Паўстанне Юр’евай ночы

(Пасля перасылкі з Паўстанне Юр'евай ночы)

Паўстанне Юр'евай ночы (1343—1345) — буйнейшае ў Сярэднявеччы выступленне эстаў супраць немцаў у Эстоніі.

Крыніцы правіць

З разумелых прычын, крыніц эстонскага паходжання пра Паўстанне няма. Асноўныя крыніцы — тры хронікі нямецкага паходжання, але і яны дайшлі да нас не ў арыгінале.

Найбольш падрабязна звесткі пра Паўстанне дае г.зв. Лівонская малодшая рыфмаваная хроніка, яе аўтар Барталамей Гунеке быў сучаснікам падзей, займаў нейкую пасаду (найверагодней, святарскую) пры ордэнскім фогце ў Ярвэ і быў добра інфармаваны. Але хроніка Гунеке дайшла да нас толькі ў пераказе хронікі Іагана Рэнера, які ў 16 ст. быў служачым Ордэна і, як думаюць, значна адрэдагаваў звесткі Гунеке пра падзеі 1343 года. Другая значная крыніца — «Хроніка Лівоніі» Германа Вартберга, капелана пры Лівонскім ландмайстры Тэўтонскага ордэна ў 2-й палове 14 ст., які скончыў сваю Хроніку ў 1378 годзе і адлюстроўваў у ёй погляд Ордэна на Паўстанне. Трэцяя крыніца — рыфмаваная хроніка Віганда Марбургскага, складзеная ў канцы 14 ст., у ёй найбольш каштоўныя звесткі пра карную ордэнскую аперацыю восені 1343 года. Але з Хронікі Віганда ў арыгінале да нас дайшла нязначная частка, у асноўным яна вядома з лацінскага перакладу сярэдзіны 15 ст. З рускіх крыніц пра Паўстанне згадвае толькі Наўгародскі першы летапіс, пскоўскія летапісы абмежаваліся апісаннем паходу пскавічоў супраць Дэрпцкага біскупства летам 1343 года.

Гунеке характарызуе Паўстанне як палітычны рух скіраваны на поўнае знішчэнне нямецкага прыгнёту і самых немцаў у Эстоніі. Герман Вартберг апраўдвае дзеянні Ордэна, паказваючы Паўстанне як крывавы бунт адкінуўшых хрысціянства паганцаў. Віганд Марбургскі бачыў Паўстанне як сялянскае, прычынаю якога было цяжка сацыяльна-эканамічнае становішча сялян у дацкіх уладаннях у Эстоніі.

Прычыны правіць

 
Карта Лівоніі перад Паўстаннем

Падпарадкаваўшы ліваў і летаў, немцы ў 1208 годзе пачалі актыўныя дзеянні супраць эстаў. Сустрэўшы іх супраціўленне, а таксама дапамогу эстам з боку рускіх, рыжскі біскуп Альберт спадзяючыся замацавацца на поўдні Эстоніі заклікаў да дзеянняў на поўначы Эстоніі дацкага караля Вальдэмара II. Датчане здолелі завалодаць трымя паўночнымі раёнамі краіны — паветамі Равяля, Хар'ю і Віру. Але ў 1227 годзе дацкія ўладанні ў Эстоніі былі акупаваны немцамі і толькі ў 1238 годзе вернуты датчанам пасрэдніцтвам Папы рымскага.

За 1227—1238 г. большая частка зямель была раздадзена васалам нямецкага паходжання, якія да 1238 года складалі звыш 80 % ад агульнай колькасці васалаў у раёнах, якія вярталіся Даніі. Карпаратыўная супольнасць нямецкіх васалаў у дацкіх уладаннях у Эстоніі была мацнейшай чым у іншых частках Прыбалтыкі, тымчасова як улада дацкага караля тут была амаль намінальнай, таму фактычна ўлада ў рэгіёне належала нямецкіх феадалам. Гэты факт трэба мець на ўвазе пры разглядзе прычын Паўстання.

З 1270-1280-х пачалося прымусовае адчужэнне васаламі сялянскіх зямель пад маёнткі, а таксама павелічэнне павіннасцей сялян, у т.л. паншчыны — з-за гэтага ўзмацніўся антаганізм паміж немцамі-землеўласнікамі і эстамі-сялянамі. У параўнанні з заможнасцю эстаў у пачатку 13 ст., паводле Генрыха Латвійскага, да сярэдзіна 14 ст. яны былі загнаныя ў жабрацкія і паднявольныя ўмовы існавання. Таксама, хоць за 100 гадоў, паміж заваёвай датчанамі зямель эстаў і Паўстаннем, у Эстоніі і была праведзеная хрысціянізацыя, хрысціянства, якое прапаведвалася на чужой для народа мове, збольшага было сімвалам нямецкага гнёту. Пры гэтым у народзе на памяці былі паданні пра колішнюю самастойнасць і колішнія паўстанні супраць немцаў.

