Парыжскі мірны дагавор (1814)

(Пасля перасылкі з Парыжскі мірны дагавор, 1814)

Парыжскі мірны дагавор 1814 года — мірны дагавор паміж удзельнікамі шостай антыфранцузскай кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй), з аднаго боку, і Людовікам XVIII — з іншага. Падпісаны ў Парыжы 30 мая. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор прадугледжваў захаванне за Францыяй межаў, якія існавалі на 1 студзеня 1792 года, з даданнем толькі часткі герцагства Савойскага, колішніх папскіх уладанняў Авіньёна і Венэсена і невялікіх палос зямлі на паўночнай і ўсходняй мяжы, якія раней належалі аўстрыйскім Нідэрландам і розным германскім уладанням (між іншых, чыста нямецкі гарадок Саарбрукен, з багатымі вугальнымі капальнямі), усяго каля 5 тыс. кв. км і больш за 1 млн жыхароў.

Францыі вярталася большая частка каланіяльных уладанняў, страчаных ёю падчас Напалеонаўскіх войнаў. Швецыя і Партугалія вярнулі Францыі ўсе аднятыя ў яе калоніі; Англія ўтрымала за сабой толькі Табага і Сент-Люсію ў Вест-Індыі і востраў Святога Маўрыкія у Афрыцы, але вярнула Іспаніі востраў Гаіці. Францыі было дазволена захаваць усе захопленыя ёю прадметы мастацтваў, за выключэннем трафеяў, знятых з Брандэнбургскіх варот у Берліне і выкраданняў, зробленых у Венскай бібліятэцы. Да выплаты кантрыбуцыі яна не была абавязана.

Галандыя аднавіла незалежнасць і была вернута Аранскаму дому. Швейцарыя была абвешчана незалежнай. Італія, за выключэннем аўстрыйскіх правінцый, павінна была складацца з незалежных дзяржаў. Нямецкія княствы аб'ядноўваліся ў саюз. Была абвешчана свабода суднаходства па Рэйне і Шэльдзе. Францыя, паводле асобага пагаднення з Англіяй, абавязалася знішчыць рабагандаль у сваіх калоніях. Нарэшце, было пастаноўлена, што прадстаўнікі ўсіх дзяржаў, якія прымалі ўдзел у вайне, збяруцца, у двухмесяцовы тэрмін, на кангрэс у Вене, для вырашэння іншых пытанняў. Тайныя артыкулы дагавора дадавалі, што «саюзнікі» размяркуюць спрэчныя тэрыторыі паміж сабой; было прадвызначана таксама, што аўстрыйскія Нідэрланды будуць далучаны да Галандыі, а Аўстрыя, наўзамен, атрымае Венецыю і Ламбардыю. Францыя загадзя абавязалася падпарадкавацца ўсім рашэнням Венскага кангрэса.

Літаратура правіць

  • Дебидур А. Дипломатическая история Европы. Ростов-на-Дону: Феникс, 1995. Т. 1. Стр. 27-29 ISBN 5-85880-088-2

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).