Папуа́сы — групы народаў, карэнных жыхароў Папуа — Новай Гвінеі і ўсходняй часткі Інданезіі, якія размаўляюць на так званых папуаскіх мовах. Належаць да аўстралоіднай расы. Рэгіён Меланезіі, населены папуасамі, часам вылучаюць у самастойную культурна-геаграфічную вобласць Папуасію. Даследаванні выявілі, што папуасы з’яўляюцца прамымі нашчадкамі найстаражытнейшага насельніцтва Азіі і Акіяніі. Прыкладная колькасць — 7 млн чал.

Папуасы цэнтральных раёнаў Папуа — Новай Гвінеі

Паходжанне і рассяленне правіць

 
Распаўсюджанне папуаскіх моў (наш час)

Назвы «Папуа» і «папуасы» з’явіліся на еўрапейскіх картах у XVI ст. і першапачаткова атаясамляліся з вялікай групай астравоў на ўсходзе сучаснай Інданезія. Існуе шмат тлумачэнняў этымалогіі гэтых слоў. Мяркуецца, што партугальскія і іспанскія мараплаўцы запазычылі іх з твораў Пракопія з Кесарыі, дзе Παπποα — гэта чарнаскурае афрыканскае племя, або з азіяцкіх моў, у якіх яны значылі «іншаземны», «кудлаты», «незразумелы, заблытаны» і г. д., або ад імя багатага малукскага ўладара. Значна пазней (не раней за XVIII ст.) яны сталі выкарыстоўвацца для пазначэння насельніцтва Новай Гвінеі.

Папуасы з’яўляюцца прамымі нашчадкамі першых людзей сучаснага тыпу, якія перасеклі мора і з Азіі трапілі ў Новую Гвінею і Аўстралію. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта магло адбыцца каля 60 тыс. гадоў таму. У той час узровень акіяну быў значна ніжэйшы за сучасны, а Аўстралія і Новая Гвінея ўяўлялі адзіны масіў сушы. Такім чынам, перасяленне ў Новую Гвінею адбылося нават раней, чым людзі сучаснага тыпу з’явіліся ў Еўропе. Генетычныя даследаванні паказваюць блізкасць найбольш ізаляваных горных народаў Новай Гвінеі да абарыгенаў Аўстраліі. Акрамя таго, выяўлена, што папуасы і меланезійцы — носьбіты генаў дзянісаўскага чалавека.

Археолагі, што вядуць раскопкі ў балотах Кук (цэнтральны раён Папуа — Новай Гвінеі), прыйшлі да высновы, што продкі папуасаў — адны з першых на Зямлі, хто пачаў займацца земляробствам. Каля 10 тыс. гадоў таму яны ўжо апрацоўвалі зямлю, стваралі простыя ірыгацыйныя збудаванні для вырошчвання тара. 6,5 тыс. гадоў таму ў перадгор’ях Новай Гвінеі ўжо ведалі і іншыя сельскагаспадарчыя культуры — розныя клубневыя, цукровы трыснёг і бананы. Апрацоўка зямлі мала адрознівалася ад сучаснай. Мясцовыя жыхары выпальвалі лугі і стваралі на іх месцы агароды. Жывёлагадоўля з’явілася значна пазней і ніколі істотнага значэння не мела.

Заходняй мяжой рассялення папуасамоўных народаў стаў востраў Сумбава ў Малым Зондскім архіпелагу, дзе да пачатку XIX ст. квітнела культура Тамбора, знішчаная падчас вывяржэння вулкана. Тым не меней, на Малых Зондскіх астравах захаваліся папуасамоўныя супольнасці алорцаў, бунак, макасаі і інш. У наш час папуасамоўныя народы насяляюць амаль усю тэрыторыю Новай Гвінеі і некаторыя сумежныя астравы. Большасць пражывае на тэрыторыі дзяржаў Інданезія і Папуа — Новая Гвінея. Невялікія карэнныя папуасамоўныя групы сустракаюцца ў Аўстраліі (гл. Абарыгены астравоў праліва Торэса) і паўночным захадзе Саламонавых астравоў.

