Павел Аляксандравіч Аляксандраў

расійскі крыміналіст і юрыст

Павел Аляксандравіч Аляксандраў (руск.: Павел Александрович Александров; 1866, Санкт-Пецярбург — 24 верасня 1940, Масква) — расійскі юрыст, стацкі саветнік[1]. Расследаваў гучныя злачынствы ў Расіі канца XIX — пачатку XX ст., шырока асвятляныя тагачаснымі сродкамі масавай інфармацыі[2].

Павел Аляксандравіч Аляксандраў
Род дзейнасці крымінолаг, адвакат
Дата нараджэння 1866
Месца нараджэння
Дата смерці 24 верасня 1940(1940-09-24)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
ордэн Святога Станіслава 2 ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені медаль «У памяць валадарання імператара Аляксандра III»
ордэн Высакароднай Бухары

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў мяшчанскай сям’і[3][4].

Скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага універсітэта (1890), працаваў участковым судовым следчым[2][4]. З 12 снежня 1895 года — таварыш (намеснік) пракурора Мітаўскага, затым — Пскоўскага акруговых судоў[5].

З 1897 года — судовы следчы, з 1909 — следчы па найважнейшых справах Санкт-Пецярбургскага акруговага суда, з 1916 — следчы па асабліва важных справах Петраградскага акруговага суда[6][2][4][5]. Расследаваў справы пра замах на жыццё былога прэм’ер-міністра С. Ю. Вітэ (даказаў у 1907 годзе датычнасць да яго злачынцаў з ліку службоўцаў Ахоўнага аддзялення), пра атручэнне доктарам Панчанкам Бутурліна, пра забойства артысткі Цімэ, справу Арлова-Давыдава і артысткі Пуарэ, справу Вольгі Штэйн, педагога-распусніка Дзюлу, справу пра гібель сына адмірала Кураша[2][4][5], справу пра пажар ў Пецярбургскім народным доме праз прынца Альдэнбургскага і іншыя. Заслужыў рэпутацыю бесстаронняга і адданага праўдзе крыміналіста, быў палітычна непрадузяты, што спрыяла грамадскаму даверу да вынікаў яго следства.

На пачатку 1917 года выкладаў «тэхніку правядзення расследавання ў шпіёнскіх справах» на курсах контрразведкі пры Галоўным упраўленні Генеральнага штаба Расійскай імперыі[1][5].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года адкамандзіраваны ў Надзвычайную следчую камісію, дзе расследаваў дзейнасць «Саюза рускага народа», справы Манасевіча-Мануйлава, Бялецкага, Пратапопава і іншых[2][4].

У сярэдзіне красавіка 1917 года пачаў крымінальную справу супраць Леніна і бальшавікоў. У ліпені 1917 года міністрам юстыцыі Г. Д. Скараціным[З 1] уключаны ў следчую камісію па расследаванні «ліпеньскіх падзей»[2][4][5][З 2] (3-5 ліпеня будынак контрразведкі на Уваскрасенскай набярэжнай быў двойчы атакаваны; сцвярджалася, што галоўнай мэтай бальшавікоў быў захоп архіва контрразведкі пры Галоўным упраўленні Генеральнага штаба, дзе захоўваліся дакументы, які выкрывалі іх антыдзяржаўную дзейнасць). Менавіта контрразведка прадставіла судоваму следчаму Санкт-Пецярбургскага акруговага суда. П. А. Аляксандраву некалькі шафаў перапіскі і тэлеграм, якія кампраметавалі грамадзян Расійскай імперыі — бальшавікоў і У. І. Леніна[8][неаўтарытэтная крыніца?]. У дасудовым следстве пра дзяржаўную здраду У. І. Леніна і бальшавікоў П. А. Аляксандраў да 11-га тому справы далучыў сведчанне начальніка цэнтральнага аддзела контрразведкі пры Галоўным упраўленні Генеральнага штаба Мядзведзева, а 13 том быў цалкам складзены з агентурных матэрыялаў[5]. Менавіта П. А. Аляксандраву было даручана прад’явіць афіцыйнае дзяржаўнае абвінавачванне У. І. Леніну на падставе злачыннага дзеяння прадугледжанага 51-м (саўдзел і падбухторванне), 100-м (гвалтоўнае змяненне устаноўленага ладу праўлення, адтаргненне ад Расеі якой-небудзь яе часткі) і 108-м (1-ы пункт: спрыянне непрыяцелю ў ваенных або іншых варожых дзеяннях) артыкуламі Крымінальнага ўлажэння Расійскай імперыі.

17 кастрычніка 1917 года П. А. Аляксандраў дапытаў апошняга сведка — Аляксеева. Справа датычна бальшавікоў так і не была завершана праз Кастрычніцкую рэвалюцыю[2].

Пасля рэвалюцыі. П. А. Аляксандраў стаў кіраўніком кантрольна-рэвізійнага аддзела па паліве ў Петраградзе, затым як справавод загадваў агульнай канцылярыяй Галоўнага ўпраўлення прымусовых і грамадскіх работ у Маскве, быў загадчыкам гаспадаркі і скарбнікам вайсковай часткі ў Уфе, юрысконсультам гандлёва-прамысловай канторы і канторы «Главсахар»[2][4].