Падрыхтоўка правіць

 
Падзіскі кляштар

Паўстанне не было стыхійным, а стала вынікам эсцкага руху, ініцыятары якога спачатку паслалі скаргу дацкаму каралю, дзе прасілі абароны ад гнёту дацкіх васалаў-немцаў, кажучы каралю, што сялянам-эстам ужо «лепей памерці, чым працягваць нікчэмнае існаванне пад гэткім ярмом», бо немцы «гвалцілі іх жонак і дачок, аднімалі маёмасць і саміх заводзілі ў рабства». Аднак паслы эстаў былі затрыманыя служачымі Ордэна. Таксама, сяляне-эсты дацкіх уладанняў у Эстоніі звярталіся са скаргай на васалаў-немцаў да Лівонскага лайндмайстра Тэўтонскага ордэна, але і гэты зварот да вышэйшай улады не меў выніку. Верагодна, пасля гэтага пачалася падрыхтоўка да ўзброенага паўстання. Мэтай паўстання было поўнае фізічнае знішчэнне немцаў у Эстоніі, пад лозунгам «Смерць немцам!» яно і праходзіла. Ініцыятары паўстання паслалі па дапамогу да шведскіх фогтаў у Аба і Выбрагу, што на фінскім беразе, бо вядома, што Швецыя даўно мела планы на Эстонію. Таксама 2 паслоў эстаў былі дасланыя да Пскова. Сам пачатак Паўстання быў прымеркаваны да часу, калі войскі Ордэна былі заняты аблогай пскоўскага прыгарада Ізборска. Паміж сабою эсты выбралі 4 кіраўнікоў.

Першымі паўсталі эсты павета Хар'ю, да іх далучыліся сяляне суседняга павета Ляянемаа, а праз тры месяцы эсты на востр. Саарэмаа (востр. Эзель). Насельніцтва гэтых рэгіёнаў мела вядучую ролю і ў мінулых паўстаннях. Пра ўдзел у Паўстанні насельніцтва іншых раёнаў з крыніц невядома, але паводле ўскосных сведчанняў да Паўстання далучыліся эсты з павета Віру, што ў дацкіх уладаннях, і паветаў Ярва і Вільяндымаа, што ва ўладаннях Ордэна. Такім чынам, Паўстанне ахапіла ўсю Эстонію за выняткам тэрыторыі Дэрпцкага біскупства на паўднёвым усходзе краіны.

Ход паўстання правіць

 
Руіны Пайдскага замка

Паўстанне пачалося па сігнале, запаленай хаце на адным з узгоркаў, як казалася ўжо вышэй, у павеце Хар'ю ў ноч 23.4.1343 г. (вясенні Юр'я). Адначасова паўсталі эсты ў мацерыковай частцы Ляянэ-Саарэмааскага біскупства, т.б. у павеце Ляянемаа. Маёнткі, малыя замкі, цэрквы і капліцы былі спаленыя, немцы, якія трапілі ў рукі паўстанцаў — забітыя, у знішчэнні немцаў, не гледзячы на пол і ўзрост, удзельнічалі і жанчыны. У Падзіскім кляштары былі забіты 28 манахаў. Затым эсты пачалі аблогу замка і горада Таліна, які быў важнейшым цэнтрам Эстоніі, тут паўсталыя чакалі падыходу на дапамогу шведскага войска. У аблозе прымала ўдзел звыш 10 тысяч чалавек, паводле НПЛ — 14 тысяч. У павеце Ляянемаа паўстанцы трымалі ў аблозе Хаапсалу. Немцы былі бяссільны, адно схаваліся па вялікіх замках, і звярнуліся па дапамогу да Ордэна. Гэты зварот быў на руку Ордэну, каб пад відам узнаўлення законнага парадку заняць Дацкую Эстонію, таму ландмайстр хутка адгукнуўся, пагатоў Ордэн мог непакоіць магчымы распаўсюд паўстання і на яго ўладанні.