Этнічны і моўны падзел правіць

У навуковай літаратуры няма адзіна прынятага погляду на колькасць папуаскіх народаў і моў. Часам іх лічба дасягае 700. Аднак у большасці гэта толькі прыкладныя дадзеныя. У горнай ізаляванай мясцовасці сустракаюцца вёскі, насельніцтва якіх размаўляе на асобных мовах. Звычайна вылучаюць 17 — 45 груп папуаскіх народаў. Найбольш вядомыя з іх:

Традыцыйная культура правіць

 
Жытло ў правінцыі Сепік

Як і ў іншых частках свету, жыццё ў Новай Гвінеі характарызуецца значнымі зменамі. Аднак на працягу прыкладна 10 тысячагоддзяў галоўным заняткам з’яўляецца прымітыўнае земляробства. Адно з найстаражытнейшых земляробчых месцаў з’яўляецца балота Кук. У горных і лясных раёнах яно заснавана на падсечна-агнявой сістэме. Для спажывання вырошчваюць пераважна клубневыя культуры, бананы, сагавыя і какосавыя пальмы. Адметная асаблівасць традыцыйных земляробчых культур у недастатковым утрыманні неабходных для чалавека бялкоў і тлушчаў. Толькі бліжэй да нашага часу пачалі распаўсюджвацца кукуруза і бабовыя. Таму ў цэнтральных раёнах значную ролю таксама адыгрываюць збіральніцтва і паляванне, а ў вусцях буйных рэк, на марскім узбярэжжы і на малых астравах — рыбалоўства, рамяство і гандаль.

Жывёлагадоўля ніколі не мела вялікага значэння. Папуасы звычайна трымаюць свінняў і сабак, але іх мяса ўжываюць рэдка. Свінні з’яўляюцца сродкам абмену і сямейнай каштоўнасцю. У вёсках да сёй пары можна ўбачыць жанчын, якія выкормліваюць парсючкоў грудзю. Часам папуасы ловяць у лесе дзікіх маладых жывёлін і трымаюць іх, каб потым забіць на мяса.

Абмен таварамі і падарункамі паміж рознымі рэгіёнамі практыкаваўся здаўна. Жыхары ўзбярэжжа і астравоў абменьвалі рыбу, чарапашае мяса, кераміку і соль на прадукты земляробства, каменныя прылады працы, птушынае пер’е і г. д. Да прыходу еўрапейцаў папуасы не здабывалі і не апрацоўвалі металы, аднак вельмі вынаходліва выкарыстоўвалі прылады працы з каменя, дрэва, косці, ракавін і гліны.

Галоўныя прылады працы земляробаў — матыка і сякера. Паляўнічыя і воіны карыстаюцца лукамі і стрэламі, дзідамі, сякерамі, драўлянымі булавамі і касцянымі нажамі. Лодкі робяць дзяўбаныя, часам з балансірам або шчапляюць некалькі лодак разам.

 
Драўляная скульптура

Асноўны тып паселішча — вёска, якая можа налічваць ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў жыхароў. У залежнасці ад раёна пражывання жытлы будуюць розныя. У рачных далінах — гэта доўгія будынкі на па́лях, у якіх могуць жыць да 50 чалавек. Сем’і атрымоўваюць пэўнае месца каля сцяны, дзе могуць ладзіць вогнішча. Цэнтральную частку адводзяць для дзяцей. Але звычайна папуаскія вёскі ўяўляюць сабою асобныя пабудовы або групы пабудоў, злучаныя паміж сабою кароткімі сцежкамі.

Традыцыйная вопратка лёгкая. Мужчыны носяць пояс з тапы, абгорнуты вакол сцёгнаў і паміж нагамі. Жанчыны — спадніцы з травы і валокнаў. Часам у сельскай мясцовасці можна бачыць неапранутых людзей. Але ў наш час паўсюдна распаўсюджваецца еўрапейскае адзенне.

