Одзін (прагерм.: *Wōđanaz альбо *Wōđinaz; стар.-сканд.: Óðinn) — найвышэйшы бог позняй германскай і скандынаўскай міфалогіі, адзін з асаў. Ён, як і іншыя багі скандынаўскага пантэону, быў складанай постаццю: і богам мудрасці, і богам вайны, а таксама богам паэзіі, перамогі і палявання.

Одзін
Пол мужчынскі пол
Бацька Бёр[3]
Маці Бестла
Браты і сёстры Ве, Вілі і Хёнір[1]
Жонка Фрыг[2]
Дзеці Бальдр[4], Hodhr[d], Хермод[d], Брагі, Víðarr[d], Тор, Meili[d], Heimdall[d], Цюр, Winta[d], Váli[d], Skjöldr[d] і Göte[d]
У іншых культурах Wōdan[d], Woden[d] і Billy Blind[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Па легендзе менавіта Одзін стварыў Мідгард.

Паходжанне культа правіць

Бог Водан быў адным з цэнтральных у старажытнагерманскім і скандынаўскім пантэонах. Асабістую папулярнасць культ Одзіна набывае ў VII—IX стст., у перыяд росквіту вікінгскіх паходаў. Мяркуецца, што першапачаткова месца галоўнага бога займаў Цюр, германа-скандынаўскі кіраўнік неба і вайны[1].

Функцыі і асоба правіць

Одзін выступае не толькі апекуном вайны, баявога экстаза, але і заступнікам рамёстваў, магіі, паэзіі, мудрасці: менавіта ён падараваў людзям рунічную пісьменнасць[2] Архівавана 21 сакавіка 2013.. У асобе бога спалучаюцца розум, хітрасць, жорсткасць, дэманічнасць, нават двухполасць: традыцыйна магія ў скандынаваў лічылася жаночым заняткам. Одзін мае дзясяткі імёнаў, якія прыводзяцца ў «Прадмовах Грымніра» (Грым-маска, Злыдзень, Відрыр, Носьбіт перамог і інш). Прымае мноства розных воблікаў, дамагаецца свайго як адвагай і самаахвяраваннем, так падманам і хітрасцю.

Одзін узначальваў нябесных дзеў-валькірый, якія збіралі душы загінуўшых ваяроў і прыносілі іх у Вальхалу — частку Асгарда (нябеснай краіны багоў), якая была аналагам скандынаўскага раю. Там душы ваяроў біліся на мячах, вечарам спраўлялі банкет, а раніцаю прачыналіся, не ведаючы пахмелля. Гэтыя ваяры — эйнхерыі — складалі нябесную дружыну, якую ўзначальваў Одзін. Наогул Одзін — ось скандынаўскай міфалогіі, яе рухаючая сіла.

Знешні выгляд Одзіна правіць

 
Одзін звяртаецца да крумкачоў Хугіна і Муніна. Выява 18 ст. у ісландскім рукапісе. Датская каралеўская бібліятэка

Уяўляўся высокім, аднавокім старым у сінім адзенні і шыракаполым капелюшы[3]. Лічыцца, што тыповы дзеля сучаснага фэнтэзі вобраз чараўніка — з посахам, у сіняй мантыі і востраканцовым капелюшы — паходзіць менавіта ад Одзіна. У гэтым выглядзе часта хадзіў па зямлі і прасіўся пераначаваць у выпадковыя хаты, прыкідваючыся бедным вандроўнікам. Той, хто адмаўляў яму, мог быць пакараны. Таму скандынаўская традыцыя прымушала ўсіх людзей пушчаць да сябе ў хату стомленых падарожнікаў.

Ездзіў на кані Сляйпніры, у якога было 8 ног. Іншым атрыбутам Одзіна было кап’ё Гунгнір, якое выкавалі яму цвергі. Кап’ё забівала ворага і само вярталася ў руку гаспадара. Таксама ў Одзіна ёсць карабель Скідбладнір (складзены з тонкіх дошчачак) — самы хуткі карабель у свеце. Одзіну служылі 2 крумкачы — Хугін і Мунін («Разважаючы» і «Памятаючы»), якія кожны дзень абляталі ўвесь свет і расказвалі Одзіну, што адбываецца паза межамі Асгарда. Акрамя іх разам з Одзінам былі два ваўкі — Геры і Фрэкі («Прагны» і «Пражэрлівы»)[4]. Одзін кідаў ім кавалкі мяса, а сам піў толькі віно — яно было яго адзінай ежай.

