Пётр Бурэц (прыблізна 1860, вёска Асінаўка, Дзісенскі павет, Глыбоцкі раён — прыблізна 1940, Асінаўка) — дудар.

Пётр Бурэц
Дата нараджэння каля 1860
Месца нараджэння
Дата смерці каля 1940
Месца смерці
Месца пахавання
Музычная дзейнасць
Прафесіі дудар
Інструменты беларуская дуда

Дудар з Глыбоччыны інфармацыю пра якога выявіў музыкант і даследчык Зміцер Сасноўскі, падчас эспедыцыі 2007 года. Інфарматарамі сталі жыхары вёскі Асінаўка — Мікола Караткевіч (1932 г.н. — каля 2011), вучань Пятра Бурца, жонка Міколы Караткевіча — Эмілія Караткевіч 1924 г.н. і Васіль Радзюш (цымбаліст-віртуоз з вёскі Івесь Глыбоцкага раёна 1928 г.н.)[1].

Па словах інфарматараў Пётар Бурэц быў культурнай знакамітасцю ўсёй ваколіцы[2]. Заўсёды меў пры сабе вялікі запас чаратовых пішчыкаў. Граў на дудзе з вялікім мехам. Падчас грання спяваў прыпеўкі. Меў прыгожы голас. Слухаць дудара прыходзілі цэлымі вёскамі. Пётр Бурэц ладзіў канцэрты каля сваёй хаты. Паслухаць дудара прыходзілі, між іншым, польскія жаўнеры з пагранічнай заставы (стражніцы). Польская стражніца была ў Асінаўцы — KOP «Osinówka» і існавала з 1925 да 1939 года.

Успаміны пра Пятра Бурца былі запісаныя падчас экспедыцый 2007 і 2011 гадоў. У першай экспедыцыі ўдзельнічалі Зміцер Сасноўскі, Андрэй Апановіч і Алег Белавусаў. Па словах даследчыкаў Міколу Караткевіча можна лічыць апошнім вясковым дударом[3].

Адным са сваякоў дудара быў Аркадзь Бурэц, цымбаліст з Івесі (хутчэй за ўсё пляменнік дудара). Аркадзь Бурэц іграў у капэлі народных музыкаў з Івесі, у якой граў на змену з цымбалістам Васілём Радзюшам, паміж 1960-мі і 1980-мі гадамі.

У газеце «Dziennik Urzędowy» (Віленскі аддзел) у выданні 1925 года, у раздзеле пра згубленыя пашпарты і іншыя дакументы ёсць нататка: «Пётр Бурэц — в. Асінаўка, гм. Празарокі. Згубіў пропуск жоўтага колеру выдадзены 9-V 1922 г. Дзісенскім старастам.» Пропуск жоўтага колеру быў звязаны з перасоўваннем у памежнай зоне. Жоўты пропуск быў пастаянны; белы — часовы, зялёны — для гаспадарчых мэтаў.   

Вядомае месца пахавання Пятра Бурца. Гэта мясцовыя могілкі ў вёсцы Асінаўка. Дудар пахаваны ў адной магіле з жонкай Паўлінай. Гады нараджэння і смерці не ўказаныя[4].

Дудару быў прысвечаны адзін з фэстаў «Дударскі рэй» (2019 год).

Зноскі