21 кастрычніка 1918 года арыштаваны органамі ВЧК на станцыі Веймарн Балтыйскай чыгункі[9]. Разам з зяцем зняволены ў лагер з фармулёўкай «да заканчэння грамадзянскай вайны» (на два гады)[2][4]; яго дачку вызвалілі, а 26 ліпеня 1919 года па хадайніцтве Дзям’яна Беднага на імя Ф. Э. Дзяржынскага вызвалілі зяця[9].

У 1925 годзе арыштаваны зноў, даваў тлумачэнні АДПУ. Тым часам ён загадваў аддзелам здарэнняў на Кастрычніцкай чыгунцы ў Маскве. 5 красавіка 1928 года арыштаваны і зняволены ў турму. Асуджаны да 5 гадоў ППЛ. На пачатку 1929 года яго жонка прасіла хадайніцтва арганізацыі «Дапамога палітычным зняволеным» ў змякчэнні пакарання[1]. У справе П. А. Аляксандрава (захоўваецца ў архіве ФСБ РФ) захавалася запіска А. В. Луначарскага ад 1929 года:

  Настоящим подтверждаю, что А. А. Александров[З 3] в бытность свою судебным следователем по особо важным делам при правительстве Керенского вел мое личное дело и показал себя при этом человеком совершенно корректным и объективным. […]

Нарком по просвещению Луначарский[9].

 

У 1932 годзе датэрмінова вызвалены з лагера і на рэшту тэрміна пакарання высланы ў Сібір. У сярэдзіне 1930-х гадоў вярнуўся ў Маскву, працаваў юрысконсультам у канторы забеспячэння Галоўнага ўпраўлення цукровай прамысловасці Наркамата харчовай прамысловасці[1].

17 студзеня 1939 года арыштаваны НКУС (сакрэтны Загад НКУС № 00447). 17-18 лістапада 1939 года арыштаваны ўначы[1] без крымінальнай справы, у парушэнне пастановы Прэзідыума ЦВК СССР ад 2 лістапада 1927 года «Аб амністыі ў азнаменаванне 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі», бо было хадайніцтва органаў дзяржбяспекі не ўжываць датычна П. А. Аляксандрава амністыю, што зацвердзіла Пракуратура СССР 22 мая 1939 года і было прынята рашэннем на Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР 11 лістапада 1939 года[2]. 16 ліпеня 1940 года на закрытым пасяджэнні Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР за «неабгрунтаванае абвінавачванне правадыра пралетарыяту У. І. Леніна ў супрацоўніцтве з германскім Генштабам» асуджаны да вышэйшай меры пакарання[1][3][4]. 24 верасня 1940 года расстраляны[1][3]. Пахаваны на Данскіх могілках[3] (манастырскі некропаль, у брацкай магіле 1, пасля Данскога крэматорыя).

Рэабілітаваны пасмяротна 9 лістапада 1993 года Галоўнай ваеннай пракуратурай РФ[3].

Сям’я правіць

Жонка — Кацярына Іванаўна Аляксандрава (1875—?), мела сярэднюю адукацыю, хатняя гаспадыня. У 1929 годзе пасля зняволення мужа ў лагер жыла ў сваякоў у Пяцігорску. Восенню 1933 года арыштавана ў Пяцігорску, 12 снежня 1933 асуджана да 3 гадоў высылкі ў Томскую вобласць[1][10].

У шлюбе меў дачку, жонку Анатоля Аляксеевіча Жданава (таварыш пракурора Палтаўскага акруговага суда; пасля рэвалюцыі — службовец Цэнтральнага харчовага камітэта)[9].

Узнагароды правіць

Адрасы правіць

  • Санкт-Пецярбург, вул. Вялікая Маскоўская, 13[6].
  • Масква, вул. Вялікая Дзмітраўка, 20, кв. 30.

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

  1. Г. Д. Скарацін, намеснік міністра юстыцыі, выконваў абавязкі міністра на працягу 3 дзён пасля адстаўкі П. М. Пераверзева, то бок 19-23 ліпеня 1917 года[7].
  2. У складзе следчай камісіі былі таксама пракурор Судзебнай палаты Карынскі, следчыя Сергіеўскі, Бакіцько і Сцяпура, участковыя следчыя Мансанскі і Фрыдрысберг[5].
  3. Няслушныя ініцыялы ў крыніцы тлумачацца памылкай друку[9].

Зноскі правіць

Літаратура правіць

Архіўныя крыніцы правіць

  • Справа П. А. Аляксандрава ў Цэнтральным архіве ФСБ РФ
  • Справа У. І. Ульянава (Леніна) у Цэнтральным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі
  • ГАРФ. Ф. Р-8409. Оп. 1. Д. 380. Л. 77-80, 98-99.
  • ГАРФ. Ф. Р-8409. Оп. 1. Д. 911. Л. 45-49, 56.
  • ГАРФ. Ф. Р-8419. Оп. 1. Д. 172. Л. 33.

Спасылкі правіць