхова аказвалі супраціўленне. Апошнія антысавецкія выступленні адбыліся ў Заходняй Сібіры ў 1960-ых гг.[9]

З другой паловы 1980-ых гг. сярод ненцаў назіраецца цікавасць да адраджэння сваёй мовы, культуры, вяртання правоў на зямлю. У наш час ненцы з'яўляюцца найбуйнейшым карэнным народам расійскай поўначы. Каля 78 %[10] лічаць ненецкую мову роднай.

Колькасць і рассяленне правіць

Дынаміка колькасці ненцаў у Расіі:

З агульнай колькасці ненцаў Расіі (44640 чал., 2010 г.) у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе пражывала 29772 чал, у Ненецкай аўтаномнай акрузе — 7504 чал. Гарадскіх жыхароў было 9543 чал., сельскіх — 35097 чал.[11]

У 2009 г. у Беларусі жыло 49 чалавек, якія вызначалі сваю этнічную тоеснасць як ненцы[12]. 2 з іх лічылі сваёй роднай мовай ненецкую, 6 — беларускую.

Культура правіць

 
Ненецкая традыцыйная вопратка

Галоўнымі заняткамі ненцаў здаўна былі аленегадоўля, паляванне і рыбалоўства. Тундравыя ненцы трымалі дастаткова вялікія статкі аленяў, пасвілі іх з дапамогай пастухоў і сабак на працягу ўсяго года, для чаго рабілі доўгія перакачоўкі. Узімку аленей пасвілі ў лясістых месцах, дзе снег дастаткова мяккі. Увесну пачынаўся рух са статкамі на поўнач. Там прахалодны вецер адпужваў ад аленяў гнюс і дазваляў ім вольна асвойваць тундравыя пашы. На поўначы таксама знаходзіліся багатыя рыбалоўныя і паляўнічыя тэрыторыі. Для поўнага забеспячэння ненецкай сям'і мясам і тлушчам для ежы і скурамі для вопраткі і жытла патрабаваўся статак у 70 — 100 аленяў.

Уладальнікі малых статкаў і лясныя ненцы перадавалі сваю жывёлу тым, хто качаваў на поўнач, а самі займаліся здабычай рыбы на азёрах або рэках. Рыбу лавілі сеткамі, будавалі загарадзі, білі астрогамі, стралялі з лукаў. Развіццю палявання на футравых звяроў (пясцоў, зайцоў, гарнастаяў, вавёрак і інш.) садзейнічала неабходнасць выплочваць ясак і сталы попыт з боку рускіх гандляроў. Аднак галоўнай здабычай паляўнічых лічыўся дзікі алень. Ненецкае слова илебць адначасова азначала «забоства дзікага аленя» і «сродак існавання». Заходнія ненцы таксама здабывалі ластаногіх.

Асноўным транспартным сродкам былі алені. Ненцы не ездзілі, седзячы на іх, а рабілі запрэжкі, што рухалі нарты хан. Вылучаліся мужчынскія і жаночыя нарты. Прычым, жаночыя былі звычайна больш доўгімі, бо павінны былі акрамя жанчыны ўмяшчаць дзяцей. Яздок садзіўся на іх з левага боку і кіраваў аленямі з дапамогай доўгай тычкі. На арктычных астравах у нарты часцей запрагалі сабак. Для перасоўвання па вадзе карысталіся лодкамі, кадаўбамі і зробленымі з дошак.

Асноўным тыпам старога ненецкага жытла з'яўляецца чум мя. Яго майстравалі з 50 — 60 драўляных жэрдак, абабітых мяккімі покрыўкамі з аленіх скур. Унутраныя покрыўкі клалі поўсцю ўнутр чума, верхнія — поўсцю звонку. У цёплыя месяцы карысталіся покрыўкамі з бярозавай кары. У цэнтры чума ладзілі агмень. Уздоўж сцен чума на вышыні 1,5 м падвешвалі дзве жэрдкі, на іх укладваліся кароткія папярочкі, да якіх на круках падвешваліся катлы і чайнікі. На зямлі раскладвалі цыноўкі з травы або вярбы, а на іх — аленія скуры. Месцы злева і справа ад агменя лічыліся спальнымі. Месца насупраць уваходу — святым. У ім захоўвалі рэлігійныя каштоўнасці, посуд і найбольш важныя прадукты. Пры змене качэўя чум цалкам разбіраўся і перавозіўся на новае месца. Лясныя ненцы, якія не мелі праблем са здабычай драўніны, пакідалі жардзіны на старым месцы, здымалі толькі скураныя накрыўкі і цыноўкі. На шляхах качэўяў будавалі таксама паўзямлянкавыя свіраны ним, дзе захоўвалі харч, футры, вопратку і г. д.

Мужчынскай верхняй адзежай была малица — глухая куртка з прышытым каптуром. Яе рабілі са скур маладых аленяў футрам унутр. Да рукавоў чапляліся футравыя пальчаткі. Па-над курткай апраналі скураны ці тканевы мяшок для аховы маліцы ад дажджу і снегу. У XIX ст. шырока распаўсюдзіліся штаны. Абутак піва або пімы шылі са скуры з ног аленя. Галоўная жаночая народная вопратка — ягушка, футра з двух пластоў аленевых шкур. Нізкі каўнер для ягушкі шылі з пясцовага або аленевага футра. Улетку жанчыны часцяком апраналі лёгкую вопратку к набытых у гандляроў тканін. Жанчыны ўпрыгожваліся металічнымі бляхамі і каралямі, скуранымі аплікацыямі і г. д.

