Пчаліны воск — тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі меданосных пчол і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў.

Пчаліны воск

Воск выдзяляецца з арганізма пчалы ў вадкім стане, ён гусне на паверхні васковых люстэрачкаў у выглядзе пласцінак. Толькі што выдзелены пчаліны воск белы, пасля ад пропалісападобных рэчываў набывае жоўтую афарбоўку.

Хімічны састаў воску складаны. У ім каля 50 хімічных злучэнняў, якія можна падзяліць на тры групы: свабодныя тлустыя кіслоты (13—15 %), складаныя эфіры (70—75 %), гранічныя вуглевадароды (12—15 %), вітамін А, мінеральныя солі, смолы, раслінныя пігменты і інш. У састаў воску ўваходзяць фарбавальныя рэчывы, ад якіх залежыць колер, а таксама араматычныя рэчывы, што трапляюць у воск з мёду і пяргі і надаюць яму своеасаблівы пах. Тэмпература плаўлення 60—65 °С. Шчыльнасць 950—970 кг/м³. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арганічных растваральніках. Воск  мае высокія бактэрыцыдныя ўласцівасці, якія не губляюцца нават пасля тэрмічнай апрацоўкі.[1]

Большую частку воску атрымліваюць, вытопліваючы яго з выбракаваных старых, пашкоджаных і сапсаваных сотаў, якія называюць сушшу. Пэўную колькасць воску дае ператопка вечкаў ячэек, васковых абрэзкаў, "язычкоў", смецця са дна вулляў, у якім ёсць воск. Такі воск называюць пчальніковым. Воск, атрыманы пры заводскай перапрацоўцы пчальніковых вытапкаў, мярвы, называюць вытворчым. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светлажоўты воск.

Вашчына

Акрамя прыгатавання вашчыны, на якую ідзе асноўная колькасць воску, ён шырока выкарыстоўваецца ў прамысловасці, уваходзіць у састаў лыжнай мазі, масцікі для прышчэплівання дрэў, цэменту для склейвання мармуру і гіпсу, алоўкаў для малявання на шкле і інш. Шырока выкарыстоўваюць воск у касметыцы ў складзе пажыўных, вяжучых, ачышчальных, адбельных крэмаў, памад, розных іншых касметычных прэпаратаў. Робяць з яго і свечкі.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 4. — 599 с. — 10 000 экз.
  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал М. А. Ткачоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 736 с.: іл. ISBN 3-85700-079-3