Прыватныя ваенныя кампаніі ў Афганскай вайне

спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя

Падчас Афганскай вайны 2001—2021 гадоў у падтрымку ISAF і афганскіх сілавікоў прыцягваліся прыватныя ваенныя кампаніі (ПВК). Кантрактнікі займаліся разнастайнай дзейнасцю, пачынаючы ад узброенай аховы, заканчваючы мерапрыемствамі па аднаўленні.

Гісторыя правіць

Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года і пачатку вайны супраць міжнароднага тэрарызму попыт на паслугі ваенных кампаній вырас. Самымі галоўнымі іх кліентамі сталі Дзярждэпартамент ЗША, Пентагон і ЦРУ, якім былі неабходныя ў вялікай колькасці целаахоўнікі, перакладчыкі, IT-спецыялісты, спецыялісты па кіраванні складанымі сістэмамі ўзбраенняў, аналітыкі, палявыя аператыўнікі і звычайныя ахоўнікі. Часу на падрыхтоўку не было, таму іх сталі скупляць у прыватнікаў[1].

Удзел ПВК у вайне ў Афганістане быў значным ужо на пачатковым этапе[1]. Гісторык і ваенны карэспандэнт Іван Канавалаў  (руск.) адзначаў, што менавіта тут кантрактнікі ўпершыню масава апынуліся на адной тэрыторыі, і гэтая масавасць зрабіла іх публічнымі. Феномен найміцкіх фірм перастаў быць прадметам дыскусій толькі ваенных і палітычных экспертаў або журналісцкіх расследаванняў. У заходнім грамадстве пачало расці разуменне таго, што сфарміраваны зусім асаблівы сегмент сусветнага бізнесу, які да таго ж стаў неад’емнай часткай сучаснай вайны[2].

Афіцыйнае кіраўніцтва краіны ставілася да наёмнікаў скептычна. Кожная спроба Афганістана скараціць колькасць прыватнікаў сустракала супрацьдзеянне з боку ЗША. Так, у жніўні 2010 года быў выдадзены дакумент «Дэкрэт 62» аб абмежаванні дзейнасці замежных ПВК і расфармаванні шэрагу з іх. Згодна з гэтым распараджэннем пасля сакавіка 2012 года персанал кампаній нельга прыцягваць да забеспячэння бяспекі ў рамках праграм рэканструкцыі і аднаўлення, а з сакавіка 2013-га — і да забеспячэння бяспекі ліній камунікацый і перавозак грузаў. Меркавалася замест гэтай структуры стварыць сілы грамадскай бяспекі Афганістана. Па пагадненні, заключаным камандаваннем міжнародных сіл садзейнічання бяспекі з афганістанскім урадам, выкарыстанне замежных ПВК для забеспячэння бяспекі важных асоб павінна было быць спынена з канца 2012 года, а іх функцыя па ахове павінна была перайсці да сіл грамадскай бяспекі Афганістана[3].

Дзейнасць правіць

Да праграмы падрыхтоўкі афганскай арміі і паліцыі былі прыцягнуты кампаніі MPRI, DynCorp International і Pacific Architects and Engineers Inc. Навучанне памежнікаў ажыццяўляла FEDSYS. Асноўныя намаганні былі сканцэнтраваны на фарміраванні і трэніроўках злучэнняў батальённага ўзроўню[4]. Кантрактнікі таксама ўдзельнічалі ў пошуках бен Ладэна. Сярод іх былі MPRI, Sandline, Control Risk Group, Chilport, Golan Group, Beni Tal і іншыя[5].

Кампанія Blackwater атрымала кантракт на ахову супрацоўнікаў ЦРУ, якія пачалі ствараць разведвальную сетку ў Афганістане. Aten International абслугоўвала дзве галоўныя кампутарныя сістэмы абмену інфармацыяй войскаў кааліцыі, а таксама мабільныя кампутарныя сімулятары бою ў гарадскіх умовах для падрыхтоўкі афганскіх вайскоўцаў. Contrac International будавала вайсковыя базы ў Кабуле і іншых гарадах, Ronco трэніравала афганскіх сапёраў. KBR пабудавала будынак амерыканскага пасольства і атрымала кантракты па забеспячэнні амерыканскіх войск, у той час як за забяспячэнне канадскіх сіл адказвала PA&E. Галоўнымі пастаўшчыкамі перакладчыкаў для арміі і спецслужбаў стала Lockheed Martin. Да барацьбы з вытворчасцю і кантрабандай наркотыкаў прыцягваліся байцы Us Protection & Investigations[6].

Развіваўся і рынак паслуг ваенных медыкаў, якія прадстаўлялі медыцынскіх работнікаў для суправаджэння груп і груп стацыянарнай аховы (International SOS, Exmed UK, CHS Middle East, RMSI Medical Solutions і іншыя). Вялікія фінансавыя ўліванні былі зробленыя Дзярждэпам ЗША ў праграму падрыхтоўкі сіл спецыяльнага прызначэння Узброеных Сіл Афганістана. Гэтым, у прыватнасці, займаліся кампаніі MPRI, Engility, O’Gara Group, NEK Advanced Securities Group, SOS International, K2 Solutions Inc., Strategic Solutions Unlimited, ТАА, Zebra Tactical Solutions і іншыя. Іх праграмы падрыхтоўкі былі нядоўгімі і не занадта інтэнсіўнымі. У цэлым яны зводзіліся да прыцягнення і фінансавання мясцовых узброеных груповак, якія пасля кароткатэрміновых курсаў уключаліся ў барацьбу з паўстанцамі. Некаторыя кампаніі спецыялізаваліся на вядзенні разведвальнай дзейнасці ў інтарэсах ЦРУ і Пентагона і дапаможных паслугах (SIG Overview, Black Ice Security, Jellyfish Intel Inc., Praemittias Systems LLC і Intelligence Consulting Enterprise Solutions, Inc)[7].

Фірма Westextactical, якая мела верталёты Мі-2  (руск.), займалася паветранымі перавозкамі, эвакуацыямі і пошукамі[4].

Крытыка правіць

Як пісаў Канавалаў, усе буйныя ПВК так ці інакш былі ўцягнуты ў карупцыйныя схемы, паколькі наёмнікі працавалі ў інтарэсах транснацыянальных карпарацый, якія дзейнічалі ва ўмовах традыцыйнай для гэтай краіны складанай сістэмай карупцыйных адносін[8].

Кандыдат ваенных навук Мікалай Башкіраў адзначаў, што маштабнае выкарыстанне ПВК падрывала стабільнасць у Афганістане і аўтарытэт урада. Бескантрольнасць, адсутнасць выразных міжнародна-прававых асноў дзеянняў прыватнікаў, а таксама злачынствы з боку наймітаў наносілі шкоду іміджу краіны, настройвалі супраць кантрактнікаў мясцовыя абшчыны і падрывалі давер да мер, якія ажыццяўляліся амерыканскімі ўладамі[3].

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

Літаратура правіць