Асноўнай ежай было варанае аленевае мяса і дзічына. Улетку елі шмат рыбы, але ў адрозненні ад іншых палярных народаў яе не ўмелі добра захоўваць. Рыбны або аленевы тлушч змешвалі з ікрой, ягадамі, ядомымі травамі. Узімку мяса і рыбу замарожвалі або вэндзілі. У сучаснай ненецкай кулінарыі важную ролю адыгрываюць хлеб, малако і гародніна.

Вярхоўнай сацыяльнай адзінкай у мінулым быў бацькоўскі род еркар. Ён валодаў тэрыторыямі для вандровак і палявання, агульныя могілкі і святыя мясціны. Улетку арганізоўваліся сумесныя паляванні, лоў рыбы, адгон аленяў. Роды аб'ядноўваліся ў фратрыі. Правапарушэнні ўнутры рода здараліся рэдка, аднак гэта не распаўсюджвалася на іншыя, нават аб'яднаныя адзіным паходжаннем роды. Паміж імі ўспыхвалі канфлікты за парушэнняў межаў, забойстваў, крадзяжу і г. д. Сваякі-мужчыны былі абавязаны помсціць за забітых членаў.

Роды падзяляліся на нуклеарныя сем'і. Главой сям'і заўсёды быў толькі мужчына. Шлюбы заключаліся толькі з жанчынамі, якія не належалі да яго рода і фратрыі. За нявесту выплочвалі выкуп або адпрацоўвалі ў гаспадарцы яе бацькі. У рэдкіх выпадках практыкавалася выкраданне. Ужо ў канцы XIX ст. меней за 18 % багатых сем'яў валодалі статкамі аленяў да некалькіх тысячаў галоў. Багатыя ненцы аддавалі перавагу шматжонству, якое дазваляла мець болей дзяцей і, галоўнае, забяспечвала сям'ю дадатковымі рабочымі рукамі. Колькасць дзяцей у адной сям'і магла быць рознай, часам дасягала 10 — 15. Спадчыннікамі лічыліся толькі хлопцы. Калі пасля смерці главы сям'і заставалася толькі жонка і дочкі, іх маёмасць размсяркоўвалася паміж братамі памерлага. Мужчына мог у любы момант разарваць шлюб. Жанчына — толькі ў некаторых выпадках. Сваяцкія адносіны ў ненецкім традыцыйным грамадстве мелі надзвычай складаны характар. Бацьку і маці заўсёды звалі толькі ў множным ліку, старэйшых блізкіх сваякоў няками вылучалі як старэйшых братоў і г. д.

Ненецкі фальклор даволі разнастайны, прадстаўлены казкамі, легендамі, эпічнымі паданнямі. Музыка, песня і танец у мінулым мелі рэлігійнае сакральнае значэнне.

Мова правіць

Ненецкая мова адносіцца да самадыйскай групы моў. Пісьмовасць з 1932 г. на аснове лацінскай графікі. З 1937 г. — на аснове кірыліцы.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія ненцаў была заснавана на анімістычных уяўленнях, у веры ў шматлікіх духаў, што насялялі прыроду, прадстаўлялі яе стыхіі і рэчы. Лічылася, што навакольны свет і ўсё жывое стварыла добрае бажаство Нум, але яго атожылак Нга стварыў зло і хваробы. Нум дапамагаў толькі ў выпадку спецыяльных зваротаў праз асобых духаў, дыялог з якімі маглі весці толькі шаманы. Апошнія не складалі асаблівую прафесійную групу, аднак падзяляліся на некалькі катэгорый у залежнасці ад таго, якія функцыі выконвалі. Яны кармілі выявы духаў, прыносілі ахвяры, лячылі хваробы, аказвалі дапамогу ў здабычы, прадказвалі будучыню і г. д. Лічылася, што шаманам можа стаць кожны, каго выбралі самі духі. Аднак у выпадку адсутнасці такога чалавека, яго замянялі старыя члены роду. За сваю працу шаманы патрабавалі аплату. Важным атрыбутам шамана з'яўляўся бубен з выбівачкай. Яго называлі аленем, які пераносіць шамана ў свет духаў.

Ненцы мелі асаблівыя ўяўленні пра жывёлін[13]. Некаторыя з іх лічыліся свяшчэннымі. Так, алені сімвалізавалі чысціню і дабрабыт. У кожнай сям'і меліся свяшчэнныя алені з асаблівымі прыкметамі. Іх не запрагалі ў нарты і не забівалі на мяса. Вельмі шанаваўся мядзведзь. Яго мяса трэба было жаваць па асобных правілах. Воўк, наадварот, ўяўляўся увасабленнем злога духа нгылек. Сапраўдную назву воўка сармик забаранялі казаць услых. Сабака як сваяк сармик таксама быў спараджэннем Нга, але яму прыпісвалася моц ахоўваць чалавека ад іншых злых духаў, папярэджваць пра іх набліжэнне брэхам.

У 1824 г. у Архангельскай губерніі была арганізавана спецыяльная праваслаўная місія з мэтай хрышчэння ненцаў. Пры дапамозе паліцыі місіянеры знішчылі рытуальныя месцы і хрысцілі тубыльцаў цэлымі сем'ямі. Ахрышчаныя звычайна не адмаўляліся ад веры продкаў, аднак у пантэон традыцыйных духаў увайшлі некаторыя хрысціянскія святыя, ненцы сталі карыстацца крыжыкамі і іконамі. У нашы дні Праваслаўная царква прыкладае намаганні для вядзення больш пільнай місіянерскай дзейнасці сярод ненцаў[14][15].

Зноскі правіць