Нядобры час (ісп.: La mala hora) — раман Габрыэля Маркеса. Выйшаў у свет па-іспанску ў 1962 годзе.

Кампазіцыя правіць

Раман складаецца з дзесяці раздзелаў без назваў, адзначаных рымскімі лічбамі. Такім чынам, апошні раздзел, дзе апавядаецца пра канчатковую страту спакою ў горадзе, руйнаванне надзеі на шчасце, пачатак ваеннага рэжыму і смерць незадаволеных, знаходзіцца пад крыжам рымскай лічбы Х. Таксама роўна дзесяць год жыхары трывалі ваенны рэжым алькальда, які ўзяў на сябе неафіцыйную ўладу, як у ваенны час.

Сюжэт правіць

У рамане апісваецца горад, у якім ужо шмат год не было сонечнага надвор'я, а дождж ліе кожны дзень. Гэта горад, у якім дзесяць год таму было паўстанне, і амаль усе незадаволеныя былі забіты па загаду алькальда. Алькальд нажывае багацце, і для гэтай мэты яму карысна спакойнае становішча ў горадзе, ён імкнецца наладзіць добрыя стасункі з жыхарамі, але яны ўсё роўна бачаць у ім забойцу сваіх родных і суседзяў. Па начах невядомыя вешаюць на дзвярах дамоў аркушы, на якіх напісаны ганебныя сакрэты аб жыхарах гэтага дома. Невядома, ці праўда гэта, ці плёткі. Незразумелым таксама з'яўляецца, для чаго пісаць усім вядомыя чуткі. Але ўсіх жыхароў вельмі клапоцяць аркушы, гэта становіцца адзінай тэмай для абмеркавання. Аднойчы Сэсар Мантэра чытае на сваіх дзвярах, што яго жонка здраджвае яму з музыкам Пасторам, ён ідзе да яго і забівае. Суддзя Аркадыё, які прыйшоў на месца забітага па загадзе алькальда за нязгоду з уладай, сеў за судзейскі стол толькі праз 11 месяцаў пасля прыняцця пасады, ён цэлымі днямі выдумвае, чым бы яшчэ заняцца, каб запоўніць дзень. Падрэ Анхель, каталіцкі святар, спрабуе лекаваць душы сваёй паствы, але бачыць, што ўсе яго намаганні ні да чаго не прыводзяць, хоць і ёсць бачнасць зменаў. Дантыст, адзіны з паўстанцаў, каго не забілі, адмаўляецца вырваць зуб алькальду, які вельмі пакутуе ад болю. Алькальд не вытрымлівае і з паліцыяй і стрэльбамі прыходзіць да зубнога ўрача і пад страхам смерці вымушае яго вырваць яму зуб. У цырульні збіраюцца людзі і заводзяць палітычныя размовы з пасылу самога цырульніка. Алькальд зарабляе грошы на людзях, дамы́ якіх затапіла паводка, паступова прыбірае да рук землі горада. Алькальд знаёміцца з цыганкай, якая прыехала разам з цыркам; яна варожыць яму на картах, але на пытанне, хто лепіць на дамы аркушы, карты адказваюць «Увесь горад і ніхто». Атмасфера пачынае напальвацца, некаторыя сем'і з'язджаюць з горада з-за сораму ад плётак на аркушах. Як і дзесяць год таму, уводзіцца каменданцкая гадзіна, загад — страляць ва ўсіх, каго зловяць на вуліцы з 8 вечара да 5 раніцы, хто тры разы не адгукаецца на зваротак. Нягледзячы на каменданцкую гадзіну, аркушы ўсё роўна з'яўляюцца на дзвярах дамоў, а нікога так і не злавілі. Удава Асіс просіць Падрэ Анхеля прачытаць на набажэнстве казань пра аркушы, але ён не можа звярнуць увагу ў Доме Божым на такую рэч, Асіс публічна са скандалам выходзіць з касцёла. У турму пасадзілі маладога Пэпэ Амадора за распаўсюджванне ўлётак, яго б'юць да паўсмерці, каб ён выкрыў сваіх, але ён маўчыць. У рэшце рэшт адзін з паліцыянтаў яго забівае, яны зарываюць яго цела пад турмой і кажуць, што ён збег, але ніхто ў гэта не верыць. На наступную ноч паліцыя пад кіраўніцтвам алькальда зноў, як і дзесяць год таму, пачала страляць, турма поўная змоўшчыкамі, у цырульніка пад падлогай знайшлі зброю. Але хоць цэлую ноч стралялі і была каменданцкая гадзіна, усё роўна з'явіліся аркушы.

Цытаты правіць

«У гісторыі чалавецтва не было ніводнага цырульніка, які быў бы змоўшчыкам, і ніводнага краўца, які бы такім не быў»

Заўвагі правіць

  • У рамане перыядычна ўсплываюць узгадванні пра горад Маконда, пра які апавядаецца ў рамане Маркеса «Сто гадоў адзіноты», а таксама імёны асоб, якія з'яўляюцца героямі гэтага рамана.
  • Падрэ Анкель жыў у горадзе Маконда да яго зруйнавання.
  • Тэлеграфіст перадае па тэлеграфу тэлеграфістцы ў іншы горад раман Гюго.
  • Надвор'е ў горадзе, апісанае у рамане «Нядобры час» пераклікаецца з дажджом, які доўжыўся пяць год у рамане «Сто гадоў адзіноты».

Экранізацыя правіць

У 2006 па матывах рамана выйшаў фільм O Veneno da Madrugada. Жанр — драма.