Ніу́экраіна на ізаляваным каралавым востраве на поўдні Ціхага акіяна. Мае статус самакіруючай тэрыторыі ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Грамадзяне Ніуэ маюць статус грамадзян Новай Зеландыі. Новая Зеландыя адказвае за знешнюю абарону краіны і здзяйсняе частку міжнародных кантактаў. Манарх Новай Зеландыі, брытанскі кароль Карл III, лічыцца главой Ніуэ. Агульная плошча — 261,46 км². Насельніцтва (2012) — 1 269 чалавек.

Ніуэ
Niuē
Герб Ніуэ
Сцяг Ніуэ Герб Ніуэ
Гімн: «Ko e Iki he Lagi»
Дата незалежнасці 19 кастрычніка 1974
Афіцыйная мова ніуэ, англійская
Сталіца Алофі
Форма кіравання канстытуцыйная манархія
Кароль
Прэм'ер-міністр
Карл III
Токе Талагі
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні

261,46 км²
0
Насельніцтва
• Ацэнка (2012)
Шчыльнасць

1269 чал.
4,88 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2003)
  • На душу насельніцтва

$10010000
$5800
Этнахаронім ніуэ
Валюта Новазеландскі долар (NZD)
Інтэрнэт-дамен .nu
Код ISO (Alpha-2) NU
Код ISO (Alpha-3) NIU
Тэлефонны код +683
Часавыя паясы UTC-11

Геаграфія правіць

 
Экалагічная карта Ніуэ

Ніуэ — старажытны каралавы востраў, які ўзнік у выніку некалькіх тэктанічных узняццяў. Агульная плошча - 261,46 км². Берагавая лінія - 60 км. Працягласць з поўначы на поўдзень - 19 км. Паверхня ўяўляе сабою 2 тэрасы. Ніжэйшая ўзвышаецца прыкладна на 27 м, вышэйшая - да 65 м. Узбярэжжа атачаюць каралавыя рыфы.

Глебы бедныя. Паверхневыя вадацёкі адсутнічаюць. Сталых крыніц пітной вады няма. У падземных карставых пячорах часам збіраецца дажджавая вада, аднак яна хутка становіцца саланаватай. Таму дажджавую ваду збіраюць у спецыяльныя рэзервуары.

Клімат трапічны, вільготны. Сярэдняя гадавая тэмпература 24,7 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў 2000 - 2200 мм. Цыклоны часцяком выклікаюць істотныя страты, у тым ліку чалавечыя ахвяры.

Значная частка ўзбярэжжа пакрыта манграмі. Ва ўнутранай частцы вострава захаваліся трапічныя лясы (каля 5400 га). Для аховы мясцовай прыроды арганізаваны 2 запаведныя зоны.

Гісторыя правіць

 
Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі і кароль Ніуэ, 1900 г.

Востраў Ніуэ быў населены ў другой палове першага - першай палове другога тысячагоддзя н.э. у выніку 2 розных плыняў палінезійскай міграцыі. Яны склалі 2 групы астравіцян моту і тафіці, якія адрозніваліся знешне і размаўлялі на розных дыялектах. Да прыбыцця еўрапейцаў мясцовае насельніцтва імкнулася падтрымліваць знешнюю ізаляцыю, вяло барацьбу з танганцамі.

У 1774 г. Ніуэ быў адкрыты Джэймсам Кукам, якога тут сустрэлі непрыязна, і ён назваў яго востравам Дзікуноў (Savage Island). У 1830 - 1840-ых гг. астравіцяне прынялі хрысціянства. У 1840 г. быў створаны адзіны кіруючы орган фона, а ў 1876 г. абраны адзіны кароль. Яго ўлада была даволі абмежаванай і не перадавалася па спадчыне.

Пасля нападу перуанскіх гандляроў рабамі ў 1863 г. або пад уплывам місіянераў астравіцяне двойчы звярталіся да Вялікабрытаніі з просьбай аб усталяванні пратэктарата. Ён быў фармальна прадстаўлены ў 1900 г. Але ў 1901 г. Вялікабрытанія перадала свае паўнамоцтвы Новай Зеландыі. У гады I Сусветнай вайны 150 карэнных жыхароў Ніуэ служылі добраахвотнікамі ў складзе ўзброеных сіл Новай Зеландыі, прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях у Егіпце і Францыі.

У 1965 г. упершыню было паднята пытанне аб магчымай аўтаноміі Ніуэ, аднак яно было адтэрмінавана на дзесяцігоддзе. У 1974 г. адбыўся рэферэндум, на якім грамадзянам Ніуэ былі прапанаваны незалежнасць, самакіраванне або далучэнне да Новай Зеландыі. Большасць галасоў падтрымалі варыянт аб самакіраванні і зацвердзілі Канстытуцыйны Акт, які стаў вярхоўным законам Ніуэ. З той пары 19 кастрычніка святкуецца адначасова як дзень незалежнасці і Канстытуцыі.

У 2003 г. Ніуэ стала першай у свеце краінай, якая прадставіла ўсім сваім грамадзянам бясплатны Wi-Fi доступ у інтэрнэт.

Эканоміка правіць

Развіццю эканомікі Ніуэ значна перашкаджаюць геаграфічная ізаляцыя і сталы адток насельніцтва ў Новую Зеландыю, дзе ўзровень жыцця значна вышэйшы. У мінулым, эканоміка Ніуэ цалкам залежала ад фінансавай дапамогі, якую атрымоўвала ад Новай Зеландыі, але ў апошнія гады гэта дапамога паступова скарачаецца. Мясцовае насельніцтва таксама залежыць ад грашовых пералікаў, якія робяць сваякі, што жывуць і працуюць у Новай Зеландыі і на астравах Кука. Кошты на імпартныя ежу, паліва і паўсядзённыя рэчы значна вышэйшыя, чым у Новай Зеландыі.