Аднак, ордэнскія войскі былі заняты аблогай Ізборска, каб выйграць час ландмайстр прапанаваў паўстанцам перамовы. Ён прапанаваў кіраўнікам паўстання прыйсці на перамовы да 4 мая 1343 года ў ордэнскі замак Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), што побач з раёнам паўстання і быў важнай крэпасцю і фарпостам Ордэна на поўначы Эстоніі. Кіраўнікі паўстання прынялі гэту прапанову. Тым часам да поўначы ад Вейсенштэйна адбылася першая сутычка эстаў з атрадам мясцовага ордэнскага фогта, у баі эсты страцілі 300 чалавек забітымі.

Ландмайстр Бурхардт фон Дрэйлебен зняў аблогу Ізборска і разам з войскамі Ордэна, Дэрпцкага біскупства і Рыжскага архібускупства да 4 мая 1343 г. прыбыў у Вейсенштэйн. Да гэтага часу ў Вейсенштэйн прыбылі і 4 кіраўнікі паўстання толькі з 3 праважатымі, а таксама талінскі біскуп. Матывы гэтага неабачлівага кроку кіраўнікоў паўстання цяжка растлумачыць, магчыма, яны таксама цягнулі час, каб дачакацца шведскага дапаможнага войска. Таксама, верагодна, яны атрымалі ад ландмайстра гарантыю бяспекі.

На перамовах у Вейсенштэйне, ландмайстр запытаўся ў кіраўнікоў Паўстання, чаму бязлітасна забіта столькі немцаў, у т.л. малых і старых. Адзін з кіраўнікоў адказаў, што немцы так доўга і жорстка прыгняталі эстаў, што яны болей ужо не маглі цярпець. Тады ландмайстр запытаўся за што былі забіты манахі Падзіскага кляштара. Кіраўнікі адказалі, што і гэтыя манахі заслужылі смерці і наогул, кожны немец, хаця б і ростам у локаць, заслугоўвае смерці. Аднак пры гэтым, кіраўнікі Паўстання заявілі, што калі б ландмайстр навёў парадак і ўзяў эстаў пад сваю ўладу, то яны б згадзіліся яму падпарадкавацца, але немцаў яны цярпець больш не могуць (тут яны відаць мелі на ўвазе немцаў дацкіх-васалаў), хоць на праўдзе не хацелі б мець над сабою паноў. Гатоўнасць кіраўнікоў падпарадкавацца Ордэну выглядае дзіўна, магчыма, гэтым яны толькі хацелі пазбегнуць умяшання Ордэна ў хаду Паўстання. Ландмайтр, заявіўшы, што не можа пакінуць масавыя забойствы без пакарання, загадаў затрымаць кіраўнікоў Паўстання ў Вейсенштэйне, пакуль ён не пакарае паўстанцаў і не вернецца. Кіраўнікі паўстання абурыліся гэтым загадам, патрабавалі адпусціць і аказалі супраціўленне затрыманню, у баі былі пасечаны на кавалкі, паводле Гунеке-Рэнера.

Пасля гэтага, ландмайстр павёў войскі да абложанага паўсталымі Таліна. На шляху немцы мелі некалькі сутычак з атрадамі эстаў, высланымі насустрач з лагеру паўсталых пад Талінам. У адной з сутычак атрад эстаў колькасцю 1,5 тыс. быў цалкам знішчаны, шлях да Таліна быў адкрыты, 14 мая 1343 г. войскі магістра былі ўжо ў 1 мілі ад Таліна. Ландмайстру было вядома, што галоўная частка паўстанцаў стаяла на ўзгорку паміж возерам і балотам. Каб не даць эстам адступіць у балота, дзе цяжкаўзброенаму рыцарству будзе цяжка весці бой супраць пяхоты эстаў, ордэнскаму авангарду была пастаўленая задача адрэзаць паўсталых ад балота. У баі з ордэнскім авангардам эсты страцілі 3 тыс. забітымі, астатнія рассеяныя. Эсты пацярпелі пад Талінам поўную паразу. Верагодна, ролю мела і страта кіраўнікоў.

У лагер ландмайстра прыбылі дацкія ўраднікі з Талінскага замка, якія асцерагаліся прыбыцця прыбыцця запрошаных эстамі шведскіх войскаў і заключылі з ландмайстрам дагавор, паводле якога ўсе дацкія ўладанні ў паўночнай Эстоніі былі перададзены пад абарону Ордэна. У талінскім замку быў размешчаны ордэнскі гарнізон на чале зільяндзіскага комтура Г. фон Герыке, які быў прызначаны часовым штатгальтэрам дацкіх уладанняў у Эстоніі. Пакараўшы смерцю палонных эстаў, ландмайстр з войскам пайшоў у суседні павет Ляанемаа, дзе зняў аблогу з Хаапсалу і неўзабаве задушыў Паўстанне.