Розныя рэчы трымаюць у плеценых кайстрах і кошыках. Хатняе начынне робяць з бамбуку, гліны, дрэва. Ежу рыхтуюць у земляных печах або на вуглях. Соль у мінулым здабывалі з залы прасоленых у марской вадзе дрэў. Традыцыйная кулінарыя ўключае даволі простыя стравы ў большасці расліннага паходжання. Харчовыя прадукты доўга не захоўваюцца, таму іх імкнуцца спажываць у дзень прыгатавання. З-за недахопу неабходных бялкоў пры магчымасці ўжываюць дзічыну, яйкі, насякомых і г. д. У мінулым сустракаліся выпадкі рытуальнага і выпадковага канібалізму.

Упрыгожванні — прывілегія ў большай ступені мужчын. Шырока распаўсюджаны татуіроўка, шрамаванне, пратыканне носу і вушэй, фарбаванне цела. Таксама ўпрыгожваюцца ракавінамі, каралямі са шкла, кольцамі і бранзалетамі са скуры і пластмасы.

Сацыяльная арганізацыя розных папуаскіх народаў таксама мае істотныя адрозненні. Буйныя тэрытарыяльныя аб’яднанні накшталт плямёнаў фактычна не сустракаюцца. Вясковыя жыхары аб’яднаны ў абшчыны, якія падзяляюцца на сем’і. Абшчынная злучнасць вызначае атаясамленне таго ці іншага чалавека. Для яе характэрны сумеснае валоданне зямлёй, прызнанне агульных законаў і традыцый, абавязковыя ўзаемадапамога і сумесныя дзеянні ў перыяд канфліктаў, сумеснае правядзенне рытуалаў і святаў. Такім чынам, вёска выступае як самастойная палітычная, эканамічная і культурная адзінка. У мінулым, некалькі вёсак стваралі часовыя аб’яднанні падчас войнаў с суседзямі. Характэрна, што маладыя людзі называюць бацькам і маці ўсіх старых аднавяскоўцаў, а братамі і сёстрамі — усіх суседзяў свайго пакалення.

Сем’і вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя. Жонак шукаюць за межамі сваёй абшчыны, пры гэтым робяць шчодрыя падарункі сваякам нявесты. Вядомы палігамныя шлюбы, хаця большасць папуасаў аддаюць перавагу парным. Рэзкага размежавання заняткаў на мужчынскія і жаночыя не існуе. Мужчыны і жанчыны часта працуюць разам, але выконваюць розныя працоўныя аперацыі. У многіх народаў распаўсюджаны цесныя зносіны паміж братамі і сёстрамі, дзядзькамі па матчынай лініі і пляменнікамі. Жонка захоўвае сталыя кантакты са сваякамі сваёй вёскі.

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні заснаваны на кульце продкаў і анімістычных уяўленнях. У выніку дзейнасці місіянераў многія папуасы прынялі хрысціянства. На поўначы Новай Гвінеі існуе культ карга. Сярод папуаскіх народаў Інданезіі ёсць мусульмане.

Мовы правіць

Для папуаскіх моў характэрна значная разнастайнасць пры адносна невялікай колькасці носьбітаў той ці іншай мовы. Яны не складаюць адзіную генетычную сям’ю, а арганізаваны ў 22 сем’і моў, найбуйнейшымі з якіх з’яўляюцца транс-навагвінейская (466—493 моў), пашыраная заходнепапуаская (каля 38 моў), тарычэлі (40 — 50 моў), сепік (51 мова), раму — ніжнія сепік (40 моў), паўднёва-цэнтральныя мовы (22 мовы). Акрамя таго, існуюць ізаляваныя мовы, многія з якіх сустракаюцца ў горнай мясцовасці і прыбярэжных астравах.

Вобраз папуасаў у культуры правіць

З XIX ст. у еўрапейскай культуры дамінуе вобраз папуаса як дзікуна і вычварэнца. Найбольш рэалістычны вобраз папуасаў у беларускай літаратуры быў створаны Янкам Маўрам у аповесці «У краіне райскай птушкі».

Спасылкі правіць