Нараджэнне Одзіна правіць

Одзін з’явіўся яшчэ да стварэння Зямлі, калі на ўвесь сусвет раскінуліся вогненная краіна Муспель і ледзяная — Ніфльхейм. Сярод ільдоў жылі веліканы — першыя жыхары сусвету, нашчадкі магутнага велікана Іміра, які зарадзіўся ў ільду. З ледзянога валуна таксама ўзнік магутны першачалавек Буры. Яго сын — Бор — ажаніўся з дзяўчынай-веліканам, і ў іх нарадзіліся тры першыя багі — Одзін, Вілі і Ве. Пазней багі паднялі паўстанне, разбілі і прагналі веліканаў, а Іміра забілі, і з яго цела зрабілі зямлю, з чэрапа — нябесны купал, з крыві — мора, з валасоў — дрэвы. З іскраў, якія ляталі над вогненнай краінай Муспель, багі стварылі зоркі, а з найвялікшай — сонца. З ясеня і вольхі Одзін зрабіў першых мужчыну і жанчыну, а ў небе рукамі веліканаў пабудаваў Асгард.

Сям’я і дзеці Одзіна правіць

Як і іншыя вярхоўныя багі (у прыватнасці грэчаскі Зеўс) Одзін меў шмат сувязей з багінямі, веліканкамі і смяротнымі жанчынамі, ад яго паходзілі многія багі і героі. Багіня Ёрд нарадзіла яму Тора (бога-грамавержца), а законная жонка Фрыг — Бальдра, Хеда, Хермода, Цюра і Брагі. У сувязі з веліканкай Грыд быў народжаны Відар.

Набыццё мудрасці правіць

Першы варыянт міфа распавядае аб магічнай крыніцы мудрасці, якую вартаваў велікан Мімір. За права зрабіць глыток Одзін аддаў Міміру свае вока, вырашыўшы, што мудры больш убачыць і адным вокам, чым дурань — двума.

Па іншай версіі Одзін дзеля мудрасці прыносіць самога сябе ў ахвяру і 9 дзён вісіць на сусветным ясені Ігдрасілі, працяты сваім жа кап’ём. Нарэшце яго выратаваў дзед, інеісты велікан Бельторн, які ажывіў яго і даў мёду мудрасці, а таксама магічныя руны.

Існуе і трэці сюжэт, у якім багі і ваны мірацца пасля вайны. Яны змяшалі ў чашы сваю сліну, з якой вылепілі Квасіра — мудраца і паэта, напалову вана. Пазней Квасіра забілі карлікі Ф’ялар і Галар, а яго кроў змяшалі з мёдам і прыгатавалі напой паэзіі. Пазней крыважэрныя карлікі забілі велікана Гілінга. За тое іх прымусілі заплаціць віру (выкуп за забойства) сыну забітага — Сутунгу і аддаць таму мёд паэзіі. Сутунг схаваў чароўны мёд унутры скалы і прызначыў сваю дачку Гунлед вартаваць яго. Одзін даведаўся пра гэта, прабурыў скалу, пралез у сярэдзіну ў выглядзе змяі і правёў тры ночы з веліканкай Гунглед. Потым трыма глыткамі асушыў усе тры пасудзіны з мёдам і ў выглядзе арла вярнуўся ў Асгард, дзе і выплюнуў мёд у чашу. Гэты мёд Одзін аддаў багам і людзям, якія з таго часу ўмеюць складваць вершы і песні (у Скандынавіі паэтаў называлі скальдамі).

Іншыя ўчынкі Одзіна правіць

  • Стварае карлікаў-цвергаў з цела забітага велікана Іміра.
  • Прымушае бога Локі скрасці ў багіні Фрэйі каштоўныя каралі Брысінгамен.
  • Пачаў вайну паміж багамі і ванамі, кінуўшы ў натоўп апошніх сваё кап’ё Гунгнір.
  • Правакуе бойку конунгаў Хедзіна і Хегні.
  • У выглядзе звычайнага, але таямнічага чалавека (пад імем Грым — «Маска») наведвае конунга Гейрода. Той не пазнае галоўнага бога і загадвае прывязаць госця паміж двух кастроў. У выкіну сапраўдная асоба госця раскрываецца, а Гейрод, зачараваны доўгай прадмовай Одзіна, падае на ўласны меч.
  • Наводзіць вечны сон на валькірыю Брунхільд за тое, што яны, дапамагаючы Сікмунду, не паслухалася вярхоўнага бога. Валькірыя павінна была спаць да таго часу, пакуль у яе не закахаецца смяротны. Такім смяротным выратавальнікам аказаўся герой Сігурд.

Далейшы лёс Одзіна правіць

Скандынаўская міфалогія прадказвае будучыню багоў, іх смерць у апошняй бітве з веліканамі — у Рагнароку. Одзіна з’есць гіганцкі воўк Фенрыр.

Цікавыя факты правіць

Дзень тыдня серада (Wednesday) названы старажытнымі германцамі менавіта ў гонар Одзіна (Водэна). Нідэрландскі варыянт назвы серады — Woensdag, старажытнаскандынаўскі — Odinnsdagr.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Гёнир // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIII. — С. 337.
  2. различные авторы Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. ПетрушевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1907.
  3. Буре или Бури // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. ПетрушевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. V. — С. 21.
  4. Балдур // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IIа. — С. 796.

Спасылкі правіць

  • Скандинавская мифология / Скандинавские боги [5]
  • Один – Бог скандинавов. Мифы Скандинавии [6] Архівавана 21 сакавіка 2013.
  • Скандинавские боги [7]