18 мая 1343 г. на талінскі рэйд прыбыў выбаргскі фогт Іаган Гатаесан, а 20 мая — абоскі фогт Дан Ніглісан, але было ўжо позна. Часовы штатгальтэр Г. фон Герыке перашкодзіў высадцы шведаў і паведаміў ім, што эсты разбітыя і дацкія ўладанні знаходзяцца пад абаронай Ордэна. Пасля перамоў, 21 мая Герыке і шведскія фогты дамовіліся пра перадачу канфлікту на суд шведскага і дацкага каралёў.

26 мая 1343 г. у Дэрпцкае біскупства ўварвалася пскоўскае войска, пскавічы дайшлі да біскупскага замка Одэмпэ, на злучэнне з імі ійшоў атрад эстаў, астаткі разбітых пад Талінам, колькасцю 3-5 тыс. чалавек. Пра гэты атрад эстаў паведамляе НПЛ. Пскоўскі напад у некаторай ступені адцягнуў сілы немцаў ад задушэння паўстання ў павеце Ляанемаа. Немцам удалося разбіць пскавічаў каля Одэмпэ да злучэння з эстамі, пскавічы змушаныя былі адступіць, злучэнне з эстамі адбылося праз некалькі дзён у ваколіцах памежнага біскупскага замка Вастсэлійна. Пры Вастсэлійне 1.6.1343 г. адбылася бітва пскавічоў і эстаў з немцамі, страты абедзвух бакоў былі вялікія. Пскавічы і эсты адступілі на Русь, у немцаў не было сіл гнацца за імі. Аднак гэты паход пскавічоў ужо нічога не мог зрабіць, бо лёс паўстання быў вырашыны 14 мая пад Талінам.

Вечарам, у дзень Св. Якава 24.7.1343 г., паўстане пачалося і на востр. Эзель (цяпер Саарэма), эсты адначасова перабілі ўсіх немцаў на востраве і пачалі аблогу замка Пёйдэ — адзінага ўмацавання немцаў на востраве. Пасля 8-дзённай аблогі нямецкі гарнізон капітуляваў пад гарантыю безперашкоднага выхаду са зброяй, канямі і ўласнымі рэчамі. Аднак на выхадзе эсты пазабівалі немцаў каменнем. Нямецкая ўлада, і самі немцы фізічна, на Эзелі перастала існаваць — паўстаўшыя былі ўпэўненыя, што да зімы, калі замерзнуць пралівы ім няма чаго баяцца з боку Ордэна, які не меў свайго флоту.

Карная аперацыя Ордэна правіць

Асабліва небяспечнымі кіраўніцтва Ордэна лічыла эстаў з Хар'ю, галоўных арганізатараў Паўстання. Лівонскі магістр Б. фон Дрэйлебен задумаў вынішчыць усіх эстаў, вялікі магістр Людольф Кёніг даў на гэта згоду і паслаў для гэтага з Прусіі ў Лівонію адборнае войска з 700 рыцараў на чале з дасведчаным кіраўніком, агульная колькасць войска магла складаць 2-4 тыс. Гэта самая буйная дапамога з Прусіі за ўсю гісторыю злучанага Ордэна.

З прыбылых у канцы верасня 1343 года прусакаў невялікая колькасць засталася ў Рызе, большая частка ўдзельнічала ў карных аперацыях супраць эстаў — адзін атрад быў размешчаны ў ордэнскім замку Фелін (цяпер Вільяндзі), другі — у замку Вейсенштэйн; трэці — у Таліне. Усім атрадам, паводле Віганда Марбургскага, была пастаўленая задача ў адзін дзень знішчыць эстаў, у т.л. жыхароў Хар'ю, астравіцян і наогул усіх «ворагаў веры». Такім чынам, знішчэнне эстаў было задумана Ордэнам у шырокіх маштабах.

Карная аперацыя ў Хар'ю была праведзеная ў 2-й пал. лістапада 1343 г. пад уласным кіраўніцтвам магістра Б. фон Дрэйлебена. Паводле Віганда, немцы знішчалі эстаў без разбору полу і ўзросту, забіралі маёмасць, палілі паселішчы. Эсты ў Хар'ю восенню 1343 г. не мелі ўжо сіл, каб аказаць актыўнае супраціўленне. Частка эстаў пакінула край, астатнія хаваліся па лясах і балотах. Да гэтага, хутка пачаўся голад, бо значная частка палёў з вясны была не засеяная. Аднак частка эстаў умацавалася на 2 гарадзішчах, якія немцам удалося ўзяць толькі пасля працяглай і крывавай аблогі, трапіўшыя ў палон эсты былі пакараныя смерцю.

