Пампеа Тарганэ (1575, Рым — 1630) — італьянскі ювелір і інжынер. Рознабакова адораны чалавек — мусіць, апошні з г.зв. «людзей Адраджэння» — прымяняў свае здольнасці ў розных галінах мастацтва і навукі, у т.л. ваеннай.

Пампеа Тарганэ
Род дзейнасці інжынер
Дата нараджэння 12 кастрычніка 1575(1575-10-12)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1630
Месца смерці

Нарадзіўся ў сям'і ювеліра венецыянскага паходжання. Наследаваў бацьку, стаў высокакласным ювелірам і дызайнерам упрыгожанняў, працаваў для рымскіх сабораў і Папскага двара. Таксама займаўся механікай, ліццём гармат, інжынернай справай, цывільнай і ваеннай архітэктурай і шмат чым іншым.

Служыў інжынерам у іспанскай арміі ва Фландрыі, але, напэўна, вялікага досведу не атрымаў. Затым, на заказ Папы Клемента VIII, стварыў цудоўны табернакль (дарасховішча) для сабора Яна Хрысціцеля ў Рыме.

Ваенныя машыны, распрацаваныя П. Тарганэ і Г. Гамурыні пры аблозе Астэндэ.

Вярнуўся ва Фландрыю, дзе ў ліпені 1601 года пачалася грандыёзная і цяжкая ў кожным сэнсе аблога Астэндэ, г.зв. «Новая Троя», якая трывала 3 гады. Тарганэ спрабаваў ужыць творчы падыход, вынаходзіў навінкі адну мудрагелісцей за другую, аднак нунцый Гвіда Бентывілья пісаў, што «ён меў востры розум, шмат вынаходзіў, але раней ніколі не пераходзіў ад тэорыі да практыкі ў ваеннай справе; і неўзабаве выявілася, што яго вынаходніцтвы не вытрымліваюць праверкі». Усё абярнулася канфузам, вялізнай даўжыні фашыны-габіёны, якія салдаты мусілі каціць перад сабою, завязалі ў гразі і ўжываліся вельмі вузка. Плывучая батарэя ў выглядзе вежы на звязаных лодках перакулілася і патанула. Перасоўны мост на колах немагчыма было выкарыстоўваць праз яго кволасць і цельпукаватасць. Таксама ёсць звесткі, што Тарганэ спрабаваў пабудаваць вялізную «калясніцу» — перасоўны артылерыйскі форт на колах, які выйшаў са строю пасля першага абстрэлу праціўнікам. Збудаваць мудрагелістую драўняную дамбу пры моцным ветры і хвалях выявілася нерэальным. Таксама, Тарганэ прыпісваюць вынаходства палявога млына, але невядома ці быў ён збудаваны. Паспяховая аблога Астэндэ, якая праславіла іспанскіх салдат і вайсковы талент Амброзіа Спінолы, для Тарганэ стала плямай на рэпутацыі.

Пасля Астэндэ П. Тарганэ зноў займаўся мастацтвам, ювелірнай справай, стварыў цудоўны алтар у царкве Санта-Марыя-Маджорэ. Быў адным з распрацоўнікаў і будаўнікоў фантана Аква Паола. Таксама займаўся фартыфікацыйнымі і будаўнічымі работамі ў Рыме і ў гэтым яго зноў спасцігла няўдача — драўняны мост цераз Тыбр змыла паводкай.

У 1627 годзе кароль Людовік XIII і кардынал Рышэльё пачалі аблогу Ла-Рашэлі, асноўнай праблемай абложваючых была даступнасць для горада мора, адкуль ішло падмацаванне. Тарганэ прапанаваў збудаваць «эстакаду» (загароду) і перакрыць уваход у бухту. Кардынал Рышэльё ставіўся да італьянца насцярожана, пісаў, што «нельга было яму давяраць, бо ён рабіў уражання чалавека, які не ведае пра што гаворыць». Каб даказаць магчымасць сваёй ідэі, Тарганэ збудаваў на Сене ўзор. Загарода складалася з артылерыйскіх баржаў, змацаваных вялікім ланцугом, які трымаўся на вадзе бочкамі-паплаўкамі прывязанымі да сваяў забітых у дно. Таксама Тарганэ прапаноўваў перагарадзіць бухту мелкай сеткай, каб не прапускаць рыбу і пазбавіць абложаных адной з крыніц ежы. Кардынал, нягледзячы на свае сумневы, дазволіў Тарганэ пачаць работы. Аднак, Атлантыка не Сена — вынікі былі катастрафічныя — канструкцыя Тарганэ не вытрымала зімовых штормаў і цягам некалькіх дзён развалілася, пазней знесла нават сваі. Тарганэ страціў міласць караля і пэўны час нават быў зняволены ў турме. Урэшце, Рышэльё даручыў гэту работу спецыялісту, архітэктару Клемену Метэзо, які і пабудаваў вядомую «марскую сцяну», цалкам блакаваўшую бухту.

Расчараваны Тарганэ вярнуўся ў Рым, да мастацтва, час таленавітых і рознабаковых дылетантаў Адраджэння мінуў — вайна стала справай выключна прафесіяналаў.

Зноскі

Літаратура правіць