Вялікая частка мясцовай гаспадаркі кантралюецца дзяржавай, хаця ўрад прадпрымае меры для развіцця прыватнага сектара. Плануецца зніжэнне, а потым і поўная адмена падаткаў на імпарт, акрамя тытунёвых і алкагольных вырабаў.

Галоўная грашовая адзінка — навазеландскі долар. Долар Ніуэ чаканіцца дзяржавай выключна для продажу калекцыянерам. Важную ролю ў фарміраванні бюджэта адыгрывае продаж паштовых марак.

У мінулым найважнейшай галіной эканомікі з’яўлялася сельская гаспадарка. Аднак у нашы дні яе развіццю перашкаджаюць застарэлыя законы, якія робяць усю зямельную маёмасць сямейнай або дзяржаўнай уласнасцю. У сувязі з недахопам вады для паліву і тонкім пластом урадлівай глебы без інтэнсіфікацыі далейшы належны рост сельскагаспадарчай вытворчасці не магчымы. Земляробства і жывёлагадоўля забяспечваюць галоўным чынам мясцовыя патрэбы. Толькі некаторая частка ўраджаю садавіны і гародніны ідзе на экспарт. У Акіяніі добра вядома мясцовая разнавіднасць тара з ружовымі клубнямі. Яна ўстойліва да сельскагаспадарчых шкоднікаў і карыстаецца папулярнасцю ў Самоа і Новай Зеландыі.

Дзяржаўныя прадпрыемствы вядуць лоў і перапрацоўку рыбы, назапашваюць драўніну. Для развіцця прамысловасці пабудаваны прамысловы парк Фануакула. Мясцовае заканадаўства спрыяе развіццю інфармацыйных тэхналогій.

Турызм правіць

Турызм вызначаецца як адна з прыярытэтных галін эканомікі, але пакуль не адыгрывае такой значнай ролі, як у іншых краінах Палінезіі. Для грамадзян Беларусі для наведвання Ніуэ з турыстычнымі мэтамі патрэбна віза, якая дзейнічае да 30 дзён.

Насельніцтва і культура правіць

Палітыка правіць

Канстытуцыйны Акт 1974 г. абмяжоўвае магчымасці іншаземцаў (у тым ліку навазеландцаў займаць дзяржаўныя пасады, а таксама рэгламентуе прынцып падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Улады Ніуэ цалкам адказныя за ўнутраную палітыку.

Заканадаўчая ўлада прадстаўлена аднапалатнай Асамблеяй, у склад якой уваходзяць 20 прадстаўнікоў (14 ад вясковых выбаршчыкаў, 6 ад астатніх), якія выбіраюцца на трохгадовы тэрмін. Выбаршчыкі павінны быць грамадзянамі Новай Зеландыі, якія пражылі на востраве не меней за 3 месяцы. Прадстаўнікі павінны пражыць у Ніуэ не меней за 12 месяцаў.

Главой выканаўчай улады фармальна з’яўляецца брытанская каралева Елізавета II, якая прадстаўляе свае паўнамоцтвы генерал-губернатару Новай Зеландыі, а той прызначае на Ніуэ свайго вярхоўнага камісара. Аднак камісар абмежаваны роляй дыпламатычнага пасланца. Рэчаісная выканаўчая ўлада знаходзіцца ў руках кабінета міністраў, які прызначаецца Асамблеяй, выбірае прэм'ер-міністра і нясе калектыўную адказнасць.

Судовую ўладу выконваюць Вярхоўны суд Ніўэ і Апеляцыйны суд (да 2009 г. знаходзіўся ў Новай Зеландыі). Фармальна можна таксама звяртацца ў Судовы камітэт Патаемнай рады ў Лондане, аднак такіх выпадкаў пакуль не здаралася.

Мясцовае кіраванне здзяйсняюць вясковыя рады, выбары ў якія адбываюцца разам з выбарамі ў Асамблею.

Палітычныя партыі ніколі не адыгрывалі важнай ролі ў палітычным жыцці. У 1977 - 2003 гг. дзейнічала адзіная вядомая ў гісторыі гэтай краіны Народная партыя Ніуэ.

У Ніуэ няма сваёй арміі. Фактычна гэта краіна знаходзіцца пад абаронай узброеных сіл Новай Зеландыі, хаця дагавор 3 верасня 1974 г. ясна сцвярджае, што Новая Зеландыя і Яе Вялікасць не нясуць прамой адказнасці за знешнія зносіны і абарону Ніуэ. Але іншыя пункты гэтага ж дагавора астаўляюць магчымасць каардынацыі знешняй палітыкі шляхам кансультацый паміж урадамі абедзвюх дзяржаў.

Знешнія дыпламатычныя зносіны Ніуэ даволі абмежаваныя. Яна мае прадстаўніцтва ў Уэлінгтане, адпаведныя дагаворы з Кітаем (2007 г.) і Індыяй (2012 г.), з’яўляецца членам некалькіх рэгіянальных і сусветных міжнародных арганізацый, у тым ліку ЮНЕСКА (1993 г.). Ніуэ прызнаецца з боку ААН (1994 г.), аднак не ўваходзіць у яе склад.

Галерэя правіць

Выдатныя асобы з Ніуэ правіць

Спасылкі правіць

  1. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/australasia