Скончыўшы карную аперацыю на мацерыку, у сяр. лютага 1344 г. па лёдзе немцы пераправіліся на востр. Эзель. Немцы сабралі для гэтага вялікае войска, у т.л. дапамогу з Прусіі, ліваў, латгалаў і земгалаў, магчыма, агульнай колькасцю да 20 тыс. Для паходаў на астравы заўсёды збіралася значнае войска, бо час аперацыі быў абмежаваны перыядам замерзласці праліваў. Чакаючы немцаў, эсты на востраве пабудавалі моцную драўляную крэпасць, немцы, выпаліўшы наваколле, аблажылі яе. У дзень вырашальнага штурму немцы страцілі 500 чалавек, эсты — звыш 2000. Кіраўніка паўстання Весэ, які трапіў у палон, катавалі і павесілі. Нягледзечы на поспех, карная аперацыя на востраве не была завершаная, баючыся адлігі на пралівах, магістр адвёў войскі на мацярык.

Задушыць паўстанне на Эзелі немцы здолелі толькі наступным паходам, вясною 1345 г. Паход быў запланаваны адначасова з вялікім паходам прускіх немцаў на Літву, зноў былі сабраныя вялікія сілы, у т.л. нават мацярыковыя эсты. Цягам 8 дзён карнікі спусташалі Эзель. Паўстанцы прымушаныя былі здаць зброю, зрыць сваё ўмацаваннае гарадзішча і даць немцам закладнікаў. Адцягненне сіл Ордэна ў гэты паход, абмануўшы прускіх немцаў, скарыстаў вял.кн. Альгерд, які пры падтрымцы мясцовых жыхароў вынішчыў уладанні Ордэна на поўдні Лівоніі, а таксама ваколіцы Рыгі (гл. Лівонскі паход Альгерда).

Канчаткова задушыўшы паўстанне на Эзелі, немцы пачалі пабудову новых умацаванняў на востраве. Замест знішчага Пёйдэ жыхары абавязаныя былі пабудаваць на паўночным узбярэжжы новы замак пад назвай Зонебург (з ням. «замак у адплату»; цяпер Маасаліна), як памяць пра задушэнне паўстання. Таксама быў пабудаваны і біскупскі замак Арэнсбург (цяпер Курэсаарэ), які пазней стаў рэзідэнцыяй мясцовых біскупаў.

Вынікі правіць

 
Карта Лівоніі пасля продажу Даніяй Ордэну паветаў Хар'ю і Віру

Дацкі кароль Вальдэмар IV разумеў, што не мае сілы трымаць свае заморскія ўладанні ў Эстоніі, 29 жніўня 1346 г. ён прадаў Тэўтонскаму ордэну за 19 000 кёльнскіх марак свае эстонскія ўладанні — паветы Хар’ю і Віру. У 1347 г. Тэўтонскі ордэн перадаў гэтыя правінцыі Лівонскаму ордэну.

Паўстанне, карная аперацыя і пераход Хар'ю і Віру да Ордэна мелі значныя сацыяльна-палітычныя наступствы, як для васалаў, так і для сялян. Ордэн, у адрозненне дацкага караля, быў моцным і жорсткім гаспадаром. Падчас паўстання асабліва пацярпелі мелкія васалы, многія загінулі, астатнія ў выніку разарыліся і сышлі з маёнткаў у гарады або наогул з'ехалі з края. Такім чынам, колькасць феадалаў у Эстоніі значна зменшылася. Прэтэнзіі буйных феадалаў Ордэн жорстка перапыняў. З гэтых прычын, хутка феадальны стан у Эстоніі сацыяльна знівеліраваўся і згрупаваўся, стаўшы нават узорам для іншых рэгіёнаў Прыбалтыкі.

Тым часам, эсты зразумелі, што пакуль існуе Ордэн паўстанні марныя, хоць Паўстанне Юр'евай ночы заставалася ў памяці эстаў. Да гэтага дадаліся вялікія людскія страты, асабліва ў паўночных паветах і на Эзелі. Толькі ў павеце Хар'ю колькасць загінулых сялян перасягнула 30 тысяч, т.б. мясцовае эсцкае насельніцтва тут было цалкам вынішчана, у 1346 годзе гэты павет называецца краем спустошаным і незаселеным.

Літаратура правіць

  • История Эстонской ССР. Т. 1. С. 238—241.
  • Карамзин Н. М. История государства Российского Т.4. С.115-116.
  • Круус X. Народные восстания против немцев в Эстонии в 1343—1345 гг. // Исторический журнал. 1943. № 7. С. 37.