Польскае антысавецкае супраціўленне ў Заходняй Беларусі

Польскае антысавецкае супраціўленне ў Заходняй Беларусі — узброеная барацьба Арміі Краёва і іншых польскіх фарміраванняў у Заходняй Беларусі ў 1939—1954 гадах. Была абумоўлена імкненнем вярнуць край у склад Польшчы. Падпольны рух быў накіраваны супраць савецкай улады, а ў перыяд нямецкай акупацыі таксама нацыстаў і калабарацыяністаў. Для процідзеяння апошнім польскія нацыяналісты перыядычна супрацоўнічалі з прасавецкімі партызанамі. Разам з тым меліся і выпадкі сумесных дзеянняў падполля з немцамі супраць «чырвоных». Удзельнікі руху таксама змагаліся супраць літоўскіх, беларускіх, украінскіх нацыяналістаў[1].

Польскае падполле Заходняй Беларусі дзейнічала ў кантэксце польска-беларускага міжэтнічнага канфлікту і пасляваеннага антыкамуністычнага руху ў Польшчы.

Кантэкст правіць

Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, якія завяршыў польска-савецкую вайну, Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. У верасні 1939 года, згодна з Пактам Молатава — Рыбентропа, Трэці Рэйх і СССР падзялілі польскую тэрыторыю. БССР была пашырана за кошт усходніх крэсаў. Мясцовае беларускае насельніцтва станоўча сустрэла далучэнне да савецкай дзяржавы і ўз’яднанне з Усходняй Беларуссю. Палякі, якія былі абураныя знішчэннем сваёй краіны, пачалі ўспрымаць беларусаў як саюзнікаў СССР. Дэклараваная барацьба з савецкай акупацыяй прыняла з часам антыбеларускі характар[2]. Савецкая палітыка, накіраваная на дэпаланізацыю, нацыяналізацыю ўласнасці, пераслед рэлігіі, якая закранула ў першую чаргу польскае насельніцтва, выклікала нярэдка яго супраціў, якое прымала розныя формы: ад сабатажу мерапрыемстваў уладаў да ўзброеных выступленняў[3].

Апорай руху выступала мясцовае польскае насельніцтва. Так, на 1 верасня 1939 года ў рэгіёне пражывала 1 485 000 палякаў (38 % насельніцтва). Аднак у падпольныя структуры былі таксама ўцягнутыя беларусы, яўрэі, літоўцы[4].

Пачатковы перыяд (1939—1941) правіць

У краі практычна ва ўсіх буйных гарадах, раённых цэнтрах і невялікіх населеных пунктах сфармаваліся польскія падпольныя арганізацыі, групы і гурткі, якія аб’ядноўвалі палітычных дзеячаў, прафесійных вайскоўцаў, інтэлігенцыю, вучнёўскую моладзь. У асноўным яны ўтвараліся па ініцыятыве знізу. З зімы 1940 года[1] на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічаў абшар Саюза ўзброенай барацьбы (СУБ) № 2 з цэнтрам у г. Беласток, а таксама самастойная Віленская акруга. Ён уключаў у сябе 3 акругі: Беластоцкую, Навагрудскую і Палескую. Акругі ў сваю чаргу дзяліліся на абводы. Беластоцкая і Віленская акругі былі ўтвораны ўжо ўвосень 1939. З вясны 1940 года галоўным камандаваннем СУБ пачалася арганізацыя Навагрудскай і Палескай акруг. Для стварэння структур мясцовай канспірацыі ў рэгіён з цэнтральнай Польшчы прыбывалі эмісары. Агульная колькасць членаў арганізацыі магла дасягаць ад 8 да 10 тысяч чалавек. Камандаваннем Віленскай акругі выдавалася газета «Польшча ў барацьбе», тыраж якой у пачатку 1941 года дасягаў 1,5 тыс. асобнікаў[3].

Іншай буйной арганізацыяй у Заходняй Беларусі, самастойна дзеючай ужо з кастрычніка 1939 года, з’яўлялася Польская ваенная арганізацыя (ПВА)[3]. У Аўгустоўскім раёне дзейнічаў «Легіён смерці», арганізаваны былымі гімназістамі. Яны склалі спісы савецкіх актывістаў з мэтай іх наступнай ліквідацыі[5].

З восені 1939 года ствараліся партызанскія атрады. Першапачаткова яны фармаваліся з вайскоўцаў разгромленага Войска Польскага. Пазней у іх уступалі мясцовыя жыхары, якія хаваліся ад арыштаў і дэпартацый, а таксама ад прызыву ў Чырвоную Армію. Большая частка партызанскіх фарміраванняў дзейнічала ў Беластоцкай і Баранавіцкай абласцях. На працягу 1940 года савецкія функцыянеры пастаянна паведамлялі аб праявах «актыўнасці контррэвалюцыйных элементаў», «паспяховай дзейнасці польскай агентуры» ў заходнебеларускіх абласцях. Здзяйсняліся напады на прадстаўнікоў савецкай улады, мясцовых актывістаў і міліцыю. З кастрычніка 1939 па жнівень 1940 удзельнікамі польскіх арганізацый было здзейснена 93 тэрарыстычных акту, пры якіх забіта 54 і паранена 39 чалавек. У адказ у Беластоцкай і Баранавіцкай абласцях у маі 1940 гады былі дадаткова ўтвораны спецыяльныя аддзелы па барацьбе з бандытызмам. За перыяд 1939 — першы квартал 1941 года ў заходніх абласцях БССР было ліквідавана 188 арганізацый і груп, арыштавана 6104 іх удзельніка[3].

Пры нямецкай акупацыі (1941—1944) правіць

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны колькасць байцоў Беластоцкай акругі дасягала 5000 чалавек, Палескай — 3500, Навагрудскай — 8000 чал, з якіх 40% былі беларусамі-каталікамі[6], Віленскай — 9000[7]. Ствараюцца «Сялянскія батальёны» палітычнай партыі «Stronnictwo Ludowe». У Беластоцкай вобласці ў жніўні 1942 года была ўтворана VII акруга, колькасць якой да ліпеня 1944 года складала прыкладна 1500[8].

Узаемаадносіны з «чырвонымі» правіць

Адносіны з савецкімі сіламі ў палякаў складвалася па рознаму.

Улетку 1941 года фіксаваліся выпадкі нападаў польскіх атрадаў на адступаючыя часці Чырвонай Арміі, мелі месца расправы над партыйна-савецкім кіраўніцтвам. Падобныя інцыдэнты адзначаны ў Нясвіжскім, Лунінецкім, Пінскім раёнах[5].

Вясной 1943 года атрады Навагрудскай акругі ўсталявалі сувязь з чырвонымі партызанамі. У Нарачанскай партызанскай зоне быў усталяваны кантакт паміж польскім атрадам Бужынскага (Кміцэц) і савецкім атрадам Маркава. У чэрвені 300 байцоў Арміі Краёвы (АК, «акаўцы») пад камандаваннем Мілашэўскага сумесна з савецкай партызанскай брыгадай імя Чкалава пад камандаваннем Рыгора Сідорка прымалі ўдзел у баях супраць немцаў. У ліпені—жніўні таго ж года гэтыя атрады зноў змагаліся супраць нямецкіх войскаў і паліцыі ў Налібоцкай пушчы[6].

З вясны 1943 года сталі таксама фіксавацца сутыкненні. За май 1943—ліпень 1944 г. тут адбылося 224 бою «акаўцаў» з савецкімі партызанамі, страты якіх склалі каля 400 забітымі і больш за 120 параненымі, акрамя таго, байцы АК расстралялі за супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі каля 250 чалавек. Часта «акаўцы» нападалі на дыверсійныя групы савецкіх партызан-падрыўнікоў у раёнах чыгуначных камунікацый[9].

Увосень 1943 года адносіны паміж двума лагерамі яшчэ больш абвастрыліся. Палякам сталі вядомыя планы савецкага кіраўніцтва, якія прадугледжвалі раззбраенне іх атрадаў пасля заняцця тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкай арміяй. У лістападзе кавалерыйскі раз’езд пад камандаваннем Здзіслава Нуркевіча ў раёне Нарачы расстраляў групу савецкіх партызан пад камандаваннем Зорына, якія рабавалі касцёл. У снежні савецкім партызанам з атрада Маркава ўдалося дастаць польскую падпольную газету «Непадлегласць», якая паведамляе пра расстрэл польскіх афіцэраў у Катынскім лесе, што разглядалася як антысавецкая прапаганда. У адказ савецкія атрады прынялі рашэнне раззброіць атрад «Кміцэца» (400 чал.) і адпомсціць за Зорына. У канцы снежня палякі былі раззброеныя, а іх камандзір і шэраг іншых афіцэраў расстраляныя. Радавы склад быў уключаны ў польскую партызанскую брыгаду, якая дзейнічала разам з савецкімі партызанамі і падпарадкоўвалася распараджэнням Беларускага штаба партызанскага руху. Часткі афіцэраў удалося ўцячы. На кантакт з імі выйшлі прадстаўнікі германскага камандавання і прапанавалі ім нейтралітэт і дапамогу ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Частка палякаў адмовілася ад нямецкай прапановы, спаслаўшыся на адсутнасць дырэктыў Галоўнага камандавання. Тыя ж, хто пагадзіўся супрацоўнічаць, заключылі перамір’е і ўжо ў канцы снежня атрымалі зброю[10].

На фоне канфлікту з савецкім бокам польскае падполле з канца 1943 года разгарнула тэрор супраць прасавецкі настроеных мірных жыхароў. За люты—красавік 1944 у Лідскім раёне Армія Краёва знішчыла некалькі тысяч чалавек, у тым ліку 450 жыхароў вёскі Беліца. 24 і 25 лютага 1944 года польскімі легіянерамі былі спалены вёскі Турэйск і Забор’е Жалудоцкага раёна. Усяго згарэла больш за 350 дамоў[11].

Узаемаадносіны з немцамі правіць

Першапачаткова пасады ў мясцовым акупацыйным апараце кіравання ў генеральнай акрузе Беларусь займалі палякі. Яны прымалі актыўны ўдзел у працы гарадскіх, раённых, валасных, павятовых упраў, станавіліся старастамі, солтысамі і войтамі[5]. На ранніх этапах узброеныя акцыі супраць немцаў не праводзіліся. Аднак з пачатку 1942 і па другую палову 1943 года польскія нацыяналісты ажыццявілі немалую колькасць нападаў на акупантаў. У Навагрудскім раёне яны здзейснілі звыш 100 аперацый. У шэрагу з іх ставілася задача па вызваленні з турмаў членам падполля. Падобныя місіі ажыццёўлены ў 1943 годзе ў гарадах Пінск, Іўе, Івянец (гл. Івянецкае паўстанне). Іншыя былі накіраваны супраць беларускіх калабарацыяністаў, як, напрыклад, напад на гарнізон у Жодзішках у 1942 годзе[12].

У сувязі з канфліктам з савецкімі сіламі палякі сталі супрацоўнічаць з немцамі. 9 студзеня 1944 года атрад нямецкіх вайскоўцаў колькасцю да 50 чалавек увайшоў у вёску Чарчонава (Маладзечанскі раён), каб перадаць польскім легіянерам зброю і боепрыпасы. У гэты ж час з турмаў у Лідзе і Ганцавічах былі вызваленыя ўдзельнікі польскага падполля. Немцы планавалі выкарыстоўваць іх для барацьбы з «чырвонымі». У маі адна з груп нацыяналістаў сумесна з нацыстамі вяла баі супраць савецкіх партызан[13].

Пасля вызвалення Беларусі (1944—1954) правіць

Пасля вызваленне Беларусі летам 1944 года польскае падполле разгарнула актыўную працу па супрацьдзеянні і зрыву мерапрыемстваў па аднаўленні савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі. Байцы руху арганізоўвалі выбухі чыгуначных шляхоў, абстрэлы эшалонаў, напады на тылавыя часці і ваенныя склады, праводзілі тэрор у дачыненні да мясцовага насельніцтва, забойствы вайскоўцаў, міліцыянтаў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, прыхільнікаў савецкай улады[14].

У 1944 годзе польскі рух актыўнічаў галоўным чынам у раёнах н. п. Радунь, Ліда, Воранава, Васілішкі і іншых месцах. Узброеныя фармаванні запалохвалі насельніцтва і пагражалі тэрорам у дачыненні да тых, хто будзе ўдзельнічаць у працы савецкіх устаноў, і тых, хто пойдзе ў ваенкаматы, на прызыўныя пункты. Этнічныя палякі адмаўляліся прызнаваць савецкую ўладу, не з’яўляліся на прызыўныя пункты і сыходзілі ў лясы. З’явіліся буйныя атрады польскіх легіянераў, якія налічваюць ад 50 да 200 узброеных чалавек[15]. Толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці налічвалася каля 70 груп агульнай колькасцю каля 3000 байцоў[16].

У 1944—1945 гадах іх актыўнасць адзначалася ў Астравецкім, Свірскім, Лідскім, Гродзенскім раёнах. У сувязі з тэрорам ЦК КП (б)Б абавязаў НКДБ і НКУС узмацніць барацьбу з антысавецкай дзейнасцю, а таксама размясціць дадатковыя воінскія часці ў райцэнтрах Маладзечанскай, Баранавіцкай, Гродзенскай абласцей[17].

На перыяд 1944—1950 гадоў прыпадае пік актыўнасці руху[18].

Апошнія польскія атрады дзейнічалі ў беларускіх лясах да 1954 года[2][14]. Ва ўмовах Халоднай вайны асобныя з іх былі звязаны са спецслужбамі замежных дзяржаў (ідэалагічна, маральна, матэрыяльна — забяспечваліся зброяй, боепрыпасамі, сродкамі сувязі, грашыма)[19].

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

  1. а б Вовк 2005, с. 196.
  2. а б Маркелов 2017, с. 48.
  3. а б в г Барабаш, В.В. Деятельность польского антисоветского сопротивления на территории Западной Беларуси в 1939 - 1941 гг // Вестник Полесского государственного университета. Серия общественных и гуманитарных наук : журнал. — 2010.
  4. Бенда 2020, с. 56—57.
  5. а б в Бенда 2020, с. 57.
  6. а б Вовк 2005, с. 197.
  7. Вовк 2005, с. 298.
  8. Бенда 2020, с. 58.
  9. Бенда 2020, с. 63.
  10. Вовк 2005, с. 197—198.
  11. Бенда 2020, с. 67—68.
  12. Бенда 2020, с. 60—61.
  13. Бенда 2020, с. 67—69.
  14. а б Бенда 2020, с. 70.
  15. Бенда 2020, с. 70—71.
  16. Бенда 2020, с. 72.
  17. Великий А.Ф., Ставропольский альманах Российского общества интеллектуальной истории: вып. 6 (специальный): материалы международного научного семинара «Своё» и «Чужое» в исследовательском поле «истории пограничных областей», Пятигорск, 16-18 апреля 2004 г. – Ставрополь: Изд-во СГУ, 2004 – С.146-154.
  18. Маркелов 2017, с. 39.
  19. Краско, Г. Г. Причины и особенности организационного развития советских органов государственной безопасности в 1946-1947 гг. (на примере Белорусской ССР) // Ученые записки. Электронный научный журнал Курского государственного университета. — 2017. — № 3 (43).

Літаратура правіць