Прасцейшыя (Protozoa) — царства[1] жывых арганізмаў групы эўкарыёт (паводле іншых класіфікацый належаць да царства пратыстаў[2]). Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл.

Прасцейшыя

Leishmania donovani у клетцы касцявога мозга
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Protozoa R.Owen, 1858

Даччыныя таксоны

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  630577
EOL  4651
MB  99001
FW  71297

Апісанне правіць

Вядома некалькі дзясяткаў тысяч відаў. Падзяляюца на 5 (па іншых класіфікацыях да 9) тыпаў:[3]

Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. На Беларусі найбольш трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.

Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некаторых буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш. арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арганічнымі рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія прасцейшыя пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты.

З'яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Некаторыя паразітычныя прасцейшыя выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і іншыя шырока выкарыстоўваюцца ў біяфізічных, генетычных, цыталагічных і іншых даследаваннях. Прасцейшыя — важная састаўная частка кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў.

Навука, якая вывучае прасцейшых, называецца протазаалогія.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. R.Owen (1858), Cavalier-Smith (2010), Ruggiero et al. (2015)
  2. Haeckel (1866), Corliss (1984), Karpov (1990)
  3. БЭ ў 18 т. Т. 13. Мн., 2001.

Літаратура правіць

  • Прасцейшыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13). С. 21—22.
  • Серавин Л.Н. Простейшие... Что это такое? М., Л., 1984.
  • Жизнь животных. Т. 1. 2-е изд. М., 1987.
  